weather 21° Маладзечна
weather 21° Вілейка
weather 19° Смаргонь
weather 21° Ашмяны
weather 20° Валожын
weather 21° Мядзел
weather 19° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.2898
1 долар 1.9706
100 рас.руб. 3.1632
15.07.2016 13:45 ,

Фудшэрынг ужо ў Маладзечне: як бясплатна аддаць непатрэбную ежу таму, хто яе з'есць

Фота: 1zoom.ru.

Шукаючы інфармацыю у інтэрнэце, выпадкова наткнулася на суполку фудшэрынгу ў Мала­дзечне. Ого! Ежа задарма. Незвычайна! – падумалася мне.

А хто можа распавесці больш, чым сам ініцыятар ідэі?

Вольга Муская пачала гэту справу у нашым горадзе і з ахвотай дзеліцца гісторыяй праекта.

Сама ідэя з’явілася ў Германіі, у Берліне. Асноўная мэта – ратаваць ежу, якая прыгодная для ўжывання. Аказваецца, што шмат прадуктаў, прыдатных для харчавання, часам выкідваецца вон. Напрыклад, гатэлі могуць выкінуць распачатыя прадукты, якія былі на сняданак, толькі таму, што парушаная цэласнасць упакоўкі. Пякарні могуць пазбаўляцца ад учарашняй выпечкі. У крамах на вітрыне можа быць прадукцыя, якая проста страціла прывабны выгляд, але дата тэрміну яшчэ здавальняючая.

Ды і самі людзі могуць дзяліцца сваёй ежай з іншымі: нехта купіў прадукт, але яму не спадабаўся смак. У іншага засталося шмат ежы пасля вечарыны. А хтосьці зразумеў, што больш няма куды ставіць слоікі з закаткамі. У Берліне стварылі спецыяльны сайт, дзе фудсэйверы – тыя, хто ратуе ежу – могуць рэгістравацца і даведвацца пра пункты, дзе можна забраць прадукты.

Вольга Муская з Маладзечна арганізуе суполку людзей, якія рацыянальна ставяцца да ежы. Фота забяспечанае Вольгай Мускай.

Вольга Муская з Маладзечна арганізуе суполку людзей, якія рацыянальна ставяцца да ежы. Фота забяспечанае Вольгай Мускай.

На гэтым сайце пазначана, што ўжо ў свеце ўратавана больш за 4,5 мільёна кілаграмаў ежы!

Адно з правілаў гэтай ідэі – прадукты аддаюцца задарма. 

У нашай краіне і суседняй Расіі такую справу арганізоўваюць праз суполкі ў сацыяльных сетках і пераважна дзеляцца ежай жыхары гарадоў-удзельнікаў акцыі. Дамовіцца пра гэта з крамамі і гатэлямі бывае складана.

Воля ўпершыню даведалася пра фудшэрынг з артыкула, дзе расказвалася, як мінчанка арганізавала такую суполку ў сталіцы. Чаму вырашыла ініцыяваць такое у Маладзечне? Вольга адказвае так: 

– У Маладзечне цягам апошняга часу з’явілася больш новых крамаў, як вынік – больш прадуктаў харчавання, якія патэнцыйна могуць быць прыдатныя для фудшэрынгу. Тым больш эканамічная сітуацыя складваецца так, што камусьці гэта можа рэальна дапамагчы.

У Маладзечне інтэрнэт-суполка існуе ўжо каля трох месяцаў. Субяседніца ўдакладняе, што пераважна людзі забіраюць тое, што прапаноўвае яна сама. Але пакрыху і іншыя пачынаюць размяшчаць свае прапановы. Такая невялікая, але пазітыўная дынаміка не можа не натхняць. 

Як маладзечанцы ўспрымаюць такую ідэю? Воля адзначае насцярожанасць. Бо ёсць стэрэатып: калі задарма – значыць, нешта сумніўнае. Вользе дзяліцца з іншымі не шкада, галоўнае – каб спатрэбілася. 

Дзяўчына шчыра дзеліцца не толькі ежай. Калі ёсць магчымасць, купляе падгузнікі, цацкі, сродкі гігіены для дзетак-адказнічкоў і адносіць у дзіцячую бальніцу.

Такая сацыяльная актыўнасць ніколькі не перашкаджае выхоўваць дачушку Сашу, а таксама заставацца надзейнай падтрымкай мужу Аляксандру. 

Ці ёсць у праекта перспектывы? 

– Канешне! – упэўненая Вольга. – У яго цікавая будучыня, не толькі ў віртуальным свеце, але і ў рэальным жыцці.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце