weather 5° Маладзечна
weather 5° Вілейка
weather 4° Смаргонь
weather 5° Ашмяны
weather 3° Валожын
weather 5° Мядзел
weather 4° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4197
1 долар 2.0988
100 рас.руб. 3.2132
24.07.2016 12:34 ,

Заснавальнік польскай арніталогіі з Ашмяншчыны: як з’явіліся вароны ў гарадах, здымалі «Птушак» Хічкока і знайшоў маленькіх дыназаўраў

Фота: mota.ru.

Ураджэнец Ашмяншчыны Людвік Тамялойць – вядомы ў Еўропе знаўца птушак і адзін з заснавальнікаў сучаснай польскай арніталогіі. Пра крылатых ён можа распавядаць гадзінамі.

Гэтым летам навукоўца ўпершыню за апошнія 70 гадоў наведаў месца, якое натхніла яго на вывучэнне птушак, – вёску Міхалконі на Ашмяншчыне.

Арнітолаг Людвік Тамялойць. Фота fakty.lca.pl.

Арнітолаг Людвік Тамялойць. Фота fakty.lca.pl.

“У Мінску буду шукаць варон”

Пан Людвік займаецца птушкамі ўсё жыццё. Ён з’яўляецца сябрам польскага Дзяржаўнага камітэта аховы прыроды і адным з арганізатараў сусветнага арніталагічнага кангрэса ў Новай Зеландыі.

У родным Уроцлаве, які месціцца на захадзе Польшчы, навукоўца ўжо цягам 40 гадоў назірае за крылатымі жыхарамі гарадскіх паркаў. Таксама пад пільным вокам пана Людвіка – гарадскі парк у горадзе Лягніца, што недалёка ад Уроцлава.  Тут арнітолаг ведае кожную птушыную пару і кожнае гняздо. А таксама колькасць драпежнікаў, якія ласуюцца птушынымі яйкамі, – ад варон да куніц і вавёрак. Сорак гадоў назіранняў – гэта прыкладна 20-40 пакаленняў птушак.

Фота youtube.com.

Фота youtube.com.

Пан Людвік упэўнены, што гарадскія паркі – унікальнае месца для назірання за птушкамі.

–  Кожны гарадскі парк – гэта своеасаблівы востраў, –  кажа навукоўца. – Па-першае, парк абмежаваны горадам. Па-другое, тут амаль няма драпежнікаў, якія палююць на птушак і яйкі. Калі ў дзікай прыродзе птушка мае каля 30 патэнцыйных ворагаў, то ў парку – максімум 5-7. Да таго ж птушкі ў парках амаль не маюць канкурэнцыі і ізаляваныя ў генетычным плане – сабе ў пару яны выбіраюць самца ці самку з таго ж парку.

Не дзіва, што ў Беларусі пана Людвіка таксама ў першую чаргу цікавяць паркі.

 – Хачу праверыць, ці пацвердзяцца тут тыя высновы, якія я зрабіў пасля назірання за ­по­ль­­­скімі птушкамі, – кажа арнітолаг. – У першую чаргу буду шукаць у Мінску варон.

Фота vistanews.ru.

Фота vistanews.ru.

Адкуль вароны з’явіліся ў вялікіх гарадах?

Вароны ніколі не былі гарадскімі птушкамі і жылі на палях за горадам. Але цяпер яны частыя жыхары мегаполісаў. Пан Людвік тлумачыць, што віной гэтаму… заапаркі.

– Гэта тэорыя многіх арнітолагаў, і я бачу яе пацвярджэнне на ўласнай практыцы, – заўважае ён. – Раней вароны траплялі ў гарады толькі ў клетках і жылі ў заа­парках. Пасля птушкі з прыгарада пачыналі прылятаць у заапарк, бо бачылі там сваіх патэнцыйных партнёраў. Часцей за ўсё першая вароніна пара ў гарадах была такой: самка з прыгарада, а самец – уцякач з заапарку. Ці наадварот.  

Таму вароны ёсць і ў Лондане, і ў Берліне, і ў Маскве – паўсюль, дзе былі і ёсць заапаркі.

Па словах навукоўцы, у Польшчы вароны сустракаюцца толькі ў двух гарадах: Уроцлаве і Варшаве, дзе знаходзяцца найбуйнейшыя заапаркі.  Часцей варон можна сустрэць у прыгарадах, але ніколі – у гарадах.

Да таго ж пан Людвік развейвае стэрэатыпы наконт іх агрэсіўных паводзін.

– Не думайце, што вароны шалёныя, – кажа арнітолаг. – Яны не проста так чапляюцца да нас, а бароняць сваіх птушанят. Часам мы іх не бачым, але яны недзе ў кустах ці траве паблізу.

Кадр з фільма 1963 года “Птушкі” Альфрэда Хічкока.

Кадр з фільма 1963 года “Птушкі” Альфрэда Хічкока.

Пан Людвік падкрэслівае, што птушкі не будуць атакаваць чалавека без прычыны.

– Калі Альфрэд Хічкок здымаў свой знакаміты фільм “Птушкі”, тады яшчэ не было спецэфектаў. Таму каб зняць кадры, дзе птушкі кідаюцца на людзей, акцёраў ставілі ў месцы масавага гнездавання, каб у птушак спрацаваў інстынкт, – тлумачыць навукоўца.

“Выехаў з Айчыны, а прыехаў на Бацькаўшчыну”

Людвік Тамялойць не быў у тых мясцінах, дзе нарадзіўся, цэлых 70 гадоў. Цяпер, калі беларуская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” запрасіла навукоўца ў Мінск, ён змог наведаць і Ашмяншчыну. Пра свае ўражанні пан Людвік распавёў карэспандэнту “РГ”.

 – Як доўга вы пражылі ў Міхалконях?

– Шэсць гадоў. У 1945 годзе мая сям’я пераехалі ў тагачасную Усходнюю Прусію. Калі гля­дзець па бабулях, то ў мяне палова з іх беларускі, палова – полькі. Так што вось такі я еўрапейскі дварняк.

– Ці праўда, што менавіта на Ашмяншчыне вы ўпершыню зацікавіліся птушкамі?

– Так, увогуле ў мяне ў сям’і ніхто асабліва не цікавіўся жывёламі. Як цяпер памятаю: мне было пяць гадоў і я ўпершыню пабачыў пад кустом палавінку яечнай шкарлупіны. Палез на дрэва і пабачыў гэтых “маленькіх дыназаўраў”, як я іх тады назваў. Гэта было гняздо вехіра, вялікага голуба. А праз дзясяткі гадоў я абараніў доктарскую дысертацыю, прысвечаную вехіру! У той жа вёсцы я пачаў сачыць за птушкамі: знаходзіў гнёзды, лічыў яйкі. Гэта быў першы кантакт са светам птушак.

Міхалконі. Фота Андрэя Дыбоўскага,  globus.tut.by.

Міхалконі. Фота Андрэя Дыбоўскага, globus.tut.by.

– Якія ўражанні пакінулі ў вас мясціны дзяцінства цяпер?

– Шмат што змянілася. Відаць, што жыццё там ужо не такое актыўнае. Ад нашай хаты нічога не засталося. Але я пазнаў дубы – яны так і засталіся стаяць, як у дзяцінстве. І на сэрцы адразу вельмі цёпла стала, як іх пабачыў. Калі мы яшчэ стаялі на польска-беларускай мяжы, я смяяўся: выязджаю з Айчыны, а прыязджаю на Бацькаўшчыну!

– А людзей, якія б маглі памятаць вашых продкаў, сустрэлі?

– На шчасце, давялося сустрэць тых, хто памятае маіх бабуль і бацькоў. Але я, вядома, не памятаю ніякіх твараў з тых часоў. Памятаю толькі птушак.

– Ці плануеце ўзяцца за вывучэнне яшчэ і мясцовых крылатых?

– Ведаеце, я ў такім узросце, калі чалавек не складае вялікіх планаў. Адзінае, што я планую – трымаць сваё здароўе ў добрым стане. Калі атрымаецца – ужо будзе добра.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце