weather 23° Маладзечна
weather 23° Вілейка
weather 22° Смаргонь
weather 23° Ашмяны
weather 20° Валожын
weather 23° Мядзел
weather 22° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3272
1 долар 1.9984
100 рас.руб. 3.1481
01.01.2017 15:49 ,

Галоўны архітэктар: ведаў толькі тое, што Вілейка ёсць на карце

Дзмітры Гарланаў. Фота Аксаны Ярашонак.

Ад 13 снежня ў Вілейскім райвыканкаме пачаў працаваць новы архітэктар – Дзмітры Гарланаў. На інтэрв’ю Дзмітры пагадзіўся не вельмі ахвотна: маўляў, інтэрв’ю варта браць па факце нейкіх спраў. А ў яго пакуль быццам бы і няма чым пахваліцца. Таму сённяшні матэрыял – гэта пакуль проста знаёмства з новым галоўным архітэктарам Вілейкі.

Дзмітры нарадзіўся ў Бабруйску ў 1991 годзе. У Вілейку прыехаў у 2014 пасля БНТУ па размеркаванні як малады спецыяліст-архітэктар.

Чаму ў свой час вы абралі архітэктуру? Ці былі нейкія іншыя варыянты будучай прафесіі?

– З дзяцінства ў родным Бабруйску я займаўся выяўленчым мастацтвам у гуртку, ездзіў на пленэры. Таму вырашыў і прафесію сваю звязаць з мастацтвам. Абіраў паміж дызайнерам і архітэктарам.

Чаму ж архітэктура перамагла?

– Архітэктар, на маю думку, больш мужчынская i больш шырокая прафесія, чым дызайнер. Тым больш мама ў свой час скончыла той жа БНТУ (БПІ ў мінулым) па спецыяльнасці “архітэктура” і амаль ўсё жыццё працавала архітэктарам у праектных бюро. Цяпер яна на пенсіі.

Вы займаліся маляваннем. Можа, мастак больш творчая прафесія, чым архітэктар?

– Мабыць, і так, але ж і архітэктар – прафесія творчая. Гэта тое ж самае выяўленчае мастацтва, толькі ў гарадскім або прыродным асяроддзі.

У час першай сустрэчы з горадам Дзмітрыя зачаравала вілейская плошча. Фота Аксаны Ярашонак.

У час першай сустрэчы з горадам Дзмітрыя зачаравала вілейская плошча. Фота Аксаны Ярашонак.

­Што стрымлівае архітэктара ва ўвасабленні сваіх ідэй? Можа, ландшафт ці іншыя будынкі побач?

– Што да галоўнага архітэктара, то гэта ўсё ж чыноўнік. Таму тут творчасцю перашкаджае займацца бясконцая праца з паперамі. А навакольнае асяроддзе і іншыя будынкі дапамагаюць ствараць штосьці ўнікальнае, што можа існаваць толькі ў гэтым асяроддзі.

Якім уяўлялі сваю будучыню ў часы студэнцтва?

– Як большасць маіх аднакурснікаў, хацеў застацца ў сталіцы. Многія з іх, дарэчы, і засталіся, некаторыя з’ехалі ў родныя гарады, а я вось апынуўся ў Вілейцы.

Што-небудзь пра Вілейку чулі раней?

– Толькі тое, што такі горад ёсць на карце. Прыкладна ўяўляў, якая Вілейка па колькасці жыхароў і па плошчы ў рамках агульнай адукацыі, але дакладна – не. А вось з Маладзечнам знаёмы доўгі час, не адзін раз бываў там.

Сваю першую сустрэчу з горадам памятаеце?

– Так. У першы раз я выйшаў з маршруткі на цэнтральнай плошчы. Прыемна ўразілі яе памеры, агульнае добраўпарадкаванне, гарманічнасць асобных элементаў, а таксама суседства царквы і касцёла.

Галоўны архітэктар: асабліва ўразіла суседства царквы і касцёла на плошчы.

Галоўны архітэктар: асабліва ўразіла суседства царквы і касцёла на плошчы.

Па вашым праекце зрабілі велапаркоўку на ўпадабанай вамі плошчы і ў распрацоўцы праекта скейт-парку вы ўдзельнічалі. А самі захапляецеся роварам і скейтам?

– Не, ні тым, ні другім. Канешне, у дзяцінстве вельмі любіў ровар, але цяпер для мяне гэта не самы зручны транспартны сродак. Калі распрацоўваў велапаркоўку, карыстаўся даследчымі працамі галандскай суполкі. А скейт-парк гэта ж не толькі мая ідэя. Тут у многім дапамагла выпадковасць: першапачаткова па дапамогу да мяне звярнулася Вольга Шляпо, намеснік дырэктара Палаца культуры. Яна ж была галоўным арганізатарам і каардынатарам фестывалю, у рамках якога вялося будаўніцтва пляцоўкі. А каб ёй дапамагчы, я прапанаваў у сацыяльных сетках прыняць удзел у праекце. Адгукнуліся некалькі чалавек, сярод якiх былi архітэктар з БНТУ Яна і скейтар Яўген.

Два гады вы працавалі пад кіраўніцтвам Галіны Кажарновіч. Цяпер самі сталі кіраўніком. Для вас прынцыпова, хто павінны кіраваць: мужчына ці жанчына?

– Абсалютна не.

Паспяховае кіраўніцтва не залежыць ад полу. Ды і як можна казаць, што жанчына-кіраўнік – гэта кепска, калі ў мяне перад вачыма быў прыклад Галіны Кажарновіч. 30 гадоў яна кіравала такой складанай сферай. Мяняўся час, мяняліся законы. А яна выстаяла і шмат зрабіла для горада. Да таго ж, на маю думку, у некаторых момантах жанчына-архітэктар можа справіцца лепш. Напрыклад, яна можа лепш зарыентавацца ў колерах, у малых архітэктурных формах, ландшафтных кампазіцыях. Ды і ўвогуле,  жаночая мудрасць часам перамагае над амбіцыямі.

Чым архітэктура Вілейкі можа ганарыцца?

– Сярод невялікіх гарадоў Вілейка захапляе. Тут шмат увагі надаецца ландшафтным і дэкаратыўным кампазіцыям, малым архітэктурным формам. Тут кожны год з’яўляецца нешта новае: будуюцца якасныя спартыўныя і дзіцячыя пляцоўкі, аднаўляюцца будынкі з выкарыстаннем актуальных матэрыялаў, асвойваюцца тэрыторыі для стварэння новых раёнаў прыватнай ці шматпавярховай забудовы.

Дзмітры Гарланаў быў адным з распрацоўшчыкаў скейт-парка ў Вілейцы.

Дзмітры Гарланаў быў адным з распрацоўшчыкаў скейт-парка ў Вілейцы.

– А чаго, на вашу думку, не хапае архітэктуры Вілейкі?

– Хочацца зрабіць больш гістарычных акцэнтаў. У кожнага немаладога горада ёсць багатая ўласная гісторыя, а ў Вілейкі яе больш за 500 гадоў. І паўсюднае сучаснае добраўпарадкаванне – гэта не лепшае выйсце, а наадварот, шлях да незваротнага знішчэння спадчыны. Можна ж падняць старыя дакументы перад кожнай рэканструкцыяй,  дамовіцца і зрабіць цалкам гістарычныя вуліцы, а недзе, можа, і брукаванку аднавіць. Больш увагі надаваць вялікім пляцоўкам, і ў той жа час сачыць, каб кожны, самы далёкі ад цэнтра куток, быў даведзены да ладу.

Ці ёсць стыль у архітэктуры, які найбольш блізкі вам?

– Стыль урбанізм. Гэта ўключэнне ў гарадскія краявіды кавалачкаў дзікай прыроды. Але гэты стыль больш падыходзіць для мегаполісаў. Для маленькай Вілейкі, якая, па сутнасці, знаходзіцца на ўлонні прыроды, гэты стыль не зусім актуальны. Лепш гарманічна спалучаць паміж сабой тое, што ўжо існуе, і тое, што будуецца. Гэта датычыцца і прыроднага багацця.

Вы падзяляеце думку вілейскай моладзі пра тое, што ў Вілейцы няма куды схадзіць маладым людзям.

– У нейкай ступені так. Але будаўніцтва кафэ, піцэрый – гэта прыватныя інвестыцыі. І тут не заўсёды ў людзей, якія бяруцца за гэтую справу, усё атрымліваецца. Здараецца, што такія месцы зачыняюцца з-за нерэнтабельнасці. Тое ж кафэ, напрыклад, запатрабаванае толькі ў суботу і нядзелю. А ў астатнія дні? Вельмі хутка адчыняць кафэ ў Паўночным мікрараёне. Гэта будзе месца для сямейнага адпачынку, можна будзе прыходзіць з дзецьмі. Ад таго, ці будзе яно неабходнае людзям, залежыць лёс кафэ.

Ці хапае галоўнаму архітэктару часу на асабістыя справы і захапленні?

– Шмат залежыць ад таго, як глядзець на працу: як на “завал” ці як на захапленне. У мяне пакуль няма ўласных дзяцей, але ёсць прыклад калег, якія, маючы сем’і, на ўсё знаходзяць час. Трэба правільна планаваць свой час, і тады ўсё будзе ў парадку.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце