weather 2° Маладзечна
weather 2° Вілейка
weather 9° Смаргонь
weather 2° Ашмяны
weather 8° Валожын
weather 2° Мядзел
weather 9° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4279
1 долар 2.1098
100 рас.руб. 3.2157
08.01.2017 12:16 ,

У Палачанах Івянецкай школе-інтэрнату падарылі падкову на шчасце

Фота: Наталлі Тур.

Напярэдадні Новага года ў Палачанах зладзілі дабрачынную  ёлку для выхаванцаў школы-інтэрната з Івянца.

Ініцыятыву праявіла супрацоўніца конезавода Алена Белавус:

– Цягам года мы неаднаразова ладзілі дабрачынны пракат коней. Бачылі, як дзеткі з асаблівасцямі з задавальненнем каталіся на коніках, кармілі іх, таму і вырашылі, чаму б не паказаць ім сапраўднае навагодняе прадстаўленне, дзе былі б і Дзед Мароз са Снягурачкай, і выкананне жаданняў, і салодкія падарункі і, вядома, коні.

Канешне ж, якія Палачаны без коней? Таму нічога дзіўнага ў тым, што Дзед Мароз са Снягурачкай тут былі з капытамі, грывамі і хвастамі.

Дзедам Марозам  была кабыла Любава, Снягурачкай – кабыла Сянтана.

Але калі гэтыя Дзед Мароз са Снягурачкай паказвалі дзецям свае здольнасці, то Дзед Мароз са Скамарохамі з гімназіі-каледжа мастацтваў з задавальненнем гуляў з дзецьмі і ўважліва слухаў, як яны спявалі і расказвалі яму вершы.

Выконваў ролю Дзеда Мароза Павел Дзянісік, навучэнец гімназіі-каледжа. Дапамагалі яму Скамарохі, аднагрупніцы Паўла – Марыя Барэйка і Вікторыя Савельева.

Павел прызнаўся, што ролю Дзеда Мароза ён выконвае не першы раз, але ў Палачаны трапіў упершыню.

– Тут атмасфера адрозніваецца ад іншых дзіцячых ранішнікаў. Па-першае, калі Дзед Мароз едзе на кані, гэта выклікае неверагоднае захапленне ў маленькіх гледачоў. А па-другое, калі ў Палачаны прыязджаюць такія дзеткі, як з Івянца, мы стараемся з усіх сіл, каб яны паверылі ў цуд.  

Суправаджаў дзяцей з Івянца супрацоўнік інтэрната Андрэй Басько:

– Мы з дзецьмі ўпершыню ў Палачанах, і ўражанні ад гэтага месца самыя пазітыўныя. Дзеці ўжо паспелі расказаць, што ім спадабалася тут: і артысты, і пачастункі, і, вядома, коні. Інтэрнат у нас вялікі, у ім выхоўваюцца 66 дзетак, а ў Палачаны прыехалі толькі восем. Многіх забралі на канікулы, другія раз’ехаліся на іншыя мерапрыемствы, але, калі нас запросяць, з задавальненнем прыедзем у Палачаны яшчэ.   

А арганізатары ранішніка своеасабліва далі зразумець гасцям з Івянца, што іх тут чакаюць і рады бачыць заўсёды.

Падчас ранішніка артысты Алена Белавус, Кацярына Чырыца і Анастасія Яцына падарылі Івянецкай школе-інтэрнату падкову на шчасце. А такі сімвалічны падарунак абы-каму не дораць.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце