Канькі або юкігасэн – шукаем свой зімовы спорт. Аб чым варта памятаць, трэніруючыся на марозным паветры

Зімовы спорт можа прынесці не толькі карысць, але і задавальненне.
Для кожнага з вас спецыялісты маюць парады наконт таго, як цікава і бяспечна займацца спортам зімой. Першы крок – самы складаны: трэба выйсці на вуліцу.
Што рабіць далей, чытачам “РГ” падказвае Наталля Дараховіч, настаўніца фізкультуры маладзечанскай СШ №5.
Наталля Дараховіч.
Сочым за тэмпературай і сілай ветру
Перад тым, як выходзіць займацца спортам на вуліцу, не лішнім будзе праверыць прагноз надвор’я. Калі слупок тэрмометра апусціўся да -15, то лепей абмежавацца кароткай трэніроўкай. Калі мароз дабіраецца да -18, то найлепшым варыянтам будзе ўстрымацца ад трэніровак на адкрытым паветры.
– Сачыце таксама за сілай ветру, – рэкамендуе Наталля Дараховіч. – Сучасныя прагнозы надвор’я дазваляюць гэта рабіць. Звычайна нас хвалюе толькі тэмпература. Але варта памятаць, што калі сіла ветру больш за тры метры ў секунду, то пры занятках спортам можна атрымаць абмаражэнне.
Фота zastavki.com.
Памятаць аб правільным дыханні падчас трэніровак трэба незалежна ад тэмпературы паветра. Але калі вы займаецеся на марозе – асабліва важна кантраляваць сябе: удыхаем праз нос, выдыхаем праз рот.
– Вядома, лепей не пачынаць новы для сябе спорт на зімовай вуліцы, – дадае спадарыня Наталля. – З непрывычкі можна нахапацца халоднага паветра і давядзецца на некаторы час забыць пра трэніроўкі. Таму калі вельмі хочацца пачаць бегаць зранку – лепей пачакайце да вясны.
На трэніроўках не забывайцеся… спяваць
Яшчэ адзін важны момант для зімовых заняткаў спортам – правільнае адзенне.
– Вопратка павінна быць лёгкая і цёплая, – кажа настаўніца фізкультуры. – Галоўнае, каб яна не перашкаджала вам рухацца і была зробленая з натуральных тканін. Бо іначай будзеце парыцца, як у цэлафане. Шапку і пальчаткі лепей выбіраць з воданепранікальных матэрыялаў.
Навічкам часта складана вызначыцца з нагрузкамі падчас першых трэніровак. Ці не надта я перагружаю арганізм? Або наадварот – шкадую сябе? Для таго, каб правільна адказаць на гэтыя пытанні, спецыялісты рэкамендуюць спяваць ці размаўляць.
Фота MPORT.UA.
– Калі вы выйшлі на трэніроўку з сябрамі – размаўляйце з імі падчас практыкаванняў, – рэкамендуе спадарыня Наталля. – Калі ў адзіночку – напявайце. Атрымліваецца гаварыць і спяваць, голас не збіваецца – значыць, арганізм спраўляецца. Калі вымавіць нешта цяжка – трэба знізіць нагрузку, арганізм адчувае стрэс.
Калі канькі і лыжы – не ваша, асвойвайце юкігасэн
Найбольш стандартны зімовы спорт – гэта, вядома, лыжы і канькі. Калі нехта не засвоіў іх у дзяцінстве, то ў сталым узросце зрабіць гэта часам бывае нялёгка. Тут не лішнім будзе ўменне правільна… падаць.
– Як я кажу сваім вучням: калі адчуваеце, што пачынаеце падаць – прымайце позу эмбрыёна, – усміхаецца настаўніца. – Не падайце на адну кропку, зрабіце так, каб кропак апоры было некалькі – тады сіла ўдару будзе слабейшая і не такая адчувальная. Калі завальваецеся назад – згрупіруйцеся, пасля падзення перакаціцеся на бок, абапрыцеся на руку.
Калі станавіцца на лыжы і канькі ўсё ж няма ахвоты, можна пераняць японскі нацыянальны від спорту – юкігасэн.
Фота KidsReview.ru.
– Для гэтага трэба падзяліцца на дзве ці болей камандаў, кожная з якіх мае сваю снежную сцяну і сцяг, – тлумачыць спадарыня Наталля. – Для таго, каб перамагчы, трэба выбіць саперніка снежкамі і захапіць яго сцяг. У Японіі праводзяцца чэмпіянаты па гэтым відзе спорту.
А калі вы хочаце выцягнуць на вуліцу дзяцей, то і тут спецыяліст падкажа, як не сумаваць у заснежаным двары.
– Акрамя стандартных санак і крэпасцяў, можна рабіць узоры на снезе, трапляючы ў след адно аднаго, – дзеліцца досведам спадарыня Наталля. – Можна развесці ў бутэльках харчовыя фарбавальнікі і размаляваць снежныя скульптуры. Пры моцным марозе цікава пускаць звычайныя бурбалкі – яны будуць адразу замярзаць і пералівацца на сонцы. Можна хаваць і шукаць скарб у снезе па слядах, рабіць кармушкі і ядомыя пацеркі для птушак – галоўнае тут, проста захацець!
Нават перапынак на працы можна выкарыстаць не для перакуру, а для таго, каб умацаваць сваё здароўе.
– Пачніце проста кідаць снежкі – хто далей, хто больш дакладна, – кажа Наталля Дараховіч. – Магчыма, тады і вашы калегі кінуць цыгарэты і пачнуць перакідваць вас у снежкі.



