weather 19° Маладзечна
weather 19° Вілейка
weather 25° Смаргонь
weather 19° Ашмяны
weather 21° Валожын
weather 19° Мядзел
weather 25° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3272
1 долар 1.9984
100 рас.руб. 3.1481
16.01.2017 15:50 ,

Перасяленне, новабудоўлі і развод з грамадзянкай Соф’інай. Чым яшчэ жыла Маладзечанская вобласць у Год пеўня ў 1957 годзе

Фота: з газеты "Чырвоны сцяг".

Гады Пеўня ў 20 стагоддзі былі ў 1909, 1921, 1933, 1945, 1957,  і гэтай далей праз 12 год ...

Спачатку нам хацелася прытрымлівацца храналагічнага парадку ў сваім аповедзе, але калі нам у рукі трапіла падшыўка абласной газеты “Чырвоны сцяг” за 1957 год, мы вырашылі, што трымаць пры сабе ўсе гэтыя падзеі мы проста не зможам.

Так хочацца хутчэй імі падзяліцца, а магчыма, і спытацца ў вас, паважаныя чытачы, можа, хтосьці памятае, як гэта было. Раскажыце і вы пра свае ўражанні ад года Пеўня 60-гадовай даўніны.

А было гэта так…

У 1957 годзе адзначалася 75-годдзе беларускіх песняроў Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Да юбілею Янкі Купалы і прымеркавалі адкрыццё помніка ў Радашкавічах.

Тым жа летам у кожным нумары газеты друкавалася аб’ява пра тое, што адбываецца перасяленне калгаснікаў, рабочых і служачых для працы ў Цюменскай, Томскай абласцях, у Карэлію і Казахстан.

У аб’яве значылася, што перасяленне адбываецца добраахвотна, што для гэтага трэба, каб у сям’і было не менш за два працаздольныя чалавекі, што ўсім перасяленцам будзе выплачана дапамога ў памеры ад 600 да 1000 рублёў. Праезд і перавоз рэчаў бясплатныя, акрамя таго,  на новым месцы жыхарства перасяленцы будуць забяспечаныя кватэрамі і ўчасткамі, а таксама будзе выдадзены крэдыт на куплю скаціны і будоўлю дома.

Цікава, ці шмат тады маладзечанцаў з’ехала ў Цюмень? 

Аб’явы ў тых газетах – тэма асаблівая.

У іх паведамлялася, што ў горадзе пачало працаваць пахавальнае бюро.

А дзе цяпер прачытаеш, што грамадзянін Соф’ін спяшаецца расказаць, што ён разводзіцца з грамадзянкай Соф’інай і што справу будзе разглядаць народны суд?

У 1957 годзе такіх аб’яў за год было ўсяго некалькі.

Вельмі багаты гэты год быў на новабудоўлі. Пра што абласная газета рэгулярна паведамляла сваім чытачам.

У 1957 годзе ў Мала­дзечне пабудавалі будынак санэпідэмстанцыі. Гарадская паліклініка таксама размяшчалася  ў гэтым двухпавярховым будынку.

Сярэдняя школа №5 адкрыла свае дзверы 1 верасня 1957 года.

Будаваліся жылыя дамы і заводы:

“Цяпер у працэсе завяршэння цэлы шэраг новабудоўляў: швейная фабрыка на 300 машын, завод жалезабетонных канструкцый, піваварны завод, мотарамонтны завод, завод па вырабе гумавага даху, хлебазавод і шэраг іншых прадпрыемстваў”, – піша абласная газета.

60 гадоў таму з Мала­дзечна ў Мінск рэгулярна ездзілі аўтобусы. А вы думаеце, што маршруткі з’явіліся нядаўна?

І ў 1957 годзе ў Мала­дзечне адкрыўся першы супермаркет – магазін самаабслугоўвання, як пісалі тады. Размясціўся ён на рагу былых вуліц Кірава і Рэвалюцыйнай.

Дзе гэта месца, здагадаецеся?

У той год у Маладзечне былі тры гарадскія маршруты, на якіх працавалі 13 аўтобусаў.

Кіно можна было пагля­дзець у двух гарадскіх кінатэатрах, а кніжкі пачытаць у трох бібліятэках.

Аднак не ўсе грандыёзныя планы збыліся.

Напрыклад, маладзечанцам абяцалі, што ў хуткім часе на Цэнтральнай плошчы з’явіцца драматычны тэатр на 800 месцаў і пабудуецца трэці кінатэатр.

У Смаргоні было 10 тэлевізараў

Не забывалася абласная газета і пра падзеі ў раённых цэнтрах.

У артыкуле пра тэлебачанне тагачасныя журналісты пішуць:

– Больш за 10 тэлевізараў працуюць у Смаргоні, якія на адлегласці 107 кіламетраў прымаюць сігнал з Мінска.

А ў Любані якраз завяршалі будаўніцтва аўтаматычнай тэлефоннай станцыі аж на 50 нумароў.

Артыкул называўся “Першая ў вобласці”.

– Аўтаматычная тэлефонная станцыя дазволіць 44 абанентам мець кругласутачную тэлефонную сувязь як паміж сабой, так і з горадам Вілейка.

У Валожыне змагаліся з лайдакамі і хуліганамі.

“Днём у Пяршаях стаіць цішыня. І толькі з аднаго дома даносіцца храп. Гэта – адзіны калгаснік, які не выйшаў на поле. Вы не думайце, што ён стары або хворы. Хвароба 20-гадовага Рамана Ждановіча называецца лянота”, – піша газета.

Рубрыка “Здарэнні” ў газеце таго года была не частай, але расказвала пра такія вось:

– Брылеўскі К.П. вядомы ў вёсцы Вішнева Валожынскага раёна сваімі п’янымі дэбошамі. Некалькі разоў у нецвярозым стане ён чыніў скандалы ў сельскай бальніцы. У лістападзе  збіў санітарку і толькі пры дапамозе хворых хулігана ўціхамірылі.

– А што мне за гэта будзе, – разважаў Брылеўскі, – калі яго саромілі. – Ну, адсяджу сутак 15 і выпусцяць.

На днях глыбокім вечарам ён уварваўся ў бальніцу. Падняў скандал, лаяў нецэнзурнымі словамі медработнікаў, разбіў у бальніцы тры акны, ускочыў у радзільнае аддзяленне, дзе знаходзіліся мамы з немаўлятамі.

Брылеўскага арыштавалі міліцыянеры. Яго будуць судзіць.

А Ашмяны будаваліся.

У 1957 годзе тут з’явіліся тры жылыя дамы, магазін, клуб, корпус сельскагаспадарчага тэхнікума, школа, лазня, добраўпарадкавалі гарадскі парк. А самае галоўнае, тут з’явіўся льнозавод.

Багаты на падзеі быў 1957 год. Паглядзім,  у які яшчэ год Пеўня занясе нас у наступны раз.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце