weather 17° Маладзечна
weather 17° Вілейка
weather 20° Смаргонь
weather 17° Ашмяны
weather 20° Валожын
weather 17° Мядзел
weather 20° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3272
1 долар 1.9984
100 рас.руб. 3.1481
02.01.2017 20:43 ,

15 пеўняў і 80 курыц. Як сімвалы года прыносяць шчасце маладзечанцу

Павел Асіповіч вельмі любіць Паўлаўскую пароду пеўняў.

У захапленні Паў­ла Асіповіча дзіўна ўсё: і тое, што ён гадуе на сваім падворку 15 пеўняў розных парод, і тое, што займаецца гэтым столькі, колькі сябе памятае, і тое, што жыве Павел амаль у цэнтры горада, па Вялікім Гасцінцы. 

Гарадскія пеўні адчуваюць сябе добра, нават у снежні гуляюць па двары, спяваюць.

– У нас па суседстве жывуць людзі, якія прыязджаюць толькі на лета, але тады на маіх гадаванцаў скардзяцца, маўляў, спаць не даюць, – расказвае Павел. – І сапраўды, яны ж спяваюць цэлую ноч, а было іх у мяне летам 50 штук.

Дарослы пародзісты певень на рынку каштуе 30 рублёў.

– Гаспадары, вядома, выбіраюць свойскую птушку, хаця каштуе яна ў разы даражэй, чым з фабрыкі.

Куранятаў жа прадаюць па два рублі за штуку.

– Сезон на куранят пачынаецца ў красавіку і доўжыцца да кастрычніка. У гэты час за выхадныя я прадаю да 100 куранят. Таму гэта адзіная мая работа, якой я зарабляю на жыццё.

Павел прызнаецца, што яго пеўняў на рынку цэняць, некаторыя спецыяльна прыязджаюць па пародзістых пеўняў.

А выбраць ёсць з чаго. Вось па двары хо­дзіць вялізны бліскучы певень – гэта Маран. А вунь бегаюць чорна-белыя дробныя пеўнікі – гэта Гамбургскія.

Аднак любімчыкі ў Паўла пеўні Паўлаўскай пароды. Яны пярэстыя, з чубком на галаве.

Ёсць у гаспадарцы і не зусім звычайныя, напрыклад, бясхвостая парода – Араўканы.

У іх круглы азадак. А яшчэ куры гэтай пароды нясуць незвычайныя зеленаватыя яйкі.

Павел прызнаецца, што на навагоднім стале кураціны ў яго не будзе.

– Па-першае, гэта таму, што ўсё ж не трэба, каб сімвал Новага года быў на талерцы, а па-другое, мы не так даўно забілі кабанчыка, так што кураціны і не трэба.

У Паўла на падворку акрамя пеўняў бегаюць і рохкаюць кабанчыкі. Калі Павел сыпануў курам збожжа, адзін з іх частаваўся разам з птушкамі.

На пытанне, ці шмат часу адбірае ў Паўла яго захапленне, гаспадар шчыра прызнаецца:

– Летам я не заходжу ў дом увогуле, няма часу, нават абедаю на вуліцы. Бывае, што праводжу санітарныя дні, калі трэба пачысціць усе клеткі.

Вы думаеце, што Павел абмежаваўся ў сваёй гаспадарцы толькі курамі і свіннямі?

А што вы скажаце на тое, што

 па Вялікім Гасцінцы “прапісаныя” індыкі, качкі, гусі, фазаны, перапёлкі, трусы і нават марскія свінкі, а таксама сабака і тры каты?

– Ката аднойчы ледзьве не забіў, вырваў у мяне з рук малога трусіка і задушыў яго, – абураецца Павел. – Смяротныя выпадкі ў нас здараюцца рэгулярна, і не без дапамогі гэтага рыжага драпежніка, што шнуруе туды-сюды па двары.

Паўлу налета споўніцца 30 гадоў. Але сабе ён ужо зрабіў цудоўны падарунак – набыў хутар у Смаргонскім раёне.

– Вясной думаем з жонкай перабірацца туды. Гаспадарку ўсю перавязём, тады можна будзе думаць і пра тое, каб завесці карову, бо мяса і яйкі ў нас ёсць, а па малако пакуль трэба ўсё ж хадзіць у магазін.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце