weather 6° Маладзечна
weather 6° Вілейка
weather 7° Смаргонь
weather 6° Ашмяны
weather 7° Валожын
weather 6° Мядзел
weather 7° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.417
1 долар 2.112
100 рас.руб. 3.2096
16.07.2016 14:10 ,

100 балаў на тэставанні? Лёгка! Маладзечанец і віляйчанка дзеляцца сваім досведам

Андрэй Грышан (справа) здаў тэставанне па біялогіі на 100 балаў.

Маладзечанец Андрэй Грышан і віляйчанка Ангеліна Лазар адныя з тых сёлетніх выпускнікоў, якія пабачылі ў сваіх сертыфікатах цэнтралізаванага тэставання запаветную лічбу 100.

Пра тое, як прайшлі яны гэты шлях, нашы героі распавядуць самі.

Андрэй Грышан, выпускнік гімназіі-кале­джа мастацтваў з Маладзечна:

“100 балам узрадаваўся, але не вельмі, бо ведаў, што так будзе”.

Здаў цэнтралізаванае тэставанне па біялогіі на 100 балаў.

Андрэй да цэнтралізаванага тэставання пачаў рыхтавацца ад пачатку года. Па ўсіх прадметах займаўся з рэпетытарамі. Але, як прызнаецца сам, без зацятасці і стараннай працы не абышлося.

– Абраў біялогію таму, што яна мне цікавая, як і хімія, і спецыяльнасці, куды паступаюць з гэтымі прадметамі, досыць прэстыжныя і запатрабаваныя. Вядома, была радасць, калі даведаўся, што атрымаў 100 балаў, але не такая моцная, бо пасля тэста я чакаў такога выніку. Бацькі ж былі вельмі задаволеныя, як і ўсе сваякі. Па астатніх прадметах здаў таксама нядрэнна, але мог і разлічваў на большае. Хімію здаў на 76 балаў, а рускую мову – на 93 балы.

Паступаць Андрэй збіраецца ў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт на фармацэўтычны або на лячэбны факультэт – пакуль хлопец яшчэ не вызначыўся.

– Я буду глядзець па конкурсе, праходжу ці не. А заданні на тэставанні былі нескладаныя, хоць былі і не падобныя на заданні з папярэдніх гадоў. Ну, і без шанцавання, напэўна, не абышлося. Усе заданні былі зразумелыя, і адказы я ведаў на ўсё.

Нават неяк дзіўна… На тэставанні было ўсё, пра што я ведаў. 

Ангеліна Лазар, выпускніца гімназіі №2 з Вілейкі.

Здала тэставанне па рускай мове на 100 балаў.

“Каб здаць тэставанне на 100 балаў, трэба выдзяляць на падрыхтоўку дзве гадзіны ў тыдзень”

Рускай мовай дзяўчына пачала займацца ў 10 класе. Першапачаткова Ангеліна хадзіла на школьныя факультатывы, на якіх настаўніца складала для будучых медалістаў і 100-бальнікаў схемы і алгарытмы, па якіх было дастаткова лёгка вывучыць і запомніць матэрыял.

– З 11 класа я пачала мэтанакіраваную падрыхтоўку да ЦТ. Акрамя ўрокаў і факультатываў, рэгулярна рабіла заданні дома.

Два разы на тыдзень, акрамя школы, выдзяляла па некалькі гадзін на выкананне практыкаванняў і тэстаў. Рашала тэсты мінулых гадоў. За гэты час зразумела, на што зрабіць упор і акцэнт. Калі выканала мноства тэстаў, заўважыла, на чым складальнікі тэстаў хочуць падлавіць, бо заданні і іх тып у большасці выпадкаў –  ідэнтычныя.

Рускую мову Ангеліна абрала таму, што дзяўчыне здаецца, што правілы рускай мовы ёй даюцца лягчэй і прасцей засвойваюцца.

– Беларускую мову вельмі люблю, яна неверагодна прыгожая, але выбрала ўсё ж рускую. І ёсць у мяне прыродная пісьменнасць. Гэта ў мяне ад сям’і.

Вынік тэста Ангеліну, як яна кажа сама, шакаваў.

– Я, вядома, ведала, што магу разлічваць на добры вынік, бо з тэстамі дома і на рэпетыцыйным тэставанні я спраўлялася добра. Калі шчыра, ні разу не рабіла тэсты без адзінай памылкі. Яны былі, але ў невялікай колькасці. Таму, убачыўшы вынік, я была вельмі задаволеная. Зрабіць усе заданні правільна ў мяне атрымалася ўпершыню.

Тым больш, мовы вельмі цяжка здаваць, бо гэта адзіныя прадметы, у якіх ёсць некалькі правільных варыянтаў адказаў. Выпусціш адну галачку ў адказе – і ўвесь вынік дадзенага задання дарэмны.

Перад ЦТ вельмі хвалявалася, бо баялася напісаць ніжэй за свае магчымасці. Калі пачала рабіць, супакоілася і сканцэнтравалася. Заданні выканала вельмі хутка, у астатні час старанна ўсё пераправярала. Калі выйшла з кабінета, спалохалася, стала перажываць, што дапусціла памылкі, што нешта важнае ўпусціла. Не магла паверыць, што ўсё аказалася дастаткова лёгка. Таму думкі мучылі. Чакала добрага выніку, але дакладна не 100 балаў.

Акрамя рускай мовы, Ангеліна здавала хімію і біялогію. Біялогію напісала на 94 балы, дапусціла дзве памылкі.

– Дзякуй за такі добры вынік маёй маме, Алене Чаславаўне Лазар, якая выкладала ў мяне біялогію. Мы ўвесь час з ёй разам займаліся, рыхтаваліся да алімпіяд, дзе таксама не без поспехаў. Хімію здала крыху горш, але вынікам задаволеная. Балаў цалкам дастаткова, каб паступіць на лячэбную справу ў медыцынскі ўніверсітэт.

А ўсім будучым выпускнікам Ангеліна жадае  спакою і толькі спакою.

– Галоўнае, не хвалявацца і верыць у свае сілы! Гэта важна. Праверана на сабе. Проста настроіцца на вынік і імкнуцца да яго. І, вядома, рэгулярна рабіць заданні. Будзеце выдзяляць хоць дзве гадзіны ў ты­дзень – вынік не прымусіць сябе чакаць.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце