weather 14° Маладзечна
weather 14° Вілейка
weather 15° Смаргонь
weather 14° Ашмяны
weather 15° Валожын
weather 14° Мядзел
weather 15° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.46
1 долар 2.1177
100 рас.руб. 3.2257
13.07.2016 11:22 ,

Любоў Чаркашына: “Калі я касячу, муж называе мяне Фабіа Капэла”

Фота: з сайта ueg.org.

Мастацкай гімнастцы Любе Чаркашынай – 28 гадоў. І нягледзячы на тое, што яна бронзавая прызёрка Алімпійскіх гульняў у Лондане, сябра выканкама Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі, Любоўю Віктараўнай яе называць ну ніяк не паварочваецца язык.

Яна Люба – дзяўчына, з якой хочацца ез­дзіць на матацыкле на вялікай хуткасці, рабіць тату і вар’яцкія прычоскі.

Але нельга – муж не дазваляе.

– Віця адгаворвае мяне ад многіх рэчаў, і дзякуй богу. Хацела набыць матацыкл, пераканаў, што не трэба. Хацела займацца боксам  – зноў не дазволіў.

Адзінае, ад чаго не ўтрымаў, ад эпатажнай стрыжкі. Некалькі гадоў таму прыгажуня Люба пагаліла сабе скронь.

– Муж адразу стаў называць мяне – мой брат. А ўвогуле, ён мяне падколвае часта. Калі раблю нешта добра і з імпэтам, заве Маўрыння, калі касячу – Фабіа Капэла.

Любоў Чаркашына выйшла замуж яшчэ ў 2008 годзе за былога футбаліста Віктара Малашку.

На пытанне, ці самы блізкі ёй чалавек муж, Люба паціскае плячыма:

– Ну, як тут скажаш, ці блізкі? Віцька – мой. І ўсё тут. А калі пачынаеш разважаць, то як не назваць блізкімі тату, сястру?

А на пытанне, як змяніла яе замужжа, адказвае:

– Я зразумела, што цяпер у мяне ёсць сям’я. І я не магу выратаваць цэлы свет.

Самае дарагое СМС-паведамленне для Любы, гэта калі пасля Алімпіяды ў Лондане тата ёй даслаў адно слова: “Дачушкавіншую”.

Вось так, у адно слова, без прабелаў.

– Я калі ўявіла, як ён стараўся, калі набіраў яго, так цёпла становіцца.

Пасля Алімпіяды ў Лондане ў Любы застаўся не толькі бронзавы медаль, СМС ад таты, але і татуіроўка ў выглядзе пяці алімпійскіх кольцаў.

– Упершыню я загарэлася такой татуіроў­кай яшчэ на Алімпіядзе ў Пекіне. Тады там у кожнага другога спартсмена было такое тату ў выглядзе кольцаў. Але ў Пекіне прызёркай я не стала, а рабіць тату проста таму, што я з’ез­дзіла на алімпіяду, гэта як рабіць тату з курортаў, дзе ты калісьці адпачываў. А вось пасля Лондана пра мару сваю ўспомніла ў Італіі. І тут жа, ужо познім вечарам, мяне сябры адвялі да татуіроўшчыка, які і зрабіў мне тату на руцэ. Першы час я вельмі ганарылася, хацела пахваліцца, выстаўляла руку. А потым забылася. І калі, бывае, лаўлю на сваёй руцэ нейчы зацікаўлены позірк, па­чынаю церці руку, быццам чым запэцкала.

У мастацкую гімнастыку Любу прывялі бацькі, калі ёй было дзевяць гадоў.

З тым, што гэта руцінны і кансерватыўны від спорту, Люба не згодная катэгарычна.

– Калі ставіцца да ўсяго, як да руціны, то яно і будзе такім, – перакананая Люба Чаркашына. – А ў нас дзяўчаты ў гімнастыцы такія, што кожная можа такое “адмачыць”.

А што датычыцца купальнікаў і аднолькавых прычосак, Люба адказала:

– І да сёння самым прыгожым купальнікам лічу чорны купальнік зборнай СССР з вышытым залатым гербам. А што датычыцца прычосак, якую тут асаблівую рэвалюцыю ўстроіш? Валасы гімнастак павінны быць зачэсаныя назад, каб бачыць кожную лінію, кожны выгіб цела. Адзінае, што ў гімнастыцы ніколі не дапусцяць, дык гэта таго, каб гімнастка выступала ў балетнай пачцы.

Купальнікі гімнасткі шыюць за свой кошт. Адзін купальнік каштуе за чатыры тысячы долараў.

– Калі перад Алімпіядай у кватэры віселі мае два купальнікі, муж хадзіў побач і ўздыхаў: “Наша новая машына вісіць”.

Пасля спаборніцтваў купальнікі прадаюцца, бо няма сэнсу захоўваць такія дарагія рэчы. А гімнасткі з іншых краін іх з задавальненнем купляюць.

Сёння Люба трэніруе дзяўчат-гімнастак, з якімі яшчэ ўчора была адной камандай.

– Калі прыйшла на першую трэніроўку, было няёмка: ну як гэта, яшчэ ўчора разам трэніраваліся, а сёння я ўжо камандую, як зрабіць лепей. А трэнер я жорсткі. Пакуль гімнастка ідэальна не зробіць патрэбны элемент, буду крытыкаваць.

Пры ўсёй сваёй жыццярадаснасці, адкрытасці, шчырасці, усё ж захацелася запытацца, а ці бывае гэтаму байцу крыўдна, балюча?

– Толькі муж ведае, як я перажываю з-за некаторых сітуацый, як плачу. Мяне можна зламаць, але гэтыя наступствы бачыць толькі муж. Часта даводзіцца зацыраваць сябе і рушыць далей.

Але Люба за свае 28 гадоў перакананая, што ў кожнай справе ёсць левы і правы бок. І гэта вялікая мудрасць мець магчымасць выслухаць і прыняць два бакі.

P.S. Развітваліся з Любай з традыцыйным сэлфі на памяць.

– А ведаеце, я люблю журналістаў. І пытанні, ад якіх, гаворачы нашай спартыўнай тэрміналогіяй, “ягадзічкі падціскаюцца”.

Сэлфі з тэлефона Сяргея Шчурко

Сэлфі з тэлефона Сяргея Шчурко

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце