weather 20° Маладзечна
weather 20° Вілейка
weather 22° Смаргонь
weather 20° Ашмяны
weather 22° Валожын
weather 20° Мядзел
weather 22° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.2898
1 долар 1.9706
100 рас.руб. 3.1632
28.07.2016 13:15 ,

Жужаль, кроплі шкла, косткі – якія яшчэ знаходкі чакалі даследчыкаў пры раскопках гуты ў Ільі (Фота)

Падчас раскопак.

Ад 20 чэрвеня да 4 ліпеня ў вёсцы Ілья Вілейскага раёна ўдзельнікі валанцёрскай экспедыцыі Інстытута гісторыі НАН Беларусі праводзілі раскопкі на месцы колішняй шкляной гуты, якая знахо­дзілася тут у 1760-х гадах.

Кіравала экспедыцыяй аспірантка Інстытута гісторыі НАН Беларусі, выкладчыца кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін БДУ Паліна Курловіч-Бяляўская.

З гісторыі вёскі вядома, што ў другой палове 18 стагоддзя прадпрыемства па вытворчасці шкла (гуту) ва ўласным маёнтку Ілья на беразе ракі заснавалі браты Юзаф і Антоні Салагубы. Вядома, што на месцы, якое селёта даследавалі валанцёры, гута знаходзілася ў 1760-х гадах, а пасля была перанесеная ў іншае месца.

– Гэта ўжо другі сезон раскопак, – распавядае кіраўнік экспедыцыі Паліна Курловіч-Бя­ляў­ская. – Яны ўнікальныя тым, што з’яўляюцца першымі мэтанакіраванымі даследаваннямі магнацкіх мануфактур на тэрыторыі Беларусі. Вузкія храналагічныя межы помніка дазваляюць вызначыць характэрныя рысы матэрыяльнай культуры рэгіёна другой паловы 18 стагоддзя. У мінулым годзе раскопкі адбываліся “на перыферыі” прадпрыемства.

Фота Паліны Курловіч-Бяляўскай.

Фота Паліны Курловіч-Бяляўскай.

А сёлета мы даследавалі непасрэдна вытворчую зону. Тут знайшлі канструкцыю печы, якая складалася з ацяпляльнай часткі і пабудовы, дзе варылася шкло. Падлога гуты складалася з гліны, дадаткова ўмацаванай цэглай. Вакол канструкцыі захаваліся рэшткі дрэва ад нейкай, магчыма, каркасна-плеценай сцяны. Да ліку найбольш цікавых знаходак належаць рэшткі інструментаў шкларобаў і фрагменты шкла, якія сведчаць аб тагачаснай тэхналогіі ў галіне шкларобства.

Выяўленыя на помніку манеты, адчаканеныя ў 1730 – 1740-х гадах, пацвярджаюць час існавання гуты. Па-за межамі вытворчай пляцоўкі знайшлі вялізную яму, у якую рабочыя выкідалі смецце. Тут знайшлі шмат вытворчых адходаў: жужаль, аплаўленае шкло, вугаль, попел, дробныя кавалкі бітай цэглы, кроплі шкла, а таксама побытавага смецця: біты керамічны посуд, косткі рыб і жывёл.  

Зрабіўшы экспертызу костак, можна будзе вызначыць, чым харчаваліся рабочыя шклагуты.

Знойдзеныя рэчы пакуль будуць захоўвацца ў фондах Інстытута гісторыі НАН Беларусі, а пасля ёсць верагоднасць іх перадачы ў Вілейскі краязнаўчы музей.

Па словах аднаго з валанцёраў Ільі Пагадаева, экспедыцыя сабрала зацікаўленых людзей з Мінска, Брэста, Бярозы, Вілейкі. Паў­дзельнічаць у раскопках гуты прыехаў спецыяліст па шклу Новага часу з Кірава (Расія) Аляксей Кайсін. Сам Ілья, а таксама Аляксей Барнюк, Інга Пяганава, Віталь Абрамовіч, Кацярына Лукша, Кастусь Лепяшынскі, Дар’я Дзядзюля – студэнты і выпускнікі гістарычных факультэтаў розных ВНУ краіны, а Аляксей Марозаў вучыцца ў Варшаўскім універсітэце.  

Фота Паліны Курловіч-Бяляўскай.

Фота Паліны Курловіч-Бяляўскай.

Фота Паліны Курловіч-Бяляўскай.

Фота Паліны Курловіч-Бяляўскай.

Значную дапамогу валанцёрам аказалі мясцовыя жыхары. ­Удзельнікі экспедыцыі асабліва ўдзячныя мясцоваму краязнаўцу Уладзіміру Кажамяку, дырэктару Ільянскай сярэдняй школы імя Грымаця Ігару Юшко і ўсім супрацоўнікам гэтай установы, а таксама Надзеі Філіповіч, на чыёй зямлі вяліся даследаванні, і ўсёй яе сям’і.

На сёння раскоп закансерваваны, гэта значыць, што знойдзеныя аб’екты зафіксаваныя, але дасканала яшчэ не вывучаліся. Паліна Курловіч-Бяляўская і яе валанцёры плануюць вярнуцца сюды ў наступным годзе. Магчыма, што на гэтым месцы адбудзецца практыка студэнтаў гістарычнага факультэта БДУ.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце