weather 23° Маладзечна
weather 23° Вілейка
weather 22° Смаргонь
weather 23° Ашмяны
weather 20° Валожын
weather 23° Мядзел
weather 22° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3272
1 долар 1.9984
100 рас.руб. 3.1481
31.07.2016 22:38 ,

Тры гісторыі маладых людзей з Маладзечна пра іх першае жыллё. Слімакі, папса на сняданак і жыццё на дзве краіны

Фота: lovegif.narod.ru.

Кожнаму з нас хацелася б, каб адразу пасля шлюбу наша жыццё было ўладкаванае, як у кіно. Свой дом ці хаця б кватэра, цудоўныя суседзі, добры  рамонт. Але рэальнасць уносіць свае карэктывы. Як жа насамрэч выглядае жыццё маладых пар, якія толькі пачынаюць сямейны шлях? Сваімі гісторыямі з “РГ” падзяліліся тры мясцовыя пары.

Каця з Маладзечна (26) і Паша з Мінска (29)

Пасля вяселля мы пераехалі жыць да мужа ў Мінск, таму што Паша хацеў працаваць у сталіцы. Ён не хоча ездзіць з другога горада. Мой горад, Маладзечна, ён ўвогуле не разглядае як месца жыхарства. Таму мы жывём разам з яго мамай у трохпакаёвай кватэры, дзе займаем адзін пакой.

Не скажу, што жыць з ёй складана. Проста напружвае яе прысутнасць. Сяброўскіх адносінаў няма, але і варожых таксама, проста стасункі як у інтэрнаце: кожны па чарзе ходзіць на кухню, есць і сыхо­дзіць. З кантактаў “добры дзень – да пабачэння” і пара слоў пра тое, дзе што ляжыць.

У халадзільніку ежа ў кожнага свая. Гатуем асобна. Бывае, што і не бачымся цэлымі днямі. І гэта напружвае, бо ты ведаеш, што чалавек ёсць, а быццам яго і няма…

Цяжка дзвюм гаспадыням на адной кухні. Свякруха адразу сказала, што ў нас надта шмат рэчаў, а кухня разлічаная на адну сям’ю. Дазволіла нам паставіць мультыварку і на тым дзякуй! Рэчы і прадукты, якімі я карыстаюся, стаяць на самых высокіх паліцах. Гэта нязручна. Але я не вінавачу ў гэтым свякруху.

Фота ural.org.

Фота ural.org.

Муж мяне не чуе, я шмат разоў казала яму наняць кватэру, заробак дазваляе. Але ён адмаўляецца траціць грошы, як ён кажа, на вецер. Для мяне гэта не так, я была б больш свабоднай і шчаслівай. Але ён гатовы ахвяраваць і сваім, і маім псіхалагічным станам.
Я не магу пакінуць брудную талерку і пайсці да дзіцяці, бо ведаю, што свякрусе мала месца на кухні. Раздражняе, што я павінна рабіць усё тады, калі мне нязручна.

Зранку, калі свякруха снедае, яна ўключае магнітафон, і на ўсю моц! Мы з мужам не любім папсу і магнітафоны. Але мы не на сваёй тэрыторыі.

Свякруха часам, – калі мяне няма дома, цікава, чаму менавіта тады? – кажа мужу, што ў кватэры брудна. І трэба прыбрацца. Гэта злуе: мы і самі ведаем і прыбіраемся. Я згодная, я не суперчысцёха, але і не свіння! Злуе таксама, што трэба “трэсціся” над новым рамонтам, бо, паводле свякрухі, ён павінны захавацца да канца яе дзён. Нельга аб сцяну абаперціся – яна нават не падазрае, што дзеці любяць мацаць сцены і тым больш маляваць!

Тое, што муж усё ж у сябе, адчуваецца. У мяне дома ён больш стрыманы. Але і ў сябе не можа надта расслабіцца. Нават калі яму ў выхадны захочацца паспаць да 12, мама можа зайсці і запытацца – сынок, ты не захварэў? Са здароўем увогуле асобная тэма. Яна з ім носіцца як невядома хто, і калі сын прыхварэў, то дваццаць разоў на дзень запытаецца пра яго стан.

Планы на жыллё ў нас з мужам розныя. Ён мяркуе, што нерэальна пабудаваць сваё і збіраецца перарабіць дачу, каб жыць там. А я веру і ведаю, што у мяне будзе свой дом! Я яго куплю або пабудую!

Увогуле, я не бачу плюсаў ад жыцця са свякрухай. Развіваць у сабе і нашых стасунках цярплівасць і вынослівасць, магчыма, у гэтым плюс?

Вераніка з Маладзечна (26) і Юра з Капыля (28)

Пасля ўніверсітэта размеркаванне занесла нас у Слуцк. Там мы і пражылі амаль год пасля вяселля.

Мы наймалі дом. Вялікі: каля 40 квадратаў, з прыбудовамі, садам і гаражом. Плацілі за яго вельмі танна – 60 даляраў у месяц.

Палову сумы выплацілі адразу на год наперад, яшчэ палова, паводле дамовы з гаспадыняй, пайшла на новыя вокны.

Дом быў стары, 1962 года пабудовы, але цагляны. Цэнтральнай каналізацыі не было, а свая вельмі хутка забівалася. Таму, каб не выпампоўваць яе кожны тыдзень, мы стараліся не выліваць ваду праз каналізацыю. Пачысціў зубы, памыў рукі ці посуд – ідзеш выліваць брудную ваду ў двор. Вось так і бегалі.

У ванне таксама: нальеш, памыешся, пасля вычэрпваеш. Я нават схуднела за той год, бо пастаянна з вадой бегала.

Таксама па доме мышкі скакалі. Ад атруты яны ўвогуле дурныя рабіліся, вылазілі, так што Юра адну нават тапкам прыбіў. Пацука толькі аднойчы бачылі.

І слімакоў шмат было, такіх, што без ракавіны. Падлога была халодная, вільготнасць высокая, таму яны вельмі добра сябе адчувалі. Асабліва ўначы актыўна поўзалі. Часам зранку заходзіш у ванную, а там на люстэрку слімак – прывітанне! Нават зімой яны ў нас жылі, на цяпло спаўзаліся, разумныя! Яшчэ аднойчы і жаба да нас забралася.

У кухні ўсё было ў парадку – газ, свой кацёл. Тэмпературу сам кантралюеш, таму ўзімку было цёпла. Была і печка ў рабочым стане, але мы так яе ні разу і не запалілі.

Вядома, мы разумелі, што жыллё не наша, што мы тут толькі часова. Але ўсё роўна ўкладвалі грошы і шмат рамантавалі, каб больш камфортна сябе адчуваць. Рамантавалі падлогу, каб жабы не маглі пралезці. Увогуле сапраўднымі будаўнікамі сталі! Я цяпер і шпакляваць умею, і шпалеры клеіць. Яшчэ ў нас агародзік быў з рознай зелянінай.

Агулам дом быў выдатны: спальня, зала, малы пакой, у якім Юра зрабіў майстэрню, сталовая і кухня. А іншыя складанасці мы хутка перасталі заўважаць.

Фота tv2.tomsk.ru.

Фота tv2.tomsk.ru.

Важна ў такіх сітуацыях не чапляцца да дробязяў, а проста жыць разам. Як кажуць, з мілым рай і ў шалашы, і я цалкам з гэтым згодная. Для нас гэта была прыгода, перашкода, якую нам трэба разам пераадолець.

Я лічу, што так лепей. Калі маладыя атрымліваюць у падарунак сваё жыллё, то прыязджаюць на ўсё гатовае і расслабляюцца. І так усё ў парадку, чаго напружвацца?

Цяпер, пасля нара­джэння сына, мы жывём у Маладзечне. Тут бы хацелі і застацца, назбіраць грошай на сваё жыллё. Раней падавалася, што мы гатовыя жыць хоць на хутары. Цяпер думаем пра дзяцей: трэба, каб была школа, розныя гурткі і секцыі. Нейкая цывілізацыя, карацей. Таму застанёмся ў Маладзечне, у якім-небудзь ціхім раёне.

Віталь з Нявіжа (27) і Ганна з Маладзечна (27)

Пасля размеркавання я застаўся ў родным горадзе. Мы з Ганнай маглі б жыць у кватэры маіх бацькоў, там тры пакоі. Тым больш, у нас з бацькамі адносіны былі вельмі добрыя.

Але знялі недарагую аднапакаёўку – практычна пустую, нават гасцей у першыя дні садзілі на тумбачку, бо крэслаў не хапала.

Аднак літаральна праз месяц памерла мая мама. Пасля ўсіх пахавальных клопатаў тата перабраўся да сваёй маці, маёй бабулі, а кватэру пакінуў нам. І сталі мы там жыць, вучыцца весці гаспадарку, рабіць рамонты, прымаць турыстаў па каўчсёрфінгу…

Мне цяжка было мяняць нешта ў кватэры, дзе я вырас. На ўсе замахі Ганны на рамонт, змену мэблі ці нават яе перастаноўку я адразу гля­дзеў ледзь не як на здраду мінуламу, успамінам. Але пасля зразумеў, што ўспаміны ўспамінамі, але трэбу будаваць сваё жыццё. Найманае жыллё ў гэтым плане іншае – што хочаш, тое і рабі, адказнасць меншая.

Фота cbkg.ru.

Фота cbkg.ru.

У сваёй хаце мы змаглі прымаць каўчсёрфераў – падарожнікаў з усяго свету. Месца хапала, дык чаму б тады не пабыць шляхціцам Завальням, прымаючы цікавых гасцей? Былі ў гэтым і пэўныя цяжкасці. Бо для Ганны “мой дом – мая крэпасць”, а для мяне – “мой дом – мой інтэрнат”. Але ішлі адзін аднаму на саступкі. Усяго мы прынялі 26 падарожнікаў.

Увогуле па сваіх назіраннях магу сказаць, што хлопцам усё роўна, дзе жыць, яны могуць доўга бадзяцца. Дзяўчаты ж моцна хочуць мець сваё гняздо, што можа прыводзіць да нервознасці і канфліктаў. Але калі адносіны моцныя, то цяжкасці толькі ўмацоўваюць. Хаця, лепей без іх.

Але нішто не вечнае: цяпер я жыву ў вялікім пустым доме ў Германіі, паколькі паступіў на дактарнатуру аднаго з універсітэтаў.

Пражыў тут ужо паўгода, але за гэты час двойчы прыязджаў – на дзесяць дзён і на месяц. Ганна цяпер жыве ў аднапакаёўцы на ўскрайку Маладзечна, з бацькамі і нашай двухмесячнай дачкой.

У Германіі я мінімум на тры гады, але спа­дзяюся неўзабаве пераадолець бюракратычныя перашкоды і прывезці жонку з нашым дзіцяткам да сябе – на новую найманую кватэру.

Жыццё на дзве краіны складанае. Ёсць у ім і свае плюсы. Як бы гэта дыпламатычна сфармуляваць?.. Жонка стала вельмі ласкавая, хоць да раны прыкладвай. За гэтыя паўгода раздзельнага жыцця толькі раз крыху пасварыліся.

Увогуле Ганна казала, што многае пераасэнсавала, што праўда, жаночае шчасце ў тым, каб “быў бы мілы побач”. Хоць ён і тормаз, і гультай, і рукі ў яго з дупы.

А я вельмі сумую, бо прывык, што найлепшы сябар – гэта жонка, якая заўсёды побач. Вядома, і ў бытавым плане з жонкай зручней. Але слава інтэрнэту – ён змякчае ўсе цяжкія моманты.

Даведка “РГ”. Каўчсёрфінг – адна з найбуйнейшых гасцявых сетак. Створаная для садзейнічання глабалізацыі. Удзельнікі сеткі бясплатна дапамагаюць адзін аднаму ў тым ліку з начлегам падчас вандровак і ладзяць сумесныя падарожжы.

У публікацыі скарыстаныя ілюстрацыйныя здымкі.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце