weather 20° Маладзечна
weather 20° Вілейка
weather 22° Смаргонь
weather 20° Ашмяны
weather 22° Валожын
weather 20° Мядзел
weather 22° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.2898
1 долар 1.9706
100 рас.руб. 3.1632
18.07.2016 09:26 ,

Жыхар Маладзечаншчыны: Баршчэўнік выкопваю і спальваю. І так ужо пяць гадоў

Ілюстрацыйнае фота.

Іван Міхайлавіч Дурэйка, жыхар вёскі Грудкі, трывогу пачаў біць пяць гадоў таму, калі на сваім участку заўважыў маладзенькія парасткі баршчэўніку.

– Кожную вясну я выкопваю і спальваю той баршчэўнік, а ў яго ж карэнні па паўметра. Але куды ад яго дзенешся, калі ля фермы, што стаіць на гары, цэлыя зараснікі гэтай атруты?

Іван Міхайлавіч неаднойчы звяртаўся да ўладаў:

– Благога я нічога сказаць не магу. На звароты  рэагуюць. Прыязджаюць, косяць. Але што ж касіць? Баршчэўнік цяпер цвіце, птушкі яго насенне разнясуць зноў.

Яшчэ пяць гадоў таму баршчэўнік душылі бульдозерам

Начальнік маладзечанскай райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзіслаў Чарноў расказаў “Рэгіянальнай газеце”, што жыхары Маладзечанскага раёна звяртаюцца па дапамогу часта, але сёлета значна менш, чым у мінулым годзе.

– У раёне ёсць некалькі ачагоў узнікнення баршчэўніку, адразу магу назваць вёскі Насілава, Лешна, Слабодка. Ёсць і станоўчыя прыклады. Напрыклад, у Лебедзеве на месцы, дзе яшчэ год таму рос баршчэўнік, цяпер расце пшаніца. Трэба пазбаўляцца ад пустуючых земляў.

У наступным годзе, па словах Уладзіслава Чарнова, будзе ставіцца пытанне аб меліярацыі земляў, максімальна праводзіцца раскарчоўка і іх апрацоўка.

– Сёлета выдаткавана 200 мільёнаў рублёў на барацьбу з баршчэўнікам. На гэтыя сродкі закупленыя хімікаты – гербіцыды.   Калі апрацоўваеш баршчэўнік гэтымі хімікатамі, ён сохне. Але існуе праблема з насеннем.

 Адна расліна баршчэўніку можа даваць да 100 тысяч насення.

На дапамогу ўладам у барацьбе з пустазеллем прыходзяць і іншыя службы.

– У ПМК-32 створаная спецыяльная брыгада, якая таксама дапамагае змагацца з баршчэўнікам. Ведаю, што падобная служба існуе і ў Вілейцы.

Як прызнаваліся ў ПМК, яшчэ пяць гадоў таму ім даводзілася душыць зараснікі баршчэўніку бульдозерам, цяпер дапамагаюць і хімікаты.

Уладзіслаў Чарноў падкрэслівае, што, каб перамагчы баршчэўнік, кожны гаспадар на сваім участку павінны сачыць за яго з’яўленнем, і як толькі заўважыць парасткі, выкопваць.

– Толькі не забывацца на тэхніку бяспекі. Баршчэўнік пакідае апёкі ў сонечнае надвор’е, але і ў дождж трэба быць пільнымі і асцярожнымі.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце