weather 19° Маладзечна
weather 19° Вілейка
weather 20° Смаргонь
weather 19° Ашмяны
weather 20° Валожын
weather 19° Мядзел
weather 20° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3176
1 долар 1.996
100 рас.руб. 3.1527
31.07.2016 21:14 ,

Гісторыя сапраўднага мужчынскага сяброўства. Мужчына з Вілейкі даглядае паралізаванага сябра (Фота)

Фота: Надзеі Бужан.

Ігар Буцер і Сяргей Поляк сябруюць з юнацтва. Абодвум – крыху за 40. Жывуць у адной кватэры ў Вілейцы, не разумеюць, чаму моладзь любіць перапісвацца праз сацыяльныя сеткі, а не збірацца ў двары, і маюць на дваіх паўтысячы рублёў у месяц.

З іх 350 – Сяргеева пенсія па інваліднасці. Мужчына не ўстае: пасля няшчаснага выпадку рукі і ногі паралізавала. Сядзелку апошнія 15 гадоў яму замяняе Ігар. «Я ўжо медбрат, – смяецца той. – Мне дакумент хутка выдаваць можна будзе».

Пра разумныя тэхналогіі, цану аднаго скачка і сапраўднае сяброўства – у нашым рэпартажы.

Манітор на вешалцы і найсмачнейшыя супы

– Ужо месяц Сярога сам па сабе. Усё, чалавек прапаў! Зацягнула сусветная павуціна, – жартуе Ігар пра свайго сябра, прапускаючы нас у кватэру.

Сяргея мы засталі за камп’ютарам. Нечакана. Манітор падвешаны на «перакладзіну» над ложкам. З дапамогай спецыяльнай праграмы мужчына сам можа кіраваць мышшу. «Камера сочыць за рухамі галавы, клік аўтаматычны, калі на месцы затрымліваюся», – тлумачыць нам Сяргей прынцып работы сістэмы, з якой сам пазнаёміўся зусім нядаўна.

Фота Надзеі Бужан.

Фота Надзеі Бужан.

Фота Надзеі Бужан.

Фота Надзеі Бужан.

– Маё жыццё змянілася, – радуецца ён новай праграме. – Цяпер магу навіны сам пачытаць. Раней, пакуль Ігар не прыйдзе – нічога не ведаю. І патэлефанаваць яму праз інтэрнэт магу, калі ён кудысь адышоў па сваіх справах.

Перакладзіну, да якой мацуецца манітор, замяняе звычайная вешалка на колцах. Самі з сябрамі прыдумалі, хваліцца Ігар.

– Збіраліся спачатку столік спецыяльны купіць. У нас яго не знайшлі, трэба было з Расіі везці. Два мільёны каштавала б (да дэнамінацыі. – Аўтар). А вешалка – усяго 300 тысяч. У жонкі сябра, Людкі, павільён гандлёвы ў Мінску. Яны гэту штуку прывезлі нам.

На Ігары – роля хатняй гаспадыні. І, трэба сказаць, спраўляецца ён нядрэнна. У кватэры ідэальны парадак – нават не скажаш, што халасцяцкая.

– Я такі гаспадарлівы чалавек. Бачыш, якія мы класныя фоташторы купілі? – паказвае Ігар на яркія трапічныя фіранкі. – Сярога пад пальмай ляжыць! Пазітыў!

Фота Надзеі Бужан.

Фота Надзеі Бужан.

Фота Надзеі Бужан.

Фота Надзеі Бужан.

З меню ў сяброў таксама ўсё нармальна. Гатаванне Ігар асвоіў.

– У мяне супы якія! Другія стравы не вельмі, але супы… Сябры сказалі: ні ў аднаго жонка такога не робіць. Гэтым магу пахваліцца. Гады трэніровак, але я навучыўся іх варыць.

У планах гаспадарлівага сябра – выбіць для Сярогі новы спецыяльны матрац (гэты ўжо пачаў асыпацца) і ўзяць дадому ката («З жывёлай весялей усё ж такі»).

«Усплыў спінай, а хлопцы думалі, што жартую»

Ад надзённага вяртаемся да таго, што здарылася 23 гады таму. Сяргей, тады яшчэ малады хлопец, толькі вярнуўся з арміі (служыць давялося ў Туркменістане) у родную Вілейку. Сабраліся з кампаніяй на раку. Ныралі там ужо не першы раз: раней глыбіня была метры тры з паловай. Але пакуль хлопец быў у арміі, раку чысцілі, пяску нанеслі.

– Вады стала па пояс. А я нават ні на секунду не засумняваўся, – згадвае мужчына. – Дакладна ведаў, бо плаваў у гэтым месцы два гады таму. Па старой памяці ныраю, а там адразу дно… Я як усплыў спінай, зразумеў: усё аднялося. Не адчуваю ні рук, ні ног. Быў у прытомнасці. Сябры хутчэй выцягнулі мяне. Кажу ім: «Усё, хлопцы, хана. Пазваночнік». А яны думалі, што жартую.

Фота Надзеі Бужан.

Фота Надзеі Бужан.

Фота Надзеі Бужан.

Фота Надзеі Бужан.

Падаспела «хуткая». Дыягназ – пералом шыйнага аддзела пазваночніка з перакрыццём спіннога мозгу. Урачы давалі Сяргею тры дні. Прагнозы не спраўдзіліся.

– У Мінск на аперацыю баяліся везці, думалі, не перанясу дарогі. На свой страх мама падпісала дакументы, каб транспартавалі, нягледзячы ні на што. Дарога, вядома, далася ў знакі. Паднялася тэмпература. За ноч, напэўна, літры два гарэлкі мне на грудзі вылілі. Усё хутка выпаралася. Ніяк тэмпературу збіць не маглі. Дактары казалі, што калі так пойдзе, то праз тыдзень згару. Фактычна праз кожныя тры дні рабілі здымак лёгкіх. Баяліся, што запаленне падхаплю… Але, як той казаў, Гасподзь мілаваў.

Што адчулі, калі зразумелі, што цяпер усё жыццё праведзяце на ложку? – такія пытанні задаваць заўсёды няёмка.

– Стала страшна. Ты ўсведамляеш, што не можаш зрабіць элементарныя рэчы – папіць, паесці. Трэба, каб хтосьці ва ўсім дапамагаў. Страшна, – слова «страшна» насамрэч прагучала больш разоў.

Спачатку Сяргея даглядала маці. Калі яе не стала, клопаты пра сябра ўзяў на сябе Ігар. Наведваць прыязджае таксама сястра Сяргея, якая жыве цяпер у іншым горадзе.

Фота Надзеі Бужан.

Фота Надзеі Бужан.

– Вас не палохала перспектыва быць сядзелкай? Усё ж такі не мужчынская работа…

– Ніхто пра гэта не думаў. Рашэнне неяк само прыйшло, – расказвае Ігар і просіць не выстаўляць яго героем: гэта Сярога малайчына, што не ўпаў духам. – Раней медсястра прыходзіла, тут побач жыве. Але трэба ж вучыцца: што ты, кожны раз чалавека адрываць будзеш? У яе ж свае справы. Спачатку цяжка было, але да ўсяго прывыкаеш. Я сам раблю перавязкі, перасцілаю ложак. Раней трэба было кагосьці клікаць, каб патрымалі на баку Сяргея, а цяпер прылаўчыўся.

Замест заробка ў Ігара – дапамога па доглядзе інваліда. Прыкладна 170 рублёў у месяц. «Ды хапае нам. Што, дзяцей карміць трэба? Не бядуем. З нашымі цэнамі ў Вілейцы можна жыць. Тым больш перавязачныя матэрыялы бясплатнымі нам зрабілі».

Кампанія ў 15 чалавек і сапраўдныя эмоцыі

На новенькім серванце ў некалькі шэрагаў стаяць пяцідзесяціграмовікі. Ігар заводзіць размову пра алкаголь.

– Сябры прыходзяць – часам можам і па сотцы выпіць. За сустрэчу. А так, кінуў я гэту справу. Запойны чалавек, таму нельга мне. Гадоў дзесяць ужываў. Можа, Сярога дапамог кінуць, хто яго ведае. Можа, ён за мяне Божаньку слоўца замовіў. Так бы ўжо дзе-небудзь памёр ад «вадзяры».

Фота Надзеі Бужан.

Фота Надзеі Бужан.

Мы тым часам гартаем альбом з фотаздымкамі. Многія зроблены ў гэтым пакоі, і амаль на кожным з іх – вялікая кампанія. «У нас як было раней 15 чалавек сяброў, так і засталося. Яны нікуды не разбегліся. Наадварот, мы неяк больш з’ядналіся. Сем’і ў некаторых, але ўсе наведваюць», – з непрыхаваным гонарам расказваюць мужчыны пра сваю кампанію.

Самі яны абзавесціся сем’ямі не паспелі. Дзяўчына, з якой некалі сустракаўся Сяргей, замужам за іншым, мае дваіх дзяцей. Але перапісваецца з Сяргеем у сацыяльных сетках.

– А вы не шкадуеце, што не ажаніліся? – пытанне Ігару.

– Ды не, нармальна, я прывык. Дзяўчына ёсць у прынцыпе. Дый у нас сябры некаторыя ўжо па два разы развяліся.

Фота Надзеі Бужан.

Фота Надзеі Бужан.

У тым, што іх сяброўства захавалася з юнацтва, мужчыны не бачаць нічога дзіўнага.

– Мы старой загартоўкі. Цяпер неяк кожны сам за сябе – у нас такога не было. Мы з дваццаці гадоў прывыклі дзяліцца ўсім. Адзін за другога парвём.

– Мне здаецца, многае яшчэ залежыць ад бацькоў, – заўважае Сяргей. – Мама заўсёды, калі прыходзілі мае сябры, усіх за стол саджала. Яны пераначаваць маглі застацца. І хлопцы ніколі дапамагчы не адмаўлялі.

Сваркі і крыўды, прызнаюцца мужчыны, часам бываюць. Як жа без гэтага? Але надоўга не зацягваюцца. Сябры пазлуюцца пару гадзін – і ідуць на міравую.

– Самае галоўнае для чалавека – стасункі. Без гэтага ты ніхто, – упэўнены Ігар. – Што табе камп’ютар дасць эмоцыі? Я не спрачаюся, ён патрэбен. Для такіх, як Сярога, гэта ўвогуле незаменная рэч, але не варта на тым інтэрнэце зацыклівацца.

– Пацан нам тэлефануе, таксама «шыйнік». Ён тры гады толькі ляжыць, – дзеліцца гісторыяй Сяргей. – У яго адзін-два сябры засталіся, больш ніхто не прыходзіць, забыліся. Застаўся адзін бядак. А ў іх яшчэ з маці такія напружаныя адносіны. Увогуле, жуда. Яна не саступае, ён не саступае. Прыйдуць бацькі, паесці дадуць, камп’ютар паставяць і ўсё. Ён кажа: я табе зайздрошчу… Можа, пашанцавала нам?

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ, zviazda.by.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце