weather 20° Маладзечна
weather 20° Вілейка
weather 22° Смаргонь
weather 20° Ашмяны
weather 22° Валожын
weather 20° Мядзел
weather 22° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.2898
1 долар 1.9706
100 рас.руб. 3.1632
05.01.2017 16:34 ,

Чатыры пары шкарпэтак, валёнкі і літр гарбаты. Як у Маладзечне працуецца на марозе (Фотарэпартаж)

Фота: Наталлі Тур.

Пасля Новага года зіма нагадала, якая яна на самой справе. Аказалася, што можа добра заснежыць горад. А таксама падмарозіць так, што людзі, якія працуюць на вуліцы, будуць прытанцоўваць, але не ад шчасця, а ад холаду.

Як адзначае Віктар Смаленскі, які гандлюе яблыкамі з уласнага саду, за дзень ён прадаў толькі тры кілаграмы, з маразамі людзей на рынку паменшала.

А вось на надвор’е мужчына не скардзіцца.

– Наадварот, вельмі падабаецца, – адзначае ён. – Я чалавек вясковы, таму магу прызвычайвацца да ўсяго. Хіба гэта маразы? Спакойна пераношу нават большыя. Зімой езджу на рыбалку –гоніць спартыўны інтарэс. Аднак сёлета пакуль не выбраўся, лёд яшчэ не вельмі трывалы, адна рыбіна не каштуе жыцця.

“Прыходзіла дадому і плакала, настолькі замярзала”

Ганна Карташэвіч адзначае, што галоўнае апрануцца, як мяшок, тады не замерзнеш. З вопраткі на жанчыне чатыры швітары, сподняе адзенне, штаны, пальчаткі, рукавіцы, некалькі шкарпэтак.

– Як толькі пачала працаваць на рынку, цяжкавата было прывыкнуць да холаду, – узгадвае Ганна. – Прыходзіла дадому і плакала, настолькі замярзала. Але з часам стала больш трывалай да марозу. Галоўнае рухацца, прытанцоўваць. Саграюся і чаем.

Больш за ўсё ў прадаўцоў церпяць рукі, бо ў пальчатках альбо рукавіцах рэшту не дасі.

Жанчына прызнаецца, што, зняўшы рабочае абмундзіраванне дома, адразу ўсё цела ненатуральна чырванее; адчуванне, нібы іголачкі па ўсім целе.

Есці аднолькава хочацца і пры -30 і пры +30

Адзін з прадпрымальнікаў, які не захацеў называць імя, адзначыў, што есці аднолькава хочацца і пры -30, і пры +30. Таму адзінае выйсце – працаваць у любое надвор’е.

Як мужчына прызнаецца, ад марозу не пакутуе, бо загартаваны. А вось некаторыя пакупнікі нават пры -1 гатовыя мераць вопратку на фуфайку, настолькі замярзаюць.

Руслан Куліеў падзяліўся сакрэтам, што мароз часам вельмі добры для продажаў.

– Калі ў моцны мароз пакупнік падыходзіць да павільёна і нешта доўга разглядае, вялікія шансы, што набудзе, – адзначае прадавец. – Холадам купляюць тое, што кінулася ў вочы.

Жанчын на рынку ратуюць і валёнкі. Адна з прадстаўніц прыгожага полу Вольга надзявае яшчэ чацвёра шкарпэтак, дапамагае і цёплая хустка, якую накідае на пухавік.

Пры -30 не будзем здзекавацца над людзьмі

Нягледзячы на мароз, кіпіць работа і на будаўніцтве шматпавярховага дома па вуліцы Валынца.

– Кожную гадзіну работнікі ходзяць грэцца ў бытоўку, – адзначае начальнік участка Аляксандр Пальчэўскі. – Пакуль яшчэ невялікія марозы, аднак пры -30 не будзем здзекавацца над людзьмі.

У цэмент, з дапамогай якога робяць кладку, дадаюцца спецыяльныя супрацьмарозныя дадаткі. Можна не хвалявацца, што будаўніцтва ў мароз нейкім чынам адаб’ецца на трываласці будоўлі. Цэмент падвозяць праз кожныя дзве гадзіны. За якасцю будаўніцтва сочыць і тэхнагляд, спецыялісты прыязджаюць праз дзень.

Што работа грэе, бачна і па жыццярадасных тварах работнікаў. Падысці да іх не атрымалася, аднак на нашы крыкі, як працуецца ў мароз, яны адказалі пальцамі, паднятымі ўгору, – выдатна.

Па сабе мы адчулі, чым больш знаходзішся на вуліцы, мароз не падаецца такім страшным. Спачатку мерзлі рукі, ногі, шчокі, пасля адчуванне холаду прайшло. Глядзіце на мароз не як на перашкоду, а як на добрую нагоду стаць больш загартаваным. І думайце пра лета, гэтыя думкі дакладна вас сагрэюць.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце