weather 19° Маладзечна
weather 19° Вілейка
weather 20° Смаргонь
weather 19° Ашмяны
weather 20° Валожын
weather 19° Мядзел
weather 20° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3176
1 долар 1.996
100 рас.руб. 3.1527
16.07.2016 10:30 ,

Лепш цярпець камароў ці выкарыстоўваць сродкі ад іх? Як выбіраць рэпеленты

Фота: mylitta.ru.

Пра тое, што лета ў самым разгары, нам нагадваюць не толькі гарачае сонца і выезды на дачу, але і навязлівы піск ці гудзенне над вухам. Лета – час камароў, мух, мошак і іншых кузурак, здольных сапсаваць адпачынак на прыродзе.

Змагацца з імі нам найчасцей прапаноў­ваюць пры дапамозе розных “пшыкалак” ды мазяў, пах якіх непрыемны і для саміх карыстальнікаў. Дык ці праўда, што пырскаючы на сябе з балончыка, мы дапамагаем сабе, а не робім горш?

Як разабрацца ў складзе сродкаў?

Усе прэпараты, якімі карыстаюцца для адпуджвання насякомых, называюцца рэпелентамі. Набыць іх можна ў рознай форме – мазі, спрэі, вадкасці ці таблеткі. Разабрацца ў іх нам дапамагае Дар’я Чумакова, каардынатар праграмы па экалагічна сяброўскім ладзе жыцця Цэнтра экалагічных рашэнняў (Мінск).

– У першую чаргу варта звярнуць увагу на склад вашага сродку, – кажа эксперт. – І ўвогуле вельмі ўважліва прачытаць інструкцыю.

ДЭТА – рэчыва, якое таксама можа хавацца за словам “дыэтылтолуамід”. Яно лічыцца бяспечным для здароўя, але добра адганяе непажаданых кузурак. Адзіны момант – пры пападанні ў вочы выклікае раздражненне слізістай.

Спецыялісты адзначаюць: не варта набываць сродак, у складзе якога ДЭТЫ больш за 30%. Для эфектыўнасці хопіць 20%. Да таго ж лепей не пшыкаць такім сродкам на сінтэтычныя тканіны і пластык – ДЭТА можа раствараць гэтыя матэрыялы.

IR3535 – хімічнае рэчыва, вельмі падобнае да ДЭТЫ. Яго таксама варта трымаць далей ад вачэй і не распыляць на пластык і сінтэтыку.

Фота zapal.ru.

Фота zapal.ru.

Перметрын – сродкі, у складзе якіх ёсць гэтае рэчыва, можна выкарыстоўваць толькі ў крытычных сітуацыях, паколькі перметрын таксічны для чалавека. Яго ні ў якім разе нель­га наносіць на скуру, толькі на рэчы – палатку, верхняе адзенне, сеткі. Такія рэпеленты трэба выкарыстоўваць на адкрытай прасторы, каб не перавысіць іх канцэнтрацыю ў паветры.

Ратавацца ад насякомых можна і без хіміі. Існуюць прэпараты, зробленыя на аснове раслінных экстрактаў і эфірных алеяў – кедра, лаванды, сасны, базіліка і іншых.

 – Такія рэпеленты трэба наносіць часцей, кожныя 30-40 хвілін, – падкрэслівае Дар’я Чумакова. – Але некаторыя эфірныя алеі могуць выклікаць алергію, таму спачатку лепей правесці алергатэст на невялікім участку скуры.

Не забывайцеся змываць хімію!

Тое, што любы рэпелент трэба змываць, пазначаюць ледзь не ўсе вытворцы адмысловых сродкаў. Але часта ў клопатах мы не надаём гэтаму значэння.

– Трэба абавязкова прыняць душ і вымыць адзенне, – зазначае Дар’я Чумакова. – Чым на большы час мы пакідаем сродак на сабе, тым большая верагоднасць, што ён трапіць унутр. ДЭТА ці IR3535 не выпараюцца, а застаюцца на скуры. Калі мы наносім яго раз на тыдзень, то сітуацыя некрытычная. Калі ж у адпачынку мы карыстаемся ім штодзённа, то канцэнтрацыя расце, і сродак перастае быць бяскрыўдным.

Эксперт падкрэслівае, што важна адрозніваць абарону ад камароў і абарону ад кляшчоў.

– У Беларусі камары не пераносяць смяротна небяспечных захворванняў, – кажа спе­цыяліст. – Таму змагаюцца з імі толькі для ўласнага камфорту. Кляшчы ж нашмат больш небяспечныя і абараняцца ад іх трэба абавязкова. Не толькі апранаючы шчыльна закрытае адзенне і галаўны ўбор, але і пры дапамозе рэпелентаў.

Фота domgeoline.ru.

Фота domgeoline.ru.

Парады эколага ў выбары рэпелентаў

1. Не карыстайцеся рэпелентам часцей, чым гэта дазваляе інструкцыя на ўпакоўцы. Больш – не значыць эфектыўней.

2. Не спадзявайцеся толькі на рэпеленты, яны не даюць стопрацэнтнай гарантыі, што вас не ўкусяць. Выязджаючы на прыроду, не забывайцеся на адпаведнае адзенне.

3. Не выкарыстоў­вайце рэпеленты для дзяцей да шасці месяцаў.

4. Карыстайцеся сеткамі для дзіцячых вазкоў.

5. Наносячы сродак на дзіця, спачатку выцісніце яго на свае рукі і толькі потым мажце скуру дзіцяці. Не наносьце сродак на далоні – дзіця можа іх аблізваць.

6. Аддавайце перавагу спрэям, а не аэразолям. Спрэй наносіць сродак звычайнымі кроплямі, не павышаючы яго канцэнтрацыі. У форме спрэя прадаецца, да прыкладу, сродак для мыцця вокнаў. Аэразоль у сваю чаргу прадаецца ў металічнай тары, ён распырсквае сродак пад ціскам, што павышае канцэнтрацыю хімічных рэчываў. Да таго ж ён распыляе больш дробныя часцінкі, якія марудна асядаюць, таму мы ўдыхаем іх яшчэ працяглы час.

7. Не выкарыстоў­вайце рэпеленты ў выглядзе вадкасцяў і таблетак, што ў адмысловай прыладзе ўключаюцца ў ра­зетку. У іх дзеючым сродкам з’яўляецца метафлутрын – ён больш таксічны і менш эфектыўны, чым іншыя рэчывы.

8. Адмоўцеся ад рэпелентаў у выглядзе свечак і спіраляў. Яны мала эфектыўныя і пры гарэнні выдзяляюць пары, якія могуць выклікаць цяжкасці з дыханнем.

9. Не карыстайцеся крэмам ад сонца з функцыяй рэпеленту.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце