weather 5° Маладзечна
weather 5° Вілейка
weather 5° Смаргонь
weather 5° Ашмяны
weather 5° Валожын
weather 5° Мядзел
weather 5° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4078
1 долар 2.0999
100 рас.руб. 3.215
03.01.2017 17:16 ,

Адкуль былі грошы ў камуністычнай наменклатуры з поўдня СССР, каб шыкаваць на курортах, і пра першыя месяцы пасля Чарнобыля

У чарнобыльскай зоне.

"Аказалася, што ў іх рэспубліцы была такая завядзёнка: калі начальнік адбываў на адпачынак, усе падначаленыя скідваліся грашыма, каб яму там было добра, ні ў чым не меў патрэбы".

Адкуль былі грошы

З прадстаўнікамі паў­днёвых савецкіх рэспублік сустракаўся нямала. Двойчы ў Ташкенце, Самаркандзе, Сочы, Гаграх, Сухумі, на нарадах і вучобе ў Маскве. Заўсёды здзіўляла: адкуль у іх грошы, каб так шыкаваць?

Не паспелі ў 1972 годзе грузіны разам з беларусамі прыбыць турыстамі на балгарскі Слынчаў Браг, як ужо фарсяць на таксі, хоць там і ездзіць нікуды не трэба: усё ў двух кроках. На адпачынак у 1983 годзе – з японскімі касетнымі магнітафонамі. У партыі наменклатура па ўсім Саюзе атрымлівала ж аднолькавую зарплату, за выключэннем паўночных рэгіёнаў, дзе быў дадатковы каэфіцыент.

Тайну вельмі неахвотна прыадкрыў мой сусед па пакоі ў санаторыі “Фарос” азербайджанец Ханлар Аглы і неяк там складана, каб запомніць, імя далей, які для зручнасці прапанаваў зваць яго проста Алік.

На моры я яго амаль не бачыў. Кожны дзень некуды знікаў, а вяртаўся са шматлікімі закупкамі, якія пакаваў у чамаданы. Зацікавіла мяне гэта, і я спытаў: “Алік, адкуль у цябе грошы, твой аклад меншы, чым мой?” Вось тады я і пачуў гэта шматзначнае “дапамагаюць…”.

Аказалася, што ў іх рэспубліцы была такая завядзёнка: калі начальнік адбываў на адпачынак, усе падначаленыя скідваліся грашыма, каб яму там было добра, ні ў чым не меў патрэбы.

Сучасныя Гагры. Фота delfin-tour.ru.

Сучасныя Гагры. Фота delfin-tour.ru.

У цэнтры Гаграў на развілцы дзвюх галоўных вуліц штодзень нёс вахту супрацоўнік мясцовай ДАІ. Ён нават не абцяжарваў сябе клопатам затрымліваць аўтамабілі: кіроўцы самі спыняліся і неслі ва ўмоўленае месца 5 рублёў. А вось таго, хто не панёс, даішнік “кампасціраваў” па поў­най праграме. У 1986 го­дзе гэта былі грошы!

Ад сустрэч з прадстаўнікамі поўдня зрабіў для сябе выснову: трэба вельмі пільна сачыць за тым, што ты хочаш ім сказаць. Яны ж не валодаюць усімі нюансамі рускай мовы. Асабліва, калі ўжываеш звычныя для нас прымаўкі, у якіх тоіцца тонкі гумар.

Ілюстрацыя савецкага таксі. Фота mhealth.ru.

Ілюстрацыя савецкага таксі. Фота mhealth.ru.

Пераканаўся ў гэтым пасля аднаго выпадку, сведкам якога быў у Сочы. Пад вечар на беразе мора апынуліся ра­зам я, калега з Дагестана і яго курортная знаёмая масквічка. Прыкмячаў і раней, што сталічныя дамачкі вельмі прыязна ставіліся да каўказцаў: можна было “на халяву” (у той час не было такога слова ў лексіконе) бавіць час у рэстаранах і іншых не для бедных месцах. Маскоўскі прагматызм!

Дагестанец быў у лагодным настроі, збіраўся запрасіць нас да сябе ў госці на кізлярскі каньяк, аб якасцях якога гаварыў ва ўзнёслых тонах. Вось тут жанчына, не падумаўшы, і ляпнула: “Кожны кулік сваё балота хваліць”. Горды сын апетага Расулам Гамзатавым цудоўнага краю змікіціў толькі сэнс слова “балота” і аднёс гэта на свой адрас. Трэба было бачыць, якім знішчальным позіркам змераў ён з ног да галавы сваю спадарожніцу і праз зубы працадзіў: ”Горны арол на ўсякую косць не кідаецца!”…

У савецкім рэстаране. Фота newkaliningrad.ru.

У савецкім рэстаране. Фота newkaliningrad.ru.

Жанчына засталася на беразе адна.

Нацыянальныя адносіны – справа тонкая!

“Не ад радыяцыі мы мром…”

1 мая 1986 года была мая чарга несці вахту ў прыёмнай першага сакратара Мінскага абкама партыі Анатоля Малафеева. Сам гаспадар кабінета быў у гэты час на трыбуне святочнай дэманстрацыі каля Дома ўрада. Прайшло пяць дзён пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС. Таму не здзівіла, калі зазваніла “вяртушка” і голас у трубцы прапанаваў запісаць радыяцыйны фон.

Захоўваю лісток з запісам таго часу: Салігорск – 0,07 мілірэнтген; Любань – 0,08; Мінск – 0,025; Пухавічы – 0,025. Прызнацца, на той час мне мала што гаварылі гэтыя мілірэнтгены.

Разбірацца я стаў у іх, калі ў 1991-95 гадах кіраваў Дзяржаўнай гісторыка-культурнай экспедыцыяй па выратаванні помнікаў гісторыі і культуры ў раёнах, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, і хадзіў па забруджанай зоне з дазіметрам.

Чарнобыльская зона. Фота photoclub.by.

Чарнобыльская зона. Фота photoclub.by.

Тады ж я пачуў вынесеныя ў загаловак словы на радзіме Аркадзя Куляшова ў вёсцы Самацеевічы Касцюковіцкага раёна ад мясцовага жыхара: “…Мром ад таго, што сэрца і душа баліць, калі бачыш, што сталася з сядзібай, у якую ўклаў столькі працы”.

Як з ім не пагадзіцца, калі бачыш у адселенай зоне ў сенцах пакінутых хат новыя аконныя рамы, якія не паспелі пафарбаваць і паставіць з прыходам цяпла; недабудаваную кафляную печ; недаплеценыя рыбацкія снасці і кінутую лодку ў прыпрыпяцкай вёсцы; заросшы дрэвамі заезд у гараж…

Якое сэрца не забаліць у гаспадара, калі бачыць, як марадзёры расцягалі ўсё, што гадамі здабывалася мазалём?

Меў не вельмі прыемную магчымасць назіраць вынікі руплівасці апантаных гэтай ганебнай справай. На першым этапе гэта былі “несуны”: выносілі прыхапкам пакінутую вопратку, посуд, радыёпрыёмнікі, тэлевізары, хатнія прылады, электралічыльнікі … На другім – ужо былі з падводамі і грузавікамі: вывозілі халадзільнікі, газавыя пліты, мэблю. Далей дайшлі да таго, што сталі ўзрываць на дошкі падлогу, здымаць з дахаў шыфер, разбіраць печы і вывозіць цэглу.

Не ведаю, што там засталося, даўно не быў у тых месцах. Як было не паспачуваць “самасёлам” у забароненай зоне, якія хаваліся па завуголлях, калі бачылі заехаўшы ў вёску аўтамабіль. Зусім як у вайну ад немцаў.

Толькі дзікім кабанам там раздолле, але і іх часам напаткае бяда. Доўга не мог адчыніць дзверы ў пакой адной хаты. Калі натужыўся і нарэшце адціснуў іх, то ўбачыў на падлозе вялікага дзіка. Бедалага зайшоў у хату, каб нечым пажывіцца, ды лычам неасцярожна прытуліў дзверы, а адчыніць, каб выйсці, не хапіла спрыту.

Як не забаліць душа, калі бачыш, які знішчальны ўдар нанесла аварыя па надзвычай багатай палескай народнай культуры. Дзякуючы плённаму ўзаемадзеянню з супрацоўнікамі Інстытута этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларусі, падзвіжніцтву мастака Віктара Фёдаравіча Шматава, многае ўдалося сабраць, адмыць ад радыяцыі і абсталяваць экспазіцыю выратаваных каштоўнасцяў у акадэмічным музеі старажытнай беларускай культуры.

Чарнобыльская зона. Фота sputnik.by.

Чарнобыльская зона. Фота sputnik.by.

Нямала папрацавалі на гэтай небяспечнай для здароўя ніве навукоўцы Інстытута мовазнаўства, Музея народнай культуры і архітэктуры, рэспубліканскага Белвідэацэнтра. Была актывізаваная работа ў гэтым напрамку супрацоўнікаў музеяў, іншых культурна-асветных устаноў Нараўлянскага, Хойніцкага, Брагінскага, Слаўгарадскага, Касцюковіцкага, Чэрыкаўскага, Быхаўскага раёнаў, аказаная ім фінансавая дапамога з дзяржаўных сродкаў на выратавальныя мерапрыемствы.

26 красавіка 2016 года споўнілася 30 гадоў як здарылася чарнобыльская катастрофа. Тры дзесяцігоддзі распаду радыеактыўных выкідаў на нашу прыгожую і ўрадлівую зямлю, і канца вызвалення яе з радыяцыйнага палону не відаць. Там, у зоне, чарнобыльская бяда бачыцца інакш, чым з мінскага асфальту. Значна трагічней.

17 кастрычніка 1990 года прачытаў у”Правде”, што 1 мая 1986 года радыяцыйны фон у Мінску быў 0,06 мілірэнтген, што амаль у два з паловай разы большы, чым той, аб якім мне патэлефанавалі. Значыць, камусьці было трэба зводзіць у зман не толькі простых жыхароў, але і такую высокую ў 1986 годзе інстанцыю, як Мінскі абкам партыі?

Пра аўтара

Міхаіл Філістовіч.  Нарадзіўся ў 1940 годзе ў вёсцы Рэдзькавічы на Вілейшчыне. Кандыдат гістарычных навук.

У 1963-1982 гг. працаваў у адукацыі і парт­органах Вілейшчыны, Маладзечаншчыны, Мінскай вобласці. З 1988 г. – Мінскай вышэйшай партыйнай школе, у 1989-1991 гг. – інструктар, загадчык сектара ЦК КПБ.  У 1991-1995 гг. – кіраўнік Дзяржаўнай
гісторыка-культурнай экспедыцыі па выратаванні помнікаў гісторыі і культуры ў раёнах, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Ад 1995 г. – у вышэйшых кантрольных органах Беларусі.

Памёр 25 ліпеня 2016 года.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце