weather 8° Маладзечна
weather 8° Вілейка
weather 7° Смаргонь
weather 8° Ашмяны
weather 7° Валожын
weather 8° Мядзел
weather 7° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4279
1 долар 2.1098
100 рас.руб. 3.2157
14.01.2017 11:41 ,

“Заходзіш у ваду ў гумовых ботах, а рыба не ўцякае”. Хто такія ласасёвыя рыбы і як іх зберагчы – аб гэтым раскажуць у Варнянах

Фота: sputnik.by.

Пра тое, што на Астравеччыне можна пабачыць унікальных для Беларусі ласасёвых рыб, нагадвае нават герб горада. А каб даведацца болей – як жывуць рыбы, чым харчуюцца і навошта штогод прыплываюць у Беларусь, – можна будзе звярнуцца ў інфацэнтр па захаванні ласасёвых рыб. Ён адкрыецца 20 сту­дзеня ў вёсцы Варняны Астравецкага раёна.

Два ў адным: інфармацыйны цэнтр і навучальная лабараторыя

Інфацэнтр будзе дзейнічаць пры пад­трымцы арганізацыі “Ахова птушак Баць­каў­шчыны” (АПБ), а абсталёўвацца – у межах праекта “Развіццё і ўмацаванне сеткі захавальнікаў вакол значных водна-балотных угоддзяў” пры фінансавай падтрымцы кааліцыі “Чыстая Балтыка”.

Варняны выбралі не выпадкова – менавіта ў ваколіцах мож­на дагэтуль сустрэць ласасёвых рыб, што пры­плываюць на нераст.  
Да ­таго ж на месцы ёсць актывісты, зацікаўленыя ў існаванні цэнтра. А мясцовая навучальная ўстанова, навучальна-педагагічны комплекс “Варнянскі яслі-сад-сярэдняя школа”, пагадзілася даць памяшканне.

Адкрыццё цэнтра плануецца на 20 студзеня – якраз у дзень юбілею новага будынка школы.

– Пэўны працэнт мясцовых жыхароў ведае пра існаванне ласасёвых рыб, – кажа Максім Нямчынаў, каардынатар праекта па стварэнні ласасёвага цэнтра. – Яшчэ меншы ведае аб праблемах гэтых рыб. І зусім мала хто ведае, што агулам уяўляюць сабой ласасёвыя, чым яны адрозніваюцца ад іншых рыб. Каб гэтага прабелу больш не было, мы і ствараем цэнтр.

Фота ptushki.org.

Фота ptushki.org.

Ласасёвы цэнтр бу­дзе працаваць у рэжыме школы. Ужо прай­шло некалькі семінараў з вучнямі і настаўнікамі, каб яны змаглі распавесці пра цэнтр усім ахвотным.

– На месцы вы пабачыце каля дванаццаці стэндаў з інфармацыяй пра віды ласасёвых рыб, іх шлях на нераст, тыя пагрозы, якія для іх існуюць, – распавядае каардынатар. – Можна будзе даведацца і пра сам нераст – у ласасёвых ён адбываецца не так, як у іншых рыб, яны не проста кідаюць ікру і сплываюць.

Інфармацыя на стэндах пададзеная такім чынам, каб наведнікі змаглі вынесці нешта новае для сябе і без дапамогі экскурсавода. Напрыклад, разуменне таго, што мыйныя сродкі, якімі мы карыстаемся штодзень, уплываюць на стан прыродных вадаёмаў.

Цэнтр будзе мець тры рабочыя мовы – беларускую, рускую і англійскую.

– Мяркуем, што на базе цэнтра будзе працаваць навучальная лабараторыя, – дадае Максім Нямчынаў. – У ёй мы будзем займацца адаптаванай версіяй назірання за рэкамі (river watch). Будзем вызначаць стан вадаёма па яго насельніках.

Астравецкія ласасёвыя – самыя дужыя

Дапамагчы рыбам на практыцы можа любы ахвотны.

Можна далучыцца да валанцёраў арганізацыі “Экадом-Нёман”, якія штогод ладзяць летнікі для патрулявання тэрыторыі нерасту. Летнікамі іх можна назваць хіба што ўмоўна – нераст адбываецца ад канца кастрычніка да пачатку снежня. На гэты перыяд валанцёры разбіваюць намёты і адпуджваюць браканьераў.

Фота TUT.by.

Фота TUT.by.

– Важна распаў­­сю­дж­ваць звесткі аб пагрозах і правільна іх выкарыстоўваць, – дзеліцца досведам каардынатар праекта. – Напрыклад, будаўніцтва АЭС пагражае тым, што ў выніку скідвання цёплай вады ў Вілію тэмпература ў ручаях і прытоках павысіцца. Тады рыба перастане прыплываць на нераст.

Пасля звароту экалагічнай супольнасці АЭС абяцалі абсталяваць неабходнай колькасцю ахаладжальнай апаратуры.

– Падаецца, што ласасёвых у нас не так і шмат – мы назіраем каля ста нерастовых гнёздаў цягам сезона, – разважае Максім Нямчынаў. – Але іх стан істотна ўплывае на стан усёй папуляцыі рыб у Балтыйскім моры. Да таго ж рыбы, якія даплываюць да Астравеччыны, – самыя дужыя сярод ласасёвых. Яны праплываць па рэках каля 600 кіламетраў!

“Дзеці ў захапленні ад рыб”

Варнянскі комплекс яслі-сад-сярэдняя школа цягам апошніх шасці гадоў дапамагае ў ахове рэдкіх рыб.

– Шэсць гадоў таму мы даведаліся, што ў рэчачкі нашага рэгіёна заплывае кумжа, – кажа Алена Юркойць, дырэктар комплексу. – Тады мы разам з дзецьмі пачалі назіраць за рыбай, лічыць гнёзды. Дзеці былі ў захапленні: заходзіш у гумовых ботах у ручаі, вада празрыстая і ты бачыш рыбу, падыходзіш бліжэй, а яна не ўцякае. Пасля да назіранняў пачалі далучацца і бацькі.

Ужо летась школьнікі даведаліся, што менавіта ў будынку іх навучальнай установы размесціцца інфармацыйны цэнтр. Ужо вызначыліся з вучнямі і настаўнікамі, якія будуць праводзіць экскурсіі на трох мовах. Іх кандыдатуры абмяркуюць з супрацоўнікамі АПБ.

– Мы вельмі цешымся, што цэнтр будзе працаваць у нас, – дадае Алена Юркойць. – Гэта будзе цудоўнае месца і для інфармавання мясцовага насельніцтва, і для прыродаахоўнай дзейнасці, і проста для агульнага развіцця жыхароў раёна.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце