weather 23° Маладзечна
weather 23° Вілейка
weather 22° Смаргонь
weather 23° Ашмяны
weather 20° Валожын
weather 23° Мядзел
weather 22° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3272
1 долар 1.9984
100 рас.руб. 3.1481
27.07.2016 10:41 ,

Маладзечанская суполка ананімных алкаголікаў адзначыла 10-годдзе. Чаму варта далучыцца да групы тым, у каго залежнасць ад спіртнога

Ілюстрацыйны здымак.

Павіншаваць адзін аднаго з цвярозасцю і падзяліцца, як суполка змяніла жыццё, сабраліся людзі з розных гарадоў Беларусі 16 ліпеня ў музкаледжы.

Сустрэча пачалася з традыцыйнай для форумаў груп падтрымкі “лічылкі”. Вядоўцы запрашалі ўстаць спачатку тых, хто цвярозы 25 год і больш, 20 год, 19 і так па змяншэнні. Калі хтосьці з залы трапляў у названую катэгорыю, то ўставаў, а астатнія падтрымлівалі яго прагрэс апладысментамі. Знаходзіліся прадстаўнікі ў многіх групах – і ў каго больш за 25 год цвярозасці, і ў каго пакуль некалькі тыдняў і нават дзён.

Пасля прывіталі ­ўдзельнікаў паралельных груп падтрымкі – ананімных наркаманаў, сваякоў і блізкіх алкаголікаў, дарослых дзяцей алкаголікаў.

Першымі на сцэну запрасілі навічкоў. Сталыя ўдзельнікі ананімных алкаголікаў (АА) адзначылі, што супольнасць дзякуючы навічкам падымаецца як дражджавое цеста.

Некаторыя думаюць, што ў АА пазбаўляюцца ад хваробы ў адно імгненне, атрымаўшы нейкія сакрэтныя лекі. Удзельнікі групы падтрымкі іранізуюць над гэтым, уручаючы па­чаткоўцам “таблетку ад алкагалізму” – адмысловыя жэтоны:

– Калі захочацца піць, то чытайце малітву, што размешчаная на жэтоне, – тлумачыць навічкам сябра суполкі з вялікім стажам. – Ну, а калі зусім ужо ніяк ­нельга стрымацца, кла­дзіце пад язык і рассмоктвайце. Як толькі рассмакталі – усё, значыць, можна піць.

Ілюстрацыйны здымак. Фота wantbefree.com.

Ілюстрацыйны здымак. Фота wantbefree.com.

Навічкоў абдымаюць вядоўцы, і чуецца, як адзін з новенькіх прамаўляе: “Я не хачу згубіць усё”, а ў адказ чуе: “У цябе атрымаецца”.
На сустрэчу запрасілі святароў. Айцец Віталь адзначыў, што 12 крокаў праграмы АА ўяўляюць сабой хрысціянскі шлях барацьбы з жарсцямі. Айцец Сяргей у сваім выступленні падкрэсліў, што без учынкаў вера мёртвая.

Маладзечанская суполка ананімных алкаголікаў “Залатая жыла” праводзіла свой першы форум. З юбілеем віншавалі ўдзельнікі суполак з іншых мясцін краіны. З нашага рэгіёна акрамя гаспадароў маладзечанцаў былі прадстаўнікі з Астраўца, Смаргоні, Вілейкі і Валожына. Найчасцей дарылі кнігі на тэму цвярозасці ці рэчы, што спатрэбяцца для правядзення сходаў – чай, каву.

Што гаварылі выступоўцы

– АА – гэта тое, дзякуючы чаму я сёння жывы і цвярозы.

– У групу мяне цягнула знаёмая з маладзечанскай групы. Я думала, што гэта ёй трэба. Ну, думаю, раз ёй так трэба, добра, пахаджу. І толькі пасля я зразумела, наколькі гэта трэба мне.

– Знікла пачуццё страху.

– Сёння я быў упершыню ў Маладзечне, прайшоўся па горадзе – хапае кантынгенту такога, каму варта было б стаць вашымі навічкамі.

Ілюстрацыйны здымак. Фота collegechurch.com.

Ілюстрацыйны здымак. Фота collegechurch.com.

– Часта мы спрачаліся, хто каго парадзіў – алкаголікі нас ці мы алкаголікаў – выступала ўдзельніца групы падтрымкі для блізкіх, хворых на алкагалізм. – Але гэта спрэчка нагадвае спрэчку пра тое, што першае: яйка ці курыца. Цяжка зразумець, што нам таксама трэба працаваць па праграме. Раней я думала, што раз я цвярозая, то магу вырашаць, як жыць маім алкаголікам. Цяжка асэнсаваць, што я павінна дазволіць ім распара­джацца сваім жыццём і працаваць над сабой.

– Тут напісаная праўда, – сцісла пракаментаваў свой падарунак у выглядзе кнігі пра шлях да цвярозасці адзін з гасцей.

Некаторыя выступоў­цы падрабязна распавядалі пра тое, што не разумеюць, што за цуд адбываецца ў групе падтрымкі, але дастаткова проста пастаянна яе наведваць, каб заставацца цвярозым. 

Яны адлічваюць кожны дзень сваёй перамогі над алкагалізмам. Кожны з удзельнікаў АА як дзень нараджэння ведае дату, калі апошні раз піў. І калі хтосьці зрываецца, сябры суполкі не асуджаюць, яны гэта разумеюць. І калі хтосьці трымаецца ад аднаго юбілею да наступнага, то атрымлівае шчырыя віншаванні і моцную падтрымку ісці далей роўнай дарогай жыцця.

Група падтрымкі “Залатая жыла” праводзіць сходы ў капліцы святога Казіміра па Вялікім Гасцінцы. Па аўторках, чацвяргах і пятніцах сходы праходзяць а 19 гадзіне, па нядзелях – у 13:30. Вы можаце задаваць пытанні праз электронную пошту ці звычайную пошту: Мала­дзечна, 222306, а/с 9.

Даведка “РГ”. 12 крокаў – праграма, якая ляжыць у аснове працы над сабой у групе падтрымкі “Ананімныя алкаголікі”.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце