weather 10° Маладзечна
weather 10° Вілейка
weather 8° Смаргонь
weather 10° Ашмяны
weather 7° Валожын
weather 10° Мядзел
weather 8° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4279
1 долар 2.1098
100 рас.руб. 3.2157
09.07.2016 23:02 ,

Пераможца «Адной зямлі» Павел Данілаў расказвае, чаму выступае пад псеўданімам і якія думкі праносіліся ў час узнагароджвання

Фота: забяспечана Паўлам Данілавым.

Сёлета журы “Адной зямлі” сярод усіх выканаўцаў адзначыла прадстаўніка Маладзечаншчыны.

У размове з “РГ” 26-гадовы маладзён распавёў, чаму выступае пад псеўданімам, якія думкі праносіліся ў галаве, калі ўзнагароджвалі іншых, абмінуўшы яго, і што галоўнае для спевака, які едзе за перамогай.

Павел прыгадвае момант, калі ўсе ўдзельнікі стаялі на сцэне, кожны ўжо атрымаў узнагароду: хто прызавое месца, хто спецыяльную намінацыю, а хто дыплом удзельніка. А Павел так і стаяў на месцы. У самы хвалюючы момант ён напружана сціскаў пераносіцу, а калі вядучы абвясціў яго ўладальнікам Гран-пры, малады чалавек проста не змог стрымаць слёз:

– Калі ўручалі ўзнагароды, я застаўся без усяго, нават без дыпломчыка за ўдзел.

А як назвалі мяне, дзяўчаты з падтанцоўкі крычалі ад радасці, а вось я быў гатовы проста зваліцца долу. Не верыў сваім вушам, а на наступны дзень хадзіў і не разумеў, як гэта ўсё адбылося.

Павел не ўпершыню ўдзельнічае ў конкурсах, у тым ліку “Адной зямлі”. У 2012 годзе ў Вілейцы выступаў у канцэртнай праграме, у Астраўцы ў 2011 заняў трэцяе месца. А найвышэйшую ўзнагароду мала­дзён атрымаў упершыню:

– Мне вельмі важна, што прафесіяналы ацанілі маю працу, гэта было нечакана.

Падчас узнагароджання ў Астраўцы.

Падчас узнагароджання ў Астраўцы.

Маладому чалавеку падабаецца “Адна зямля” за тое, што дорыць шмат знаёмстваў:

– Пазнаёміўся з хлопцам, якога прымацавалі да нас у 2011 годзе, сябруем і сёння. І на гэты год рыхтуем для ўсіх сюрпрыз. На фестывалі спяваюць шмат цікавага, гэта дадаткова развівае.

Павел на конкурсе выбраў песні “Як жаніўся камар” і “Свечкі”. Першую, на беларускай мове, параіў выканаць выкладчык Пётр Туронак:

 – Яна вясёлая, энергічная, і кампазітар маладзечанскі – Алена Атрашкевіч, – тлумачыць выбар спявак.

Пад яе Ірына Новаш паставіла танец, які выканалі выхаванкі ўзорнай студыі эстраднага танца “Візаві” маладзечанскага Палаца культуры Валерыя Паляковіч, Анастасія Чаркасава, Аліна Целяжэвіч, Варвара Лобач. Кіраўнік судыі Віталія Залога.

– Дзяўчаткі вясёлыя, заўсёды на пазітыве, падтрымлівалі не толькі мяне, але і ўсіх удзельнікаў. Цяпер пішчаць, хочуць на ўсіх канцэртах яе танцаваць.

На фестывалі. Фота Юрыя Горыда.

На фестывалі. Фота Юрыя Горыда.

Другой песняй Павел абраў лірычную кампазіцыю Аляксандра Крывашапкі “Свечкі”:

– Яе выбіраў душой, яна раскрывае сутнасць многіх праблем, – распавядае пераможца. – Я верыў у пачуцці, з якімі выконваў песні. Для мяне галоўным было данесці да слухача ўсё неабходнае з гэтых кампазіцый.

Павел распавёў і пра тое, чаму выступае пад псеўданімам:

– Гэта з-за сямейных абставін. Бацька не прымаў удзелу ў выхаванні і цяпер нават не хоча бачыцца. Выбраць новы псеўданім было не цяжка. Гэта прозвішча майго прадзядулі, у гонар якога мяне і назвалі.

Фота забяспечана Паўлам Данілавым.

Фота забяспечана Паўлам Данілавым.

Для лепшай арганізацыі фестывалю ў наступныя гады Павел рэкамендуе прадугле­дзець крыты навес для журы і гледачоў, замацоўваць за дэлегацыяй з раёна чалавека з горада, дзе праходзіць фестываль, каб уздымаў дух і ўдакладняў патрэбныя моманты. А выступоўцам рэкамендуе засяродзіцца над тым, каб перадаць сэнс твораў і пражыць тое, што яны спяваюць.

Павел Данілаў запрашае на сольны канцэрт “Пра каханне праспяваю ўсе песні”, які адбудзецца 21 жніўня ў маладзечанскім амфітэатры. Пачатак а 19 га­дзіне, уваход бясплатны.

У канцэрце вы пабачыце Леаніда Куляша з дэбютам на сцэне, лаўрэата 2 ступені Нацыянальнага фестывалю “Маладзечна-2016” Ніну Жукоўскую, салістку студыі “Бельканто” Палаца культуры Дашу Радкевіч, Вольгу Злотнікаву са студыі Fashion і харэаграфічны калектыў “Візаві”.

У наступным годзе “Адна зямля” пройдзе ў Смаргоні.

P.S. (Пасля свята)

Штогод пасля конкурсу ў журы, выканаўцаў і гледачоў паўстае пытанне: ці магчыма зрабіць свята песні сапраўдным святам, не ператвараючы яго ў мучэнне? Сёлета прагучала 86 песень. Конкурс доўжыўся больш за 8 гадзін. А калі ўявіць сабе, што ўсё гэта адбывалася пры тэмпературы + 34, слова “мучэнне” зусім не падаецца перабольшваннем.

Хочацца спадзявацца, што на будучы год арганізатары прадумаюць гэтыя пытанні. Тым больш, журы сцвярджала, што, каб выявіць пераможцу, дастаткова адной песні. Так хочацца пасля конкурсу сказаць “Ваў”, а не “Нарэшце, гэта скончылася”.

Уладальнікі прызоў у спецыяльных намінацыях

“Прыз глядацкіх сімпатый” ад “Рэгіянальнай газеты” – Злата Мінкілевіч, 29 гадоў, Астравецкі раён.

“Удалы дэбют” – Беніямін Грыгаран, 11 гадоў, Валожынскі раён.

“Удалы дэбют” – “За яркае ўвасабленне вобразу Радзімы” – Сяргей Кіндзякоў, 9 гадоў, Мядзельскі раён.

“Удалы дэбют” – “Творчая надзея” – Ульяна Лугін, 9 гадоў, Ашмянскі раён.

“Лепшы сцэнічны вобраз” – Вікторыя Крук, 21 год, Маладзечанскі раён.

“За высокае выканаўчае майстэрства ў Год культуры” – Алег Уласік, 23 гады, Астравецкі раён.

Спецыяльны прыз ад газеты “Астравецкая праўда” – Раман Віткевіч, 8 гадоў, Астравецкі раён.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце