weather 9° Маладзечна
weather 9° Вілейка
weather 12° Смаргонь
weather 9° Ашмяны
weather 10° Валожын
weather 9° Мядзел
weather 12° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.417
1 долар 2.112
100 рас.руб. 3.2096
29.07.2016 12:43 ,

Вілейшчына літаратурная або крыніца натхнення Іліера Менашэ, Змітрака Бядулі і Міколы Кутаса (Вершы)

Фота vsluh.ru.

Літаратурная гісторыя і сучаснасць Вілейскага краю змяшчае ў сабе столькі знакавых дат, мясцін і імёнаў, што часам цяжка зарыентавацца і выбраць галоўнае, але паспрабуем.
  • І першае імя Іван Фёдараў… Так-так, вядомы  кнігавыдавец, асветнік, заснавальнік кнігадрукавання ў Расіі і Украіне ў 16 стагоддзі. Ёсць доказы, што родам ён  з Вілейшчыны.
  • Пэўнае дачыненне да Вілейскага раёна меў гуманіст пісьменнік Васіль Цяпінскі (1540-1603). Ёсць звесткі, што ён валодаў маёнткам Цяпінцы, недалёка ад вёскі Латыгаль.
  • Іліер Менашэ – вядомы талмудыст, вучоны асветнік 18-19 стагоддзяў, сам родам са Смаргоні, а ў Ілью трапіў у 17 год, ажаніўшыся з дачкой мясцовага рабіна. Памёр таксама ў Ільі ў час эпідэміі халеры. Пахаваны на старых яўрэйскіх могілках у вёсцы.
  • Яшчэ адна знакамітая асоба Ігнат Ходзька – класік польскай літаратуры, творы якога вывучаліся ў польскай школе да 1939 года – нарадзіўся ў маёнтку Заблошчына.
  • У 19 стагоддзі на Вілейшчыне вёў раскопкі Адам Кіркор – вядомы не толькі як археолаг, але і як гісторык літаратуры, публіцыст.
  • На тэрыторыі былога Вілейскага павета нарадзіўся паэт Адам Гурыновіч (1869 – 1894).
  • Змітрок Бядуля (Самуіл Плаўнік) – паэт, пісьменнік пачатку 20 стагоддзя – з 12 год вучыўся на яўрэйскага святара ў ешыбоце ў Даўгінаве, а ад 1899 да 1901 – у такой самай установе ў Ільі, пра што пасля расказваў у творы “У дрымучых лясах”.

Помнік Вільяне ў Вілейцы. Фота vialejka.info.

Помнік Вільяне ў Вілейцы. Фота vialejka.info.

  • Аляксандр Уласаў – грамадскі і культурны дзеяч, публіцыст, выдавец, першы рэдактар “Нашай нівы” нарадзіўся ў Вілейцы ў 1874 годзе.
  • Янка Купала ў 1911 годзе прыязджаў на шклозавод “Залессе”, пра што напісаў артыкул у “Нашу ніву”.
  • Вёска Касічы – радзіма пісьменніка, журналіста, этнографа Сымона Барыса (нар. у 1937 годзе), аўтара кнігі “Нарачанка і яе берагі”, матэрыял пра якую быў змешчаны ў “РГ” і ў шэрагу іншых.
  • З дзіцячых гадоў на Вілейшчыне жыла паэтка Ганна Новік (1914 – 1977). Яе імя нададзена Вілейскай раённай бібліятэцы.
  • Сёння ў Вілейцы захаваўся будынак гімназіі, у якой вучыўся малады Максім Танк, а  ў Ільі – сельсавет, дзе сустракаўся з вяскоўцамі Янка Брыль, калі ў 1980-я гады выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі па  Ільянскай акрузе.
  • Літаратурнай мясцінай стала вёска Пятрылава. Тут ужо шмат гадоў жыве вядомы беларускі празаік Леанід Левановіч.
  • Вілейшчына “ўзгадавала” паэтаў Дзмітрыя Новікава (нар. у 1954-м) і Леаніда Лукшу (1933), паэта і перакладчыка, члена Саюза беларускіх пісьменнікаў Уладзіміра Папковіча (1935), журналіста і літаратара Уладзіміра Дубовіка (1940 – 1986),  паэта Івана Вараўку  (1955).

У Вілейцы. Фота fotobel.by.

У Вілейцы. Фота fotobel.by.

  • У паэта,  члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Івана Лашуткі (1933 – 2004)  з  Вілейшчынай было звязана ўсё жыццё: тут ён нарадзіўся, вучыўся ў школе і сюды вярнуўся настаўнічаць пасля заканчэння БДУ.
  • Плённа працуюць у Вілейцы і сустракаюцца з чытачамі рэгіёна члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Віктар Кажура і Уладзмір Цанунін. А колішняя навучэнка Віктара Кажуры, віляйчанка Бажэна Мацюк, таксама стала членам Саюза пісьменнікаў Беларусі і праслаўляе родны горад, жывучы ў сталіцы.
  • Свае таленты дала Беларусі і невялікая вёсачка Шыпкі: тут нара­дзіўся паэт і журналіст Алесь Сівы, гадавалася ў бабулі паэтка член Саюза пісьменнікаў Беларусі Іна Фралова, навучаў дзяцей беларускай мове і нават спевам паэт, паэт-песеннік, паэт-перакладчык, кандыдат філалагічных навук, член Саюза пісьменнікаў Беларусі,  дацэнт Мікола Шабовіч.
  • Шмат для роднай Вілейшчыны зрабіў краязнаўца, былы аўтар “РГ” Анатоль Рогач (1947 – 2010),  і працягваюць рабіць краязнаўца і паэт Анатоль Капцюг, член Саюза беларускіх пісьменнікаў, празаік Ула­дзімір Кажамяка, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Плавінскі, малады пісьменнік і журналіст супрацоўнік газеты “Наша Ніва” Сяргей Макарэвіч, краязнаўца Дзяніс Канецкі і хлопцы-энтузіясты з таварыства “Ахова помнікаў Беларусі”.
  • Шмат гадоў краявіды Вілейкі натхняюць на творчасць паэта Барыса Манцэвіча.
  • Яшчэ сёння ў Вілейцы стварае свае казкі член Саюза беларускіх пісьменнікаў Зінаіда Губарава-Крупская, радуюць чытачоў вершамі і новымі зборнікамі  Алесь Наркевіч (член Саюза беларускіх пісьменнікаў),  Сяргей Паўлоўскі, Клаўдзія Дубовік, Роза Шэрая (кіраўнік школьнага народнага музея “Вілейшчына літаратурная”), Мікола Кунавіч, Таццяна Цвяткова, Антаніна Гарчакова, Алег Бяганскі, творчая сям’я Галіны і Міколы Кутасаў і многія-многія іншыя.

Уладзімір Цанунін

Уладзімір Яфімавіч Цанунін нарадзіўся 1 ліпеня 1954 года ў вёсцы Батвінаўка Кры­чаў­скага раёна Магілёўскай вобласці. Бацькі працавалі настаўнікамі мясцовай школы, якую я ў 1971 годзе скончыў з залатым медалём.

У 1975 годзе пасля заканчэння гістфака Магілёўскага дзяржаўнага педінстытута стаў настаўнічаць у вёсцы Святая Воля Івацэвіцкага раёна. Праз год вярнуўся на радзіму, працаваў у Чавускім раёне, затым у Крычаўскім вучылішчы меліярацыі, у 1980-я гады пераехаў у родную вёску, у якой пражыў да аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Як перасяленца, лёс закінуў у вёску Папялёва на Пружаншчыне. Там, у Белавежскай пушчы, жыў у адным доме з беларускім паэтам Міколам Купрэевым.

У 1995 годзе па выніках конкурсу быў прыняты на працу ў беларуска-германскае дабрачыннае прадпрыемства “Надзея – ХХІ стагоддзе”.

Да пенсіі тут працаваў настаўнікам гісторыі і кіраўніком гуртка “Работа з дрэвам”.

Вершы і песні пачаў пісаць яшчэ ў пачатковай школе. Першы раз надрукаваўся ў часопісе “Бярозка” ў 1967 годзе. Ад 2002-га з’яўляюся членам народнага клуба самадзейных паэтаў і кампазітараў “Жывіца”, які ўзначальвае Ірына Карнавухава. Кожны год па ініцыятыве клуба выдаюцца зборнікі вершаў, сярод якіх ёсць і мае. Акрамя гэтага “Жывіца” выдала чатыры песенныя зборнікі і больш за дзясятку дыскаў, у якіх можна адшукаць мае песні.

Цяпер жыву ў Вілейцы. Удзельнічаю ў мясцовым літаб’яднанні “Натхненне”. Друкаваўся ў чатырох зборніках нашага аб’яднання.
15 гадоў уваходжу ў народны калектыў аўтарскай песні “Элегія”. Мы запісалі каля дзясятка ўласных дыскаў, удзельнічалі ў розных фестывалях, дзе часта станавіліся лаўрэатамі (“Лицедейство старого города” і “Лістапад” у Віцебску, “Восень-2005” у Польшчы і інш.). Пасля перамогі на фестывалі польскай нацыянальнай культуры ў Маладзечне мяне і маіх калег з “Элегіі” ў 2009 годзе прынялі ў Беларускі саюз музычных дзеячаў.

У 2010 годзе мною быў напісаны вершаваны тэкст да фільма “Горад на Вяллі”, які заняў першае месца на конкурсе дакументальнага кіно.

У Саюзе пісьменнікаў Беларусі ад 2014 года. Маю паэтычныя зборнікі: “У струменях часу”, “Хто ж адкажа”, “Зачараваная чаромха”, “Пушчанскія галасы”, “Да вогнішча далёкага юнацтва”. У зборніку “Край верасовы” маіх вершаў больш за 50. Цяпер рыхтую да выдання зборнік гумарыстычных вершаў і анекдотаў “Люстэрка”.

Жонку маю завуць Святлана. Яна да пенсіі працавала настаўніцай матэматыкі заўсёды ў адной школе разам са мной. Сын Дзмітры і дачка Алёна падарылі нам трох унучак: Стэфанію, Карыну, Марыю і ўнука Кірыла, пра якіх я напісаў вялікую нізку вершаў і думаю, што ў хуткім часе з іх атрымаецца кніжка для дзяцей пад назвай “Кветка Сонейка”. 

Літпарада ад Уладзіміра Цануніна

Усім, хто бярэцца за пяро, трэба абавязкова памятаць аб адказнасці за тое, што вы хочаце сказаць людзям.

Не трэба спяшацца лічыць сябе класікам, выслухаўшы словы ўсхвалення аднаго ці некалькіх родзічаў.

Калі вы не станеце жорсткім крытыкам самі для сябе, не будзеце біцца над кожнай думкай, кожным словам, вашы вершы застануцца слабымі.

Фота www.vetka.by.

Фота www.vetka.by.

Другімі не будзем

На Вялікдзень крыштальных званоў карагод
узнімаецца ў неба над краем.
Мы – маленькі, але старажытны народ,
і традыцый сваіх не губляем.

Ёсць у кожнага хата, садок, агарод,
морам жыта хвалюецца ў полі.
Мы – маленькі, але працавіты народ,
не былі гультаямі ніколі.

Не ірвёмся на Захад, не прэм на Усход,
да суседзяў адносімся роўна.
Мы – маленькі, але вельмі мудры народ,
і разважлівы, і памяркоўны.

Фота styldoma.ru.

Фота styldoma.ru.

Пабудую дом на гары

Пабудую дом на гары,
Пасаджу навокал сады,
Каб з краёў далёкіх сябры
Прыязджалі ў госці сюды.

Навару салодкіх мядоў,
Каравай спяку немалы.
Па закону нашых дзядоў
Пасаджу сяброў за сталы.

Запрашу музыкаў сяла,
Каб зайгралі гучна маршы,
Каб да ранку песня гула
І кранала струны душы.

А на золку нам салавей
Запяе напеў дарагі –
Успамін жыццёвых завей
Рэхам адляціць у лугі.

Мы за рукі возьмемся ўсе
І сярод ружовай зары
Басанож па чыстай расе
Пабяжым з высокай гары

Да крыніц святых, дзе вада
Зіхаціць бурштынам на дне.
І тады любая бяда
Стараной мой дом абміне.

Фота belpohod.info.

Фота belpohod.info.

Над матухнай Вяллёй

Пераспелі ў лузе прыгажуні-зёлкі,
Туманоў над рэчкай белы сырадой,
У празрыстых росах мыецца вясёлка,
І снуюць стракозы нізка над вадой.

На высокай кручы кратаюць аблокі
Дзідамі вяршыняў волаты-дубы.
Белыя лілеі пасярод затокі
Збіліся ў чародку, нібы галубы.

Між бяроз, на ўзлеску, водарам салодкім
Сцеле пах сунічны ветрык па зямлі
І хістае ветразь белакрылай лодкі
Над празрыстай гладдзю матухны Вяллі.

Так было спрадвеку і заўсёды будзе
З сонейкам уранку, з поўняй уначы.
І адна турбота застаецца людзям –
Гэты край чароўны вечна берагчы.

Тарас Апарык

Тарас Валер’евіч Апарык. Нарадзіўся 29 сакавіка 1991 года ў Вілейцы. Поўных 25 гадоў жыву тут. Пасля заканчэння школы паступіў на факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ, які скончыў у 2013 годзе.

– Працаваў у розных месцах. І паўсюль знаходзіў натхненне для напісання вершаў і песень. Творчасцю займаюся з 2006 года. Асноўная мова напісання – расійская. Таму беларускамоўных вершаў ці песень у мяне няшмат. 

Вершы друкаваліся у вілейскай газеце “Шлях перамогі”, празаічныя эксперыменты размяшчаліся у самавыдавецкіх часопісах БДПУ імя Максіма Танка “Ківач Фуко” і “Дзеці Фуко”.

Ад  2010 года стварыў гурт “Планета Усіх”. Асобна і разам з гуртам прымаў удзел у розных фестывалях і канцэртах. За плячыма ўжо амаль сотня выступленняў па Беларусі і трохі па Расіі.

Удзельнік фестываляў і конкурсаў: “Вілейская хваля”, “Зорка ўзышла над Беларуссю”, “Новыя імёны Беларусі”, фестывальнага адбору на перадачы “Подых струн” (на канале Беларусь-3), “Рамонская крыніца” (пад Варонежам), “Час жыць” (Маладзечна), “Карусель” (Магілёў), “Корнем-фэст” (Мінск), а таксама шэрагу лакальных музычных і байк-фестываляў па усёй Беларусі.

Фота sailors.at.ua.

Фота sailors.at.ua.

***

Порт. І хваля піўной пенай.
Чарнабровыя мурэны
Тых шукаюць, хто за грошы
Будзе грэцца іх цяплом.

І марак, п’яны да кішак,
Зазірае ў кілішак.
І не думае пра тое,
Што даўно не бачыў дом.

А вакол іх ходзяць людзі,
Ўсе з дакорам, нібы суддзі.
Але моўчкі, бо выдатна
Помняць моц іх кулака.

Караблі ўстаюць на якар,
Неба пачынае плакаць,
І вось нейкі смутак болем
Джаліць сэрца марака.

Тыя воды, тыя далі,
Што ў сябе гады ўвабралі,
Надакучылі бясконца,
Сняцца сны аб берагах…

І ён часам сам не верыць
Ў тое, што існуе бераг,
Але вось дзянёк на сушы –
Пачынаецца туга.

Вось і млеюць небаракі,
Зазіраючы у пляшкі,
І сябе прыводзяць хутка
Ў нейкі першабытны стан.

Іх жыццё ў кругавароце,
А мараль сама прыходзіць:
Лепш за сушу толькі мора,
Лепш за мора – акіян.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце