weather 18° Маладзечна
weather 18° Вілейка
weather 22° Смаргонь
weather 18° Ашмяны
weather 19° Валожын
weather 18° Мядзел
weather 22° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.312
1 долар 1.9886
100 рас.руб. 3.1609
27.07.2016 11:04 ,

Якія нечаканасці чакаюць у працы па размеркаванні? Маладыя людзі з рэгіёна дзеляцца сваім досведам першай працы

Ілюстрацыйнае фота.

Ад першага жніўня працаваць па размеркаванні пачалі маладыя спецыялісты. А тыя, хто ўжо адпрацаваў два гады, змогуць змяніць працу. Як праходзіць два гады размеркавання? Пра гэта “РГ” распавялі маладыя спецыялісты з рэгіёна.

Іра Кухальская, Маладзечна

Я скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, пасля чаго мяне размеркавалі ў адну з мінскіх дзіцячых бібліятэк.

У нас перад размеркаваннем усе так панікавалі! Шмат хто хацеў застацца ў сталіцы. Парабілі часовую рэгістрацыю, убухалі шмат грошай. Але амаль нікому гэта не дапамагло.

Я прынцыпова гэтага не рабіла. Але на апошнім курсе ўжо працавала ў адной бібліятэцы, адтуль мне далі запыт, туды і размеркавалі.

Ад самага пачатку ведала, што пасля адпрацоўкі сыду. Малы заробак, менш за тры мільёны. Калі загадчыца размяркоўвае прэмію, ёй было важней не пакрыўдзіць старых супрацоўнікаў, чым даць за актыўнасць маладым. Немагчыма цалкам сябе забяспечваць, маючы заробак бібліятэкара. Гэта першае.

Іра Кухальская.

Іра Кухальская.

Яшчэ ты вельмі залежыш ад меркаванняў загадчыцы. Калі трэба было зрабіць кніжную выставу, прысвечаную паэтам, я прапанавала Барадуліна. Мінуў ты­дзень з дня яго смерці. Але мне не дазволілі, бо гэта “апазіцыйны паэт”. І няважна, што народны.

Папрацаваўшы там год да размеркавання, я зразумела, што нейкая мадэрнізацыя нікому не трэба.

Увесь час сутыкаешся з нейкім СССР. Напрыклад, мы ўсе павінны выходзіць з бібліятэкі ра­зам, нават калі некаму трэба сысці раней. Такая традыцыя. Цябе, вядома, адпусцяць калі што, але ўсе будуць вельмі незадаволеныя.

Ці такі прыклад: нават калі няма наведнікаў і працы, ты павінны актыўна яе імітаваць, каб не было канфлікту. Ты не можаш чытаць на працоўным месцы, калі няма працы! Кнігі папраўляеш ці робіш выгляд, што складаеш сцэнар для мерапрыемства.

Мы чыталі, вядома, але калі загадчыца бачыла, была вельмі незадаволеная. Хаваліся. Я вывучыла крокі ўсіх супрацоўнікаў і калі чула загадчыцу, хуценька ўсё хавала.

Ілюстрацыйны здымак. Фота appleinsider.ru.

Ілюстрацыйны здымак. Фота appleinsider.ru.

Калі быў завоз новых кніг, прыходзіла шмат каляровых і сучасных. Мы з дзяўчатамі іх заў­сёды чыталі, каб пасля распавесці наведнікам, парэкамендаваць. Старэйшыя жанчыны ўсе новыя кнігі ставяць на паліцу і нават не гартаюць. А калі прыхо­дзіць мама з дзецьмі, яны рэкамендуюць ім не новую, а старую савецкую кнігу, бо яны яе добра ведаюць. Адкуль тады ў дзяцей з’явіцца цікавасць да кніг?

Агулам не магу сказаць, што праца мне не падабалася. Падыход дрэнны, я не люблю ся­дзець і марнаваць час. А там такая сістэма: прыйсці і адсядзецца. Калі ты актыўнічаеш, цябе не вельмі падтрымліваюць – ты быццам паказваеш, што вось я такі актыўны, а вы нічога не робіце.

Магчыма, размеркаванне – гэта не так дрэнна, калі ты ўпэўнены ў выбары прафесіі. Але калі ты вучыўся толькі, каб атрымаць дыплом – гэта трагедыя.

У маім выпадку я разглядаю гэта як яшчэ адну спробу зразумець сваё месца, таму мне не шкада гэтых гадоў.

Павел Хаванскі, Вілейка

Я скончыў БНТУ ў 2013 годзе, спе­цыяльнасць “гарадскі электрычны транспарт”. У Вілейцы такога няма, таму размеркавалі ў мінскі метрапалітэн.

Напачатку быў задаволены. Добры заробак для маладога спецыяліста і добра ставіліся, пакуль праз пару месяцаў не змянілася кіраўніцтва. Прыйшоў новы кіраўнік і папрасіў, каб я пару месяцаў перавёўся ў звычайныя электрамеханікі, а пасля новага года мяне перавядуць назад, накінуўшы 0,5 стаўкі электрамеханіка. Я быў не супраць і пагадзіўся. Але мяне так і не перавялі назад, і больш таго, пачалі зразаць прэмію. Я пачаў з імі “бадацца”: у выніку перамог і недапрацаваў два месяцы.

Павел Хаванскі.

Павел Хаванскі.

Я абслугоўваў ліфты і нахільна-лесвічныя платформы (НЛП) – такія канструкцыі, на якіх можна спусціцца па лесвіцы ў інвалідным вазку. Ад маёй працы залежаў камфорт інвалідаў. Але ў Мінску для іх няма ўмоў, таму ў метро яны амаль не ездзяць. Толькі раз за два гады я дапамагаў спусціцца на НЛП. 

Таксама праводзіў тэхагляд ліфтаў, дапамагаў ліфцёркам. У іх стаяць камп’ютары, у якіх многія нічога не разумеюць. Часам дапамога зводзілася да таго, каб проста перазагрузіць ці ўключыць гук. 

Сітуацый шмат было і смешных, і сумных адначасова. Хто з пасажыраў засядзе ў ліфце і трэба даставаць, а яны панікуюць, потым кідаюцца на цябе, пішуць скаргі. Аднойчы дзявятага мая электрамеханік уключыў рэзка эскалатар не ў той бок, шмат людзей упала. 

Думкі застацца пасля заканчэння не было ніводнай.

Цяпер я фрылансер у сферы інтэрнэт-маркетынгу. У гэтай працы, у параўнанні з мінулай, адны плюсы. 

Мінскае метро. Фота news.tut.by.

Мінскае метро. Фота news.tut.by.

Да размеркавання стаўлюся дваяка. Для некага гэта добры шанец атрымаць досвед працы. Для іншых – катаванне, прымус працаваць там, дзе няма жадання працаваць.

Асабіста для мяне гэта больш досвед працы на дзяржпрадпрыемстве, куды больш ніколі не вярнуся, досвед працы з людзьмі і невялікага кіраўніцтва – у брыгадзе было каля 40 ліфцёрак. А таксама досвед адстойваць свае правы.

Кірыл, пажадаў не называць прозвішча

Пасля заканчэння Мінскага радыётэхнічнага каледжа на размеркаванне ў мяне атрымалася дамовіцца толькі з адным з заводаў рэгіёна. 

З самага пачатку мяне накіравалі ў цэх на станкі – а гэта не мая спецыяльнасць. Але начальніца сказала, што там будзе вышэйшы заробак. Насамрэч заробак ледзь дацягваў да мінімалкі. Я мог жыць у бацькоў, таму грошай хапала на ежу і адзенне. Самому на заробак было б не­рэальна пражыць. 

Праца на заводзе можа мець і плюсы, і мінусы. Ілюстрацыйны здымак. Фота photographminsk.by.

Праца на заводзе можа мець і плюсы, і мінусы. Ілюстрацыйны здымак. Фота photographminsk.by.

Праца ідзе ў тры змены. У начную ў цэху было холадна, нават у жніўні-верасні. Дах дзіравы, падчас дажджу з яго капала, нават некаторыя станкі стаялі ў плёнцы, каб іх дажджом не намачыла. 

Узімку холадна было паўсюль, акрамя другога паверха, дзе сядзіць кіраўніцтва. Часта даводзілася працаваць у куртцы і шапцы. 

Я звяртаўся ў аддзел кадраў, каб мяне перавялі ў іншы аддзел, па спецыяльнасці, але мне казалі, што я пакуль не маю досведу для гэтага.

Пасля мне прыйшла павестка з ваенкамата, таму я звольніўся. Але літаральна за два дні да адпраўлення ў войска вырашылі, што я непрыгодны для службы. Давялося зноў шукаць працу. Я не хацеў ехаць у Мінск, было жаданне застацца. Але працы ў іншых арганізацыях знайсці не змог, таму вярнуўся на завод дапрацаваць размеркаванне. Але ўжо не ў цэх, а ў аддзел.

Працавалася і сумна, і весела адначасова. На заводзе ёсць прахадная, таму ніякіх спазненняў ці “збег крыху раней з працы” быць не магло. Я працаваў слесарам, з прыборамі. На заводзе не было столькі прыбораў, каб штодзень па восем гадзін з імі працаваць!

У іншых аддзелах тое ж самае. Навошта на двух грузчыкаў трое камандзіраў? Там няма чаго грузіць! І зашмат было бюракратыі, такое ўражанне, што паўзавода сядзіць і перакладае паперкі.

Калі ў працы быў вольны час, я чытаў. Часам лавіў сябе на думцы, што сяджу бы гаспадыня: зашываю працоў­ную куртку і адначасова гляджу фільм.

Размеркаванне можа выклікаць страх, але не заўсёды апраўданы. Ілюстрацыйны здымак. Фота pikabu.ru.

Размеркаванне можа выклікаць страх, але не заўсёды апраўданы. Ілюстрацыйны здымак. Фота pikabu.ru.

Адзінай рэальнай працай былі камандзіроўкі: часам трэба было ездзіць з прыборамі ў іншыя гарады. Мне гэта падабалася, і іншыя цешыліся, што я гэтым займаюся, бо самім не хацелася варушыцца і некуды цягацца.

Відаць, што многія за працу проста трымаюцца. Каму да пенсіі дапрацаваць, каму да канца размеркавання, а хто проста ведае, што іншай працы не знойдзе.

Калі скончылася размеркаванне, я склаў спіс плюсаў і мінусаў працы на заводзе. Плюсы былі толькі два: шмат вольнага часу і камандзіроўкі. Мінусаў нашмат болей: умовы працы, заробак, не было перспектывы кар’ернага росту. Ну, па­чаў бы я атрымоўваць не паўтара мільёна, а два з паловай, а сэнсу? Гэта не дапамагло б мне злезці з бацькоўскай шыі.

Стаўленне да мяне ў калектыве было добрае, там працуюць добрыя людзі. Ніякай “дзедаўшчыны” я не адчуў.

Не магу сказаць, што гэтыя два гады прайшлі ўпустую. Я навучыўся працаваць з новымі прыборамі. Але на гэта не варта было траціць гады, хапіла б і месяца.

Я лічу, што размеркаванне добрае тады, калі да яго падрыхтавацца з першага курса. Ці добра можа быць тым, хто сам працу не знайшоў, але працаваць хоча – размеркаванне іх ратуе.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце