weather 6° Маладзечна
weather 6° Вілейка
weather 5° Смаргонь
weather 6° Ашмяны
weather 5° Валожын
weather 6° Мядзел
weather 5° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4078
1 долар 2.0999
100 рас.руб. 3.215
09.07.2016 08:01 ,

Стаць сябрам намесніка міністра; пабыць ва ўніверсітэце, куды студэнты прыходзяць і па нядзелях. Падарожжа па гасціннай Грузіі

Фота: Волі Трубач.

Нечакана Грузія зноў пастукала ў маё жыццё. Я з небывалай радасцю прыняла гэта запрашэнне.

Першы раз я патрапіла ў гэту тэмпераментную краіну ў 2014 годзе. Вандравала сваім ўлюбёным спосабам – аўтаспын, заплечнік, кашы, палатка. Карацей кажучы, вандроўка была прасякнутая невядомасцю.

Цяпер усё было інакш – падарожжа было распісанае літаральна па хвілінах. Сустрэча ўяўляла азнаямляльны візіт пад назвай “Прынцыпы добрага кіравання ў сферы культуры і ўстойлівага развіцця: грузінскі досвед”. Арганізатарамі выступілі беларускія грамадскія аб’яднанні.

У гэтым візіце паў­дзельнічалі прадстаўнікі з розных гарадоў Беларусі, якія актыўна развіваюць культурнае жыццё і спрыяюць устойліваму развіццю свайго горада. Цікава было пачуць і падзяліцца сваім досведам з удзельнікамі.

У сярэднім на дзень было па тры сустрэчы. Сярод іх з  Міністэрствам рэгіянальнага развіцця і інфраструктуры, Міністэрствам культуры і аховы помнікаў, Свабодным універсітэтам Тбілісі,  Нацыянальнай адміністрацыяй турызму, мэрыяй Тбілісі.

Фота Волі Трубач.

Фота Волі Трубач.

Мы наведалі Тбіліскі гістарычны музей, здзейснілі экскурсію па старым Тбілісі, трапілі ў старажытную сталіцу Грузіі – Мцхету і пашпацыравалі па галоўным праспекце Тбілісі, Руставелі, падчас Дня Незалежнасці. Сёлета Грузія святкавала 26-я ўгодкі аднаўлення сваёй незалежнасці.

Свята запомнілася вялікай колькасцю дзіцячых спеваў і танцаў, ад якіх у першую чаргу асалоду атрымлівалі самі грузіны, мора кветак, мноства пляцовак для самых маленькіх.

Сёлета Грузія святкавала 26-я ўгодкі аднаўлення сваёй незалежнасці. Фота Волі Трубач.

Сёлета Грузія святкавала 26-я ўгодкі аднаўлення сваёй незалежнасці. Фота Волі Трубач.

Улада  адкрытая і пазітыўная, як звычайныя людзі

Сустрэчы мелі афіцыйны характар. Але грузінскія прадстаўнікі ўлады як дзяржаўных, так і недзяржаўных устаноў шчыра прымалі нашу дэлегацыю. Не было складанасці ў камунікацыі – любы мог задаць пытанне.

Параўнаўшы свой мінулы досвед камунікацыі з грузінамі, якіх я сустракала ў дарозе, і цяперашнімі сустрэчамі з уладай, адрозненняў  не заўважыла – тая ж адкрытасць, пазітыўны погляд на свет.

Чырвонай ніткай праходзіла жаданне розных галін улады дэлегаваць частку сваіх паўнамоцтваў мясцоваму насельніцтву. Гэта значыць, калі помнік знаходзіцца на тэрыторыі сяла, то ў першую чаргу пра яго павінны клапаціцца мясцовыя жыхары.

Магчыма, на гэта ў тым ліку ўплывае невялікая колькасць насельніцтва ў краіне,  дзе жыхары праз знаёмых ведаюць адзін аднаго.

Фота Волі Трубач.

Фота Волі Трубач.

Грузінская ўлада кантактуе з насельніцтвам праз сацсеткі

Улада робіць стаўку на сацсеткі і актыўна іх выкарыстоўвае пры ўзаемадзеянні з насельніцтвам. Напрыклад, пасля таго, як наведалі Міністэрства ўнутраных спраў, былі здзіўленыя, калі ладная частка нашай дэлегацыі апынулася ў сябрах у fecеbook у намесніка міністра.

Узгадаўшы Міністэрства унутраных спраў, варта адзначыць, што пасля праведзеных рэформ сярод насельніцтва значна павысіўся давер да праваахоўных органаў. Адкрытасць іх можа ўбачыць любы прыезджы:  ва ўчастках вялікія вокны, якія дазваляюць назіраць за працай. Гэты спосаб папярэджвае і карупцыю сярод прадстаўнікоў праваахоўных органаў.

У апошні дзень мы наведалі храм Джвары, які ўваходзіць у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Храм знаходзіцца на зліцці дзвюх рэчак: Куры і Арагві. Менавіта тут роўнаапостальная Ніна ўсталявала крыж, які азначаў – Грузія прыняла хрысціянства.

Універсітэт, куды студэнты наведваюцца нават па нядзелях

Аднак больш за ўсё мяне ўразіў Свабодны ўніверсітэт Тбілісі. Ён  створаны ў 2007 годзе шляхам зліцця Еўрапейскай школы менеджмента і Тбіліскага ўніверсітэта Азіі і Афрыкі. Заснавальнікам яго з’яўляецца былы міністр эканомікі Грузіі, бізнесмен, ініцыятар рэформ Каха Бендукідзэ. Ён лічыў, што галоўным рухам у развіцці краіны з’яўляецца асабістая ініцыятыва.

Універсітэт займае першыя пазіцыі ў рэйтынгу лепшых універсітэтаў краіны.

Свабодны ўніверсітэт – адзіная ўстанова Грузіі,  у якой можна вучыцца бясплатна. Але для гэтага трэба набраць вялікую колькасць балаў на дзяржаўным тэставанні.

Студэнты вольна адчуваюць сябе на падлозе калідораў, рыхтуючыся да заняткаў, ключы на вахце ў свабодным доступе; а бібліятэка – вялікі вулей з шафамі кніг да самай столі.

Падчас экскурсіі па ўстанове нам паказалі кіберлабараторыю, прыкладна з такім апісаннем: “Прафесара вы тут не пабачыце, ён даў заданне, а студэнты самастойна працуюць над ім, бывае, што і па нядзелях наведваюцца сюды!”

Шчырая цікавасць да таго, што адбываецца, і актыўны ўдзел – апісанне атмасферы, якая пануе ва ўніверсітэце. Ды не толькі ва ўніверсітэце, але і ва ўсёй краіне. Гэтаму варта павучыцца.

Да сустрэчы, Грузія!

Фота Волі Трубач.

Фота Волі Трубач.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце