weather 2° Маладзечна
weather 2° Вілейка
weather 2° Смаргонь
weather 2° Ашмяны
weather 1° Валожын
weather 2° Мядзел
weather 2° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4582
1 долар 2.1556
100 рас.руб. 3.2282
28.09.2016 10:11 ,

“У школе ён быў проста Сёма Перскі”. Аднакласнік пра былога прэзідэнта Ізраіля Шымона Перэса (Архіўны артыкул)

Шымон Перэс. Фота wilayah.info..

“Рэгіянальная газета” знайшла аднакласніка Прэзідэнта Ізраіля – Шымона Перэса.

Уладзімір Волкаў жыве ў вёсцы Вішнева Валожынскага раёна. Амаль што насупраць былой сядзібы Перэсаў, ад якой  застаўся толькі калодзеж. З Прэзідэнтам Ізраіля яны разам раслі і хадзілі ў школу, пакуль Сёмаў бацька не забраў сям’ю ў Палесціну.

Уладзімір Волкаў – аднакласнік Прэзідэнта Ізраіля Шымона Перэса.

“Я не ведаю, што расказаць вам пра Прэзідэнта Шымона Перэса, – усміхаецца Уладзімір Іванавіч. – А вось пра Сёму Перскага – крыху магу. Быў ён звычайны, як і ўсе дзеці. Любіў пабегаць, пагуляць, пакатацца на ровары. Сёма старэйшы за мяне на год. Але нам давялося нават разам павучыцца. У трэцім класе польскай школы, куды хлопец прыйшоў пасля таго, як закончыў два класы пачатковай яўрэйскай. А праз шэсць месяцаў з дня пачатку заняткаў яго бацька забраў сям’ю з сабой у Палесціну”.

Па словах Уладзіміра Волкава да вайны ў Вішневе было вельмі шмат яўрэяў. Дзве тысячы, ці што. Дакладную лічбу назваць цяжка. Валасная ўправа, па-мясцоваму гміна, згарэла. А з ёй і ўсе спісы, дакументы.

Вучні яўрэйскай і польскай школ. 30-я гады. Мястэчка Вішнева. Цяпер – Валожынскі раён.

Жылі Перскія як і ўсе, нічым асабліва не вылучаліся. Галава сям’і, Іцхак, займаўся скупкай піламатэрыялаў, якія пасля мяняў на іншыя тавары. Маці будучага прэзідэнта, Сара, была бібліятэкаркай і настаўніцай.

У 1930 годзе Перэс-старэйшы эмігрыраваў у Палесціну. Справы ў яго там пайшлі добра, і з цягам часу мужчына вырашыў забраць да сябе сям’ю. Уладзімір Волкаў кажа, што паехаў Сёма разам з маці і малодшым братам да бацькі ў 1933 годзе. І гэтым уратаваўся. Бо ўсе іх сваякі, а таксама многія знаёмыя, што засталіся ў мястэчку, у 1941 годзе загінулі. У тым ліку і дзед Шымона Перэса па лініі маці – равін Мельцэр.

“На сваю малую радзіму Сёма Перскі прыязджаў два разы, – кажа Уладзімір Волкаў, – першы раз у 1998-м, калі быў прэм’ер-міністрам, другі ў 2004-м – ужо ў ролі міністра замежных спраў. Абодва разы мы сустракаліся. Шмат успаміналі, гаварылі. Праўда, праз перакладчыка. Ён адразу ж знайшоў месца, дзе стаяў іх дом, вельмі быў рады, што застаўся на сядзібе калодзеж. З задавальненнем напіўся з яго вады, крышку пастаяў і нават сказаў, што хацеў бы выкупіць участак зямлі, на якім калісьці стаяў бацькоўскі дом. А сям’і, якая тут пабудавалася, купіць іншае жыллё”.

Былыя аднакласнікі разам абышлі мястэчка, якое цяперашні Прэзідэнт Ізраіля пакінуў у 10-гадовым узросце. Знайшлі месца, дзе калісьці стаяла сінагога, успомнілі, дзе быў рынак. Пасля Шымон Перэс наведаў мясцовыя могілкі, там ляжаць яго дзед і прадзед.

“А фотаздымкі школьнай пары ў вас засталіся?” – пытаюся ў Уладзіміра Волкава. “Канешне, – кажа мужчына, – толькі Сёмы на іх няма. Гэта проста калектыўны здымак вучняў польскай і яўрэйскай школ зроблены ў 30-х гадах. Адзінае, што маю на памяць аб Прэзідэнце Ізраіля, кніжку з аўтографам, якую ён мне падарыў у час аднаго з прыездаў. Гэта раман “Мой Міхаэль, аўтар якога пісьменнік Амос Оз”.

Даведка “РГ”. Беларусь дала Ізраілю трох Прэзідэнтаў. Шымон Перэс – ужо трэці ўраджэнец Беларусі, які стаў прэзідэнтам Ізраіля. Першым быў Хаім Вейцман – ураджэнец Моталя (Брэсцкая вобласць). У 60-я гады Ізраіль узначальваў Залман Шазар са Стоўбцаў.

Марына СЛІЖ.

Фота Марыны СЛІЖ і забяспечаныя Уладзімірам ВОЛКАВЫМ.

Артыкул быў надрукаваны ў кастрычніку 2011 года.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце