weather 19° Маладзечна
weather 19° Вілейка
weather 25° Смаргонь
weather 19° Ашмяны
weather 21° Валожын
weather 19° Мядзел
weather 25° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3272
1 долар 1.9984
100 рас.руб. 3.1481
05.07.2016 09:35 ,

Футбаліста “Ашмянаў” моцна збілі, затрымліваючы нібыта за арганізацыю дамоўленага матча

Фота: news.21.by.

23-гадовага футбаліста Сяргея Булынянка 2 ліпеня збілі пасля матчу 11-га тура першай лігі чэмпіянату Беларусі паміж камандамі “Ашмяны”-“Прамень” (Мінск).

Паўабаронца ў мінулым сезоне дапамагаў “Крумкачам” здабываць тур у вышэйшую лігу.

Цяпер выхаванец школы менскага “Тарпеда” знаходзіцца ў аддзяленні нейрахірургіі ў сталічнай лякарні хуткай дапамогі на вуліцы Кіжаватава. Сёння спартоўцу сказалі, што яму спатрэбіцца аперацыя.

Фота udf.by.

Фота udf.by.

Сам футбаліст пра свае прыгоды пасля шараговай суботняй гульні распавёў наступнае:

– Пазаўчора ў нас быў матч з мінскім “Праменем”. Пасля гульні ехалі дадому, у аўто былі я і яшчэ чатыры чалавекі. І калі ад’ехалі недалёка ад Ашмянаў, нас спынілі два аўтамабілі. Адзін падрэзаў злева, другі быў ззаду. Выскачылі пяцёра моцных узброеных хлопцаў у масках і пачалі нас выкідаць з салона.

І калі астатніх проста паклалі тварам на асфальт, рукі за галаву, то мяне ўдарылі па твары, хоць супраціву я не аказваў. Потым сталі пытацца ва ўсіх імя і прозвішча. Калі паднялі мяне, запыталі: “Ты ў курсе, што гэта такое?”. Адказаў: “Не, не ў курсе”.

“Вы цяпер згулялі дамоўлены матч, – кажуць. – Мы бачылі вашу каманду напярэдадні вечарам у парку, дзе вы размаўлялі з літоўцам з нагоды выніку матчу з “Праменем”. Ты сапраўды там быў, мы вас бачылі!”.

Але Сяргей сцвярджае, што ў той вечар быў з сябрамі і ні пра якіх літоўцаў нічога не ведае. Ён кажа, што знаходзіўся ў стане шоку, нічога не разумеў, хто гэта такія, і што яны збіраюцца з намі рабіць, было рэальна страшна за сваё жыццё. І калі яго паставілі перад камерай, то сказаў усё, што ад яго патрабавалі: “Так, я там быў”, і іншае трызненне ў такім ключы”.

– Потым нас пасадзілі ў розныя машыны, мяне павезлі ў пастарунак у барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй у Мінску і Мінскай вобласці. Здаецца, так гэта называлася, гэта ў раёне вуліцы Рэвалюцыйнай, непадалёк ад кавярні “Закон бутэрброда”. І тады мне стала спакайней, зразумеў, што знаходжуся ў сценах дзяржаўнай установы.

Пачаўся допыт, і я сказаў на камеру тое, што і падчас захопу, бо баяўся за сваё жыццё. І распавёў праўду – пра тое, што ў ніякіх сустрэчах з літоўцам з нагоды дамоўных матчаў не ўдзельнічаў і нічога пра гэта не ведаю. Сказаў, што быў у горадзе з сябрамі. А калі б такія размовы вяліся, то не ўдзельнічаў бы ў такім матчы, а проста сабраўся і з’ехаў бы ў Мінск. Таму што для мяне ўдзел у такіх справах непрымальны.

Яны ўсё гэта запісалі ў пратаколе і запыталіся ў мяне: “Ты разумееш, што калі нахлусіў, то цябе чакае пакаранне?”. Але я сказаў праўду, маё сумленне чыстае.

Адпусцілі Сяргея, паводле ягоных слоў, каля гадзіны ночы. З братам яны ездзілі па паліклініках і лякарнях. У выніку ў футбаліста дыягнаставалі зрушэнне сківіцы, пералом скулы і костачкі пад вокам.

– Сказалі, што блізу двух тыдняў трэба лячыцца ў лякарні. Астатніх хлопцаў таксама дапытвалі, пасля чаго адпусцілі. Але, на шчасце, іх пры затрыманні так не збілі, расказаў футбаліст.

Бацькі Сяргея Булынянка паехалі даведацца, што адбылося. Выявілася, былі затрыманыя яшчэ людзі з футбольнага клуба “Прамень”. Нібыта нейкі літовец некаму з гульцоў нейкія грошы перадаваў, вядзецца расследаванне.

– Што далей? Пакуль дакладна нічога не ведаю. Сказалі, што вядзецца расследаванне і што з’явіліся нейкія вынікі. А што тычыцца збіцця пры затрыманні, то растлумачылі, што не могуць кантраляваць гэтую групу захопу, якую наймаюць. Маўляў, гэтыя хлопцы пры затрыманні дзейнічаюць на сваё меркаванне, – распавёў Сяргей Булынянок.

Адзначым, што матч паміж “Ашмянамі” і “Праменем” скончыўся ўнічыю – 3:3. Прычым падчас сустрэчы “Ашмяны” двойчы вялі з розніцай у два мячы (2:0, 3:1), але не ўтрымалі перамогу, прапусціўшы трэці гол на 82-й хвіліне з пенальці.

“Ашмяны” займаюць апошняе месца ў першай лізе, а “Прамень” да візіту да аўтсайдару размяшчаўся на 3-м радку, але пасля нічыёй споўз на 4-ю пазіцыю.

Дарэчы, збіты сілавікамі пры затрыманні і абвінавачаны імі ва ўдзеле ў дамове Сяргей Булынянок выйшаў у гэтым матчы на замену на апошняй 90-й хвіліне пры ліку 3:3, які потым не змяніўся.

Са словаў футбаліста, раней ён звярнуўся да клуба з просьбай скасаваць кантракт, але ў “Ашмянах” яго папрасілі дагуляць да фінішу першага кола. Як адзначыў паўабаронца, ён паведаміў у клуб пра свае праблемы і там усе знаходзяцца ў замяшанні.

Журналісты датэлефанаваліся ў ФК “Ашмяны”, але прэс-служба ад каментароў пакуль устрымалася.

З просьбай пацвердзіць інфармацыю аб збіцці футбаліста Сяргея Булынянка, аб затрыманні прадстаўнікоў менскага клуба “Прамень”, а таксама пракаментаваць правамернасць дзеянняў сілавікоў мы звярнуліся ў прэс-службу МУС.

Што тычыцца інфармацыі з нагоды футбаліста “Ашмянаў”, то ім была напісаная заява. Паводле факта гэтай заявы праводзіцца праверка. І яе вынікі будуць намі абавязкова апублікаваныя. Паводле вынікаў гэтай праверкі будуць вызначаныя правамернасць затрымання і дзеянняў супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія праводзілі затрыманне. З нагоды затрымання прадстаўнікоў клуба “Прамень” інфармацыя будзе размешчаная на афіцыйным сайце МУС у найбліжэйшы час, – растлумачыў намеснік начальніка прэс-службы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Георгій Еўчар.

«Наша Ніва» паводле

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце