weather 17° Маладзечна
weather 17° Вілейка
weather 20° Смаргонь
weather 17° Ашмяны
weather 20° Валожын
weather 17° Мядзел
weather 20° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3272
1 долар 1.9984
100 рас.руб. 3.1481
25.07.2016 16:51 ,

Маладзечанцы на куражы: ізноў перамога – 2:0 (Фота)

Фота: Наталлі ТУР.

У гэтую суботу футбольная каманда “Маладзечна ДЮСШ 4” перамагла каманду з Рагачова. 

І дзякуючы гэтай перамозе ўзнялася на чацвёрты радок турнірнай табліцы. 

Але пра ўсё па парадку.

Магчыма, вечар суботы летам не самы лепшы час для таго, каб ісці на футбол, калі завуць і рэчка, і шашлыкі, але сапраўдныя заўзятары ведаюць, што без іх падтрымкі каманда, магчыма, і не справілася б.

Было як было. Рэдкія гледачы на трыбунах і шчыльныя рады фанацкага сектару атмасферу ўсё ж стварылі.

На поле выйшаў стартавы склад гульцоў: Антон Галгоўскі, Арцём Грыб, Аляксандр Альховік, Мікіта Харко, Сяргей Дрозд, Максім Чабрыцкі (яго заняміў Сяргей Галюк ад пачатку другога тайма), Ігар Нарожнік, Павел Галубовіч, Юры Пустаход (яму на змену выйшаў Юры Бугай), Ігар Талькоўскі (Ігара замяніў Ягор Майстровіч на апошніх хвілінах сустрэчы), Павел Майсяёнак (на змену якому выйшаў Антон Талстой – аўтар другога гола ў сустрэчы).

Першая палова гульні праходзіла на роўным супрацьстаянні: небяспечныя моманты стваралі як гаспадары, так і госці.

Пасля заканчэння гульні трэнер Рагачова Уладзімір Сіманенка сказаў, што першыя 20 хвілін матчу прайшлі як мае быць:

– І каб забілі ў гэты час, маглі б на нешта спадзявацца. А так, проста гулялі ў футбол.

На перапынак каманды сыходзілі з нулявым вынікам.

За некалькі хвілін да перапынку – традыцыйная вылазка ў “людзі”. Маленькія гледачы на трыбунах прызнаюцца, што прыйшлі паглядзець на свайго трэнера, гульца пад нумарам 17 – Паўла Галубовіча.

– Бачыце, вунь ён там з мячыкам бяжыць, а нешта ён не вельмі гуляе, а яшчэ трэнер. Хаця, мы б і так не змаглі, – паглядзелі адзін на аднаго маленькія заўзятары.

Другі тайм распачаўся з замены ў камандзе Маладзечна.

Сяргей Галюк замяніў Максіма Чабрыцкага. Магчыма, мне падалося, але прозвішча Галюк я чула часцей за іншыя з вуснаў трэнера Аляксандра Гармазы: “Галюк, ты наогул на полі!”, “Галюк, чаго ты зваліўся ў сярэдзіну!”, “Галюк, рухайся хутчэй!”.

І калі здавалася, што першы мяч нарэшце трапіць у вароты Рагачова, Сяргей ці не паспеў, ці прамазаў па мячу, які павінен быў стаць голам!

– Я сам бачыў, што трэнер не задаволены маёй гульнёй, – адказаў Сяргей Галюк, – ды і я сам незадаволены, мог бы лепш.

Але на 63 хвіліне справядлівасць перамагла – і вось ужо маладзечанцы святкуюць першы гол, які забіў наш лепшы бамбардзір Ігар Талькоўскі.

Праз 15 хвілін – поспех маладзечанцаў замацаваў Антон Талстой.

Пасля гульні галоўны трэнер “Маладзечна ДЮСШ 4” Аляксандр Гармаза прызнаўся, што вынік гэтай гульні быў заканамерным. Саму ж гульню назваў клейкай і цягучай.

Як пісалася вышэй, сваёй перамогай Маладзечна адваявала сабе чацвёрты радок турнірнай табліцы. І зноў у заўзятараў узнікла рытарычнае пытанне: а, можа, усё ж у першую лігу налета?

На што трэнер каманды быў лаканічным:

– Спытайцеся пра гэта ў кіраўніцтва горада.

Спытацца можна, але ці не атрымаецца ў чарговы раз як у Мікалая Гогаля: “ Не дае адказу”… 

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце