weather 16° Маладзечна
weather 16° Вілейка
weather 17° Смаргонь
weather 16° Ашмяны
weather 14° Валожын
weather 16° Мядзел
weather 17° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.46
1 долар 2.1177
100 рас.руб. 3.2257
28.07.2016 16:37 ,

Маладзечанскі замак зруйнавалі зомбі – чым вас здзівіць новая кніга пра Агінскага (Урывак кнігі)

Фота: ulej.by.

Першы зомбі-хорар на беларускай мове збіраецца выдаць Уладзімір Садоўскі з Мала­дзечна.

Кніга “1813” – псеўдагістарычны твор. Аўтар узяў рэальных гістарычных асоб і ўмовы, у якіх яны жылі, але стварыў для іх абсалютна фантастычную гісторыю. 

Такі жанравы эксперымент прадугледжвае альтэрнатыўны варыянт гісторыі. Уладзімір распавядае пра тое, што ідэя кнігі з’явілася ў літаратурным гуртку. Удзельнікам у Палацы культуры прапанавалі напісаць пра ўнёсак Агінскага ў культуру Маладзечаншчыны.

“Мне такая практыка не вельмі спадабалася, оды на загад я ствараць не збіраўся і падумаў, што калі і напішу што-небудзь пра Міхала “наша ўсё” Клеафаса Агінскага, то ў маім творы граф будзе не музіцыраваць і штурхаць пафасныя прамовы пра лёс Айчыны, а калашмаціць орды зомбі направа і налева з шабляй і пістоляй наперавес.

Спачатку я палічыў гэту ідэю проста жартам, але з часам сур’ёзна задумаўся над напісаннем менавіта такой гісторыі”, – распавядае малады пісьменнік.

Кніга “Аўраам Лінкальн: паляўнічы на вампіраў” канчаткова вызначыла рэчышча, у якім аўтар напіша твор: надаваць рэальным гістарычным падзеям фантастычны альтэрнатыўны сэнс. У кнізе “1813” платформай для эксперыменту стаў час пасля вайны 1812 года, калі Агінскі прыязджае ў маладзечанскі замак да дзядзькі. Пасля адлігі забітыя салдаты паўстаюць і пачынаюць наво­дзіць страх на мясцовасць.

Фота vk.com.

Фота vk.com.

У размове з карэспандэнтам “РГ” Уладзімір расказаў, як рыхтаваўся, каб стварыць антураж апісанай эпохі:

– Я прачытаў кнігу пра Агінскага, а таксама шмат чытаў у інтэрнэце пра тагачасную форму, вопратку, зброю. Глядзеў гістарычныя фільмы.

Агінскі – цэнтральны персанаж, ён рушыць дзеянне, усё адбываецца вакол. Можа, крытыкі скажуць, што мне не ўдалося ажывіць яго.

На маю ж думку, у творы ён паўстае як патрыёт, яго кранае бяда, якая напаткала родныя землі. У тэксце таксама ёсць флэшбэкі, дзе Агінскі ўзгадвае сябе маладога, яшчэ паўстанцам у арміі Тадэвуша Касцюшкі. У асноўным дзеянні Міхал – гэта чалавек за 40, з важным чынам.

– Ці сышоў час чыста гістарычных кніг з узроўнем рэалістычнасці як у Вальтэра Скота, саступіўшы месца літаратурным эксперыментам?

– Сапраўды, у мяне не гістарычная кніга, а сумесь жанраў. Мне важна было стварыць атмасферу таго перыяду. У большасці чытачоў наўрад ці будзе шмат ведаў пра дэталі, напрыклад, што елі, якімі лыжкамі. Таму я вывучыў перыяд настолькі, каб дадаць некалькі адметных штрышкоў. Я зусім не збіраўся пісаць твор, па якім бы вывучалі гісторыю ў школе. Якраз наадварот, наўмысна ўвёў гістарычныя недакладнасці. Калі чытач будзе капаць, то знойдзе шмат нестыковак з рэальнасцю.

 

Ілюстрацыі да навэлы “1813”. Мастак Раман Петрашка.

– Ці чакаеце вы непрыняцця твора з-за таго, што ўзялі святое і апаганілі зомбі?

– Пакуль твор цалкам чыталі толькі мае сябры, у іх такіх забабонаў няма. Ва ўсім свеце цяпер мода на зомбі, у фільмах, кнігах. Мяркую, што адштурхоўвацца трэба ад таго, што адбываецца ў свеце, як развіваецца сусветная культура.

Караткевіч зусім не сумна пісаў гістарычныя кнігі, без пафасу, і гэта толькі пайшло на карысць творам.

Што тычыцца “1813”, то ў першую чаргу гэта забаўляльны твор. На маю думку, сама гісторыя будзе больш цікавай, калі яе так падаваць. А там ужо асоба Агінскага можа зацікавіць, і чалавек захоча вывучыць яго рэальны лёс.

– Чым ваша кніга прывабіць?

– Для нашых людзей такая форма – гэта навінка. Мода на зомбі ў свеце існуе не адно дзесяцігоддзе як забаўляльны элемент. А вось у беларускім культурным асяроддзі такога яшчэ не было.

– З чым плануеце эксперыментаваць у наступнай кнізе?

– У наступным творы сябры суполак філаматаў і філарэтаў у мяне паў­стануць у якасці паляўнічых за дэманамі.

Усё будзе па такім жа прынцыпе: рэальнаму факту знойдзецца альтэрнатыўная фантастычная трактоўка. Вось, напрыклад, як у “1813” я тлумачу, чаму зруйнаваны мала­дзечанскі замак – на яго напалі зомбі і разбурылі.

Кніга на паперы пад пытаннем

У кнізе “1813” акрамя асноўнай навелы будзе блок фантастычных апавяданняў Уладзіміра Садоўскага.

Адметнасць у тым, што малады пісьменнік збіраецца выдаваць электронную кнігу, і толькі некалькі адзінак убачаць свет у друкаваным выглядзе. Уладзімір лічыць, што электронныя больш зручныя, эканамічныя і экалагічныя.

Але і такая кніга патрабуе выдаткаў. Патрэбная карэктура, рэдактура, вёрстка, а таксама аплата міжнароднага стандартнага кніжнага нумара, які прысвойваецца кожнай кніжцы і неабходны для іх распаўсюду.

Малады аўтар збірае грошы на праект праз платформу “Улей”, на якой кожны можа прапанаваць свой праект, пазначыць суму, якая патрэбная для рэалізацыі, і прапанаваць ахвотным уносіць у праект столькі грошай, колькі самі выберуць.

У праект Уладзіміра можна ўкласці ад двух рублёў. На момант публікацыі артыкула на кнігу пералічылі 58% ад неабходнай сумы.

Уладзімір не выключае, што папяровыя кнігавыдаўцы могуць зацікавіцца творам і прапанаваць традыцыйную публікацыю.

З жонкай Наталляй. Фота vk.com.

З жонкай Наталляй. Фота vk.com.

Фота vk.com.

Фота vk.com.

Уладзімір Садоўскі – пісьменнік-пачатковец і малады бацька

Уладзіміру 29 год. Працаваў у Маладзечанскіх электрасетках, цяпер працуе інжынерам-праектантам у мінскай арганізацыі. Выпускнік гімназіі №7, скончыў БНТУ.

Ён вядзе краязнаўчы блог, быў аўтарам некалькіх гістарычных артыкулаў у “РГ”.

13 ліпеня ў яго і жонкі Наталлі нарадзіўся сын Адам.

Уладзімір выкладаў свае творы ў блогу, а вось першай апублікаванай кнігай якраз і рызыкуе стаць “1813”.

Урывак з кнігі “1813” 

“Збіраючыся ў сядло, Міхал думаў над словамі плябана: “Мерцвякі ходзяць, што ён выдумаў? Быць гэтага не можа”. Агінскі накіраваўся да замка. Ён разважаў, як сказаць дзядзьку аб тым, што дапамогі ад трынітарыяў чакаць не варта. Краем вока граф заў­важыў рух каля адной з разбураных хат. Там быў чалавек. Стоячы на каленях спінай да Міхала, ён апусціў галаву і нешта рабіў рукамі перад сабой.

«Пэўна, вогнішча разво­дзіць”, – мімаходзь падумаў Агінскі. На мужчыну быў сіне-чырвоны шынель вайсковага крою. Ён быў настолькі захоплены сваёй справай, што не звяртаў на конніка ўвагі. Міхал не стаў яго аклікаць і проста паехаў далей.

Праз хвіліну, калі вершнік знік за паваротам, чалавек азірнуўся. Зямлісты твар мужчыны быў выпацканы крывёй.

Скрозь парваныя вусны бачыліся скрываўленыя дзясны з чорнымі зубамі. Здавалася, што чалавек усміхаецца”.

Даведка “РГ”. Флэшбэк – мастацкі прыём, калі часова спыняецца аповед асноўнай сюжэтнай лініі, каб паказаць падзеі мінулага.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце