weather 5° Маладзечна
weather 5° Вілейка
weather 6° Смаргонь
weather 5° Ашмяны
weather 6° Валожын
weather 5° Мядзел
weather 6° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4078
1 долар 2.0999
100 рас.руб. 3.215
11.07.2016 15:38 ,

У Еўропе толькі ў Маладзечне выкладаюць выцінанку. Што абмяркоўвалі на сімпозіуме па праблемах выразання з паперы (Шмат фота)

Фота: прадстаўлена аргкамітэтам сімпозіума.

У Маладзечне завяршыў сваю работу 6-ы Міжнародны сімпозіум па праблемах выразання з паперы “Мастацкае выразанне: форма і колер”.

Ён праходзіў упершыню на беларускай зямлі і быў прысвечаны памяці знакамітых майстроў Ві­к­торыі Чырвонцавай і Вячаслава Дубінкі.

Гасцей віталі дырэктар Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Раіса Вайцяхоўская, дырэктар Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Агінскага Рыгор Сарока і заснавальнік сімпозіума навуковы супрацоўнік Дамадзедаўскага гісторыка-мастацкага музея Ася Петрычэнка. Паказаць сваё майстэрства і падзяліцца інфармацыяй аб выразанні з паперы прыехалі госці з Літвы, Украіны, Поль­шчы, Расіі, Беларусі.

Выбар месца правя­дзення сімпозіума невыпадковы. Прафесар, доктар мастацтвазнаўства, старшыня Беларускага саюза майстроў Яўген Сахута адзначыў такую культурную з’яву, як Маладзечанская школа выцінанкі, у аснове якой ляжыць творчасць і педагагічная дзейнасць Вікторыі Чырвонцавай. Гэтаму садзейнічала, дзякуючы намаганням Рыгора Сарокі, стварэнне аддзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва пры Маладзечанскім музкаледжы, якое існуе ўжо дваццаць год.

Як вызначылі госці, гэта адзіная ў Еўропе навучальная ўстанова, дзе выкладаецца выцінанка і ўведзеная ў спецыялізацыю “Мастацкія вырабы з саломкі, лёну і паперы”.

Фота прадстаўлена аргкамітэтам сімпозіума.

Фота прадстаўлена аргкамітэтам сімпозіума.

Невыпадковай з’яўляецца і назва мерапрыемства. Як адзначыла Ася Петрычэнка, слова сімпозіум прыйшло з грэчаскай мовы і азначала “бяседу” як сход аднадумцаў, якія вялі рытуальныя дыялогі аб галоўным. На бяседзе катэгарычна забаранялася гаварыць аб палітыцы, добрых і дрэнных кіраўніках, аб грошах, злых і добрых людзях. Забаранялася гаварыць аб сваёй сям’і, дзецях, аб сваёй веры. Размовы вяліся толькі на філасофскія і літаратурныя тэмы. Менавіта такая форма давала поўную волю ў выбары тэм для дыскусій і стварала адкрытую атмасферу.

Па матэрыялах дакладаў сімпозіума выдалі зборнік. Працавалі дзве секцыі: “Навучанне і практычнае прымяненне” і “Гісторыя і рэгіянальныя асаблівасці”. У дакладах першай секцыі распавядалася аб праграмах па выцінанцы для розных узростаў, падкрэслівалася яе важная роля ў фарміраванні свядомасці навучэнцаў. У другой секцыі слухачы маглі пазнаёміцца з асаблівасцямі народных і аўтарскіх выразак Украіны, Польшчы, Літвы, Расіі і Беларусі. Былі спробы асэнсаваць выцінанку як сучасны від мастацтва. Вольга Бабурына расказала, як яна ілюстравала Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека.

Падчас правядзення сімпозіума можна было наведаць шматлікія выставы. У выставачнай зале каледжа працавала выстава дыпломных і курсавых работ навучэнцаў сумесна з часовай выставай удзельнікаў сімпозіума. Гэта была сапраўдная арт-лабараторыя, дзе даваліся майстар-класы і ўдзельнікі абменьваліся работамі і літаратурай.

На адкрыцці выставы “Пялёсткі памяці”, прысвечанай памяці Вікторыі Чырвонцавай, Наталля Чырвонцава прачытала даклад “Асоба і творчы метад В. Чырвонцавай”, дзе зрабіла спробу асэнсаваць, як насуперак жыццёвым абставінам ці дзякуючы ім чалавек прыходзіць да рэалізацыі сваёй галоўнай мэты жыцця.

На выставе шырока прадставілі творы Вікторыі Чырвонцавай і яе навучэнцаў, якія складаюць маладзечанскую школу выцінанкі: Наталля Чырвонцава, Лізавета Чырвонцава, Людміла Валковіч-Борыс, Наталля Сухая, Наталля Вальковіч, Вольга Бабурына, Аксана Ралавец, Вольга Сарока, Ала Бажко, Вольга Харлінская, Вольга Маслава, Тамара Марчанкава.

Ася Петрычэнка ярка і натхнёна распавядала пра Вячаслава Дубінку, які амаль першым на Беларусі стаў выразаць з паперы. Выстава з яго работамі працавала ў Палацы культуры.

Тры дні насычанай інтэлектуальнай і творчай работы далі добрыя вынікі. Сімпозіум адпавядаў сваёй назве – узяўшы за аснову выразанне з паперы як від мастацтва, гаварылі аб духу чалавека, які выяўляецца праз творчасць.

Эгле Віндашэне з літоўскага Каўнаса, супервізар гарадскога Цэнтра нацыянальнай культуры, са слязьмі на вачах расказвала, як дзеля яе выканаў музычны твор сімфанічны аркестр музкаледжа пад кіраўніцтвам Рыгора Сарокі.

Святочную атмасферу стварылі дзяўчаты і хлопцы з гісторыка-этнаграфічнага клуба “Кола”, якія, узнаўляючы аўтэнтычныя традыцыі, спявалі і танцавалі для гасцей, а таксама натхнілі ўсіх на спевы ўкраінскіх, польскіх, літоў­скіх, беларускіх і рускіх песень. Удзельнікі вадзілі карагоды пад спевы і танцавалі разам з клубам “Кола”.

У фонд аддзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва перадалі каля 60 работ удзельнікаў сімпозіума, а таксама шмат літаратуры па папяровым выразанні. Праз некаторы час з іх зладзяць выставу.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце