weather 25° Маладзечна
weather 25° Вілейка
weather 20° Смаргонь
weather 25° Ашмяны
weather 22° Валожын
weather 25° Мядзел
weather 20° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3272
1 долар 1.9984
100 рас.руб. 3.1481
17.01.2017 18:30 ,

Беларусь – гэта ў Афрыцы? Маладзечанцы распавядаюць пра сваё жыццё ў ЗША, Чэхіі і Нарвегіі

Яўген Каратай, Крысціна Шыянок і Кацярына Станкевіч больш за пяць гадоў жывуць за мяжой.

У каго з нас часам не з’яўляецца думка кінуць усё і паехаць жыць за мяжу – там і лю­дзі дабрэйшыя, і трава зелянейшая. Ці так гэта насамрэч, “РГ” расказалі колішнія маладзечанцы, якія цяпер жывуць за мяжой.

Яўген Каратай, сем гадоў жыве ў ЗША

У ЗША я з’ехаў, таму што выйграў Грын-кард. Не паспрабаваць пераехаць было б вялікім глупствам. Калі сышоў з трапа самалёта сем гадоў таму, то зразумеў, што ўсё навокал чужое.

Але я хутка прывык да мовы і людзей. Прыгадваючы ўрокі англійскай ў школе, разумею, што школьная праграма вельмі далёкая ад рэальнага жыцця, мову давялося вучыць па-новаму.

Яўген на беразе возера Сьюперыя, недалёка ад роднага горада Боба Дылана.

Яўген на беразе возера Сьюперыя, недалёка ад роднага горада Боба Дылана.

Я жыву ў штаце Мінесота. Спачатку працаваў на будоўлі, цяпер займаюся праграмаваннем.

Спачатку цяжка было асэнсаваць, што многія пытанні могуць вырашацца хутка і без стрэсу – ад арэнды кватэры да адкрыцця рахунка ў банку.

Таксама вельмі нязвыклай была сістэма вымярэнняў. Тэмпература ў Фарынгейтах, аб’ёмы ў галонах, даўжыня ў цалях, футах, мілях і ярдах. Мне і цяпер наша метрычная сістэма падаецца больш зручнай і практычнай.

Наконт амерыканцаў існуе мноства стэрэатыпаў. Але гэта вельмі добрыя і адкрытыя людзі. У большасці сваёй яны ўсё жыццё пражылі ў дастатку, таму, магчыма, часам вельмі наіўна глядзяць на рэчы. Ніхто не імкнецца нікому нічога даказаць наконт свайго становішча – напрыклад, усе апранаюцца вельмі проста. Знешніх адрозненняў паміж мільянерам і простым рабочым не зной­дзеш.

Беларусы шмат чаму маглі б навучыцца ў амерыканцаў. Напрыклад, не глядзець на іншых, а займацца сваімі справамі.

Чыкага, шкляная аглядальная пляцоўка на вышыні 412 метраў.

Чыкага, шкляная аглядальная пляцоўка на вышыні 412 метраў.

Беларусаў у сваю чаргу варта пахваліць за працавітасць – гэтым яны вылучаюцца ў ЗША сярод “рускамоўных”. І яшчэ мы больш еўрапейскія, калі можна так сказаць.

Амерыканцы вельмі цікавяцца спортам, прычым мясцовым – НХЛ, НФЛ. З маіх знаёмых мала хто сочыць за алімпіядамі і чэмпіянатамі свету, а вось за мясцовымі лігамі – так.

І яшчэ амерыканцы ў адкрытую размаўляюць пра палітыку. Прычым таксама больш абмяркоўваюць мясцовую, а не міжнародную.

Выстава калекцыйных аўтамабіляў 30-50-х гадоў у Мінесоце.

Выстава калекцыйных аўтамабіляў 30-50-х гадоў у Мінесоце.

Ежа ў Штатах вельмі высокай якасці. Калі размаўляю з роднымі, мы часам параўноўваем цэны: яны тут амаль такія ж, як у Беларусі. Але салодкае, шакалад, арэхі – нашмат танней. Тут вельмі якаснае і таннае адзенне. Брэндавыя рэчы можна купіць са зніжкай 80-90%.

Калі нехта хоча пераехаць у Штаты, магу сказаць, што першы час бу­дзе нязвыкла і шмат трэба будзе працаваць. Але праца тут цэніцца.

Недарма гавораць, што ЗША – краіна магчымасцяў. Галоўнае рабіць тое, што падабаецца, і рабіць гэта крыху лепей, чым іншыя.

І калі ўжо ёсць такая магчымасць, хацеў бы перадаць прывітанні праз газету сваім маме і тату, а таксама ўсім родным!

Крысціна Шыянок, сем гадоў жыве ў Чэхіі

Калі вывучала чэшскую і беларускую філалогію ў БДУ, нас адпраўлялі на стажыроўкі ў Чэхію. Ужо тады я жыла на дзве краіны: семестр у Мінску, семестр у Празе. З кожнай наступнай паездкай кантраст паміж “свабоднай” Еўропай і “несвабоднай” Беларуссю ўспрымаўся мацней. Да таго ж мяне вабіла праца вуснага перакладчыка, але ні паслядоўнага, ні сінхроннага перакладу ў нас на філфаку не было. Таму адразу пасля абароны дыплома я паехала ў Прагу паступаць ў Карлаў універсітэт.

Спачатку выкладала чэшскую мову рускамоўным студэнтам. Прабіцца ў сферы перакладу было не проста: вельмі моцная канкурэнцыя. Але я заняла сваю нішу на рынку. Займаюся судовым, сацыяльным і канферэнц-перакладам. Дыяпазон працы вельмі шырокі: ад бізнэс-перамоў да Карлаварскага кінафестывалю і допытаў у турмах.

Стаўленне чэхаў да замежнікаў не заўсёды станоўчае. Горш за ўсё, калі з такім сутыкаешся ва ўстановах.

Мяне прымаюць за чэшку, але даводзілася бачыць, як чыноўнікі кпілі з іншых замежнікаў.

Я пагадзілася быць лектаркай у праекце па паляпшэнні інтэркультурных кампетэнцый дзяржаўных службоў­цаў. Спадзяюся, у нас атрымаецца нешта змяніць.

Яблычны фэст-2016.

Яблычны фэст-2016.

Пасля пераезду было складана перастроіцца на новы рытм. Чэхі рана ўстаюць, рана па­чынаюць і заканчваюць працу. Калі ты нешта заказваеш праз інтэрнэт, дастаўка можа прыехаць а сёмай раніцы і вельмі здзівіцца, што ты яшчэ ў піжаме. У суботу і ня­дзелю ніхто не працуе, многія на выхадныя выключаюць службовыя мабільныя тэлефоны альбо пакідаюць іх на рабоце. Дзяржаўныя святы ўвогуле татальна прыпыняюць усе працоўныя працэсы.

Беларусы, калі параўноўваць з чэхамі, занадта цярплівыя, яны хутчэй змірацца з сітуацыяй, чым паспрабуюць яе вырашыць. Чэхі будуць пісаць скаргі і ўсімі спосабамі дамагацца справядлівасці. Кажуць, што чэхі даволі прагматычныя і нават дробязныя.

Мне сапраўды даводзілася чуць рэплікі кшталту “Дарым дзіцяці на дзень народзінаў праязны”.

Крысціна падчас леташняга беларускага Купалля ў Чэхіі.

Крысціна падчас леташняга беларускага Купалля ў Чэхіі.

Але ў той жа час я ў захапленні ад таго, як на выхадныя ўсе сем’ямі выязджаюць за горад, а студэнты абавязкова едуць дадому і вяртаюцца з гісторыямі пра рыбалку з дзядулем ці гатаванне кнэдлікаў з бабуляй.

Калі жыла ў Беларусі, мне не падабалася, што людзі слепа прытрымліваюцца прынятай у савецкія часы мадэлі жыцця. Такія рашэнні, як паступленне ва ўніверсітэт ці шлюб часта прымаюцца таму, што “трэба”, а не таму, што чалавек да іх псіхалагічна гатовы. Тут інакш. Пасля школы некаторыя робяць гадавы перапынак, каб вызначыцца, кім яны хочуць стаць, ва ўніверсітэт ідуць далёка не ўсе. Раней за 30 звычайна не жэняцца і не выходзяць замуж.

Упершыню я адчула, што я “ў сябе”, калі перастала ў галаве пераво­дзіць цэны ў беларускія рублі. Або калі па вяртанні ў Прагу з нейкай паездкі аўтаматычна сказала “нарэшце дома”. Але цалкам адчуць сябе “не госцем” я змагла толькі пасля атрымання дазволу на сталае жыхарства.

На працы падчас сустрэчы з Міколам Статкевічам.

На працы падчас сустрэчы з Міколам Статкевічам.

Беларуская “Мачанка-паці” ў 2014 годзе.

Беларуская “Мачанка-паці” ў 2014 годзе.

Сувязь з радзімай падтрымліваю. Сачу за навінамі, удзельнічаю ў беларускіх праектах. З сяброўкамі вядзём ў “Фэйсбуку” суполку “Беларусы Чэхii”. Таксама з’яўляюся афіцыйным прадстаўніком беларускай меншасці.

Калі зазірнуць у будучыню, то бачу сябе прысяжнай перакладчыцай. Якраз падаю дакументы на атрыманне адпаведнай пячаткі. І не выключаю, што калі-небудзь вярнуся ў Беларусь.

Кацярына Станкевіч, за мяжой шэсць гадоў, апошні год жыве ў Нарвегіі

Мой досвед жыцця за мяжой пачаўся ў 2011 годзе. Тады я паехала вучыцца ў Літву. Там пражыла чатыры гады і атрымала дыплом бакалаўра міжнароднага права.

Пасля была Варшава, куды я паступіла ў магістратуру і адвучылася год. Але мне складана сядзець на месцы, і хутка я пераехала ў Нарвегію.

Дасылаю гарачыя прывітанні з партовага горада Берген! Тут я вучуся і працую ў міжнароднай кампаніі.

Магчыма, такая мая натура, але з рэальнымі цяжкасцямі я не сутыкалася ў ніводнай краіне. Я лёгка адаптуюся да любых умоў, і мне ў кайф такія выклікі.

Мне даво­дзілася вучыць шмат моў, нарвежская – ужо сёмая. Але мая паўся­д­зён­ная мова – англійская.

Кацярына на выпускным у Вільні.

Кацярына на выпускным у Вільні.

Гэта я зразумела, калі пачала бачыць сны на англійскай.

Пераезды не толькі стымулююць самаразвіццё, але і дадаюць сіл і ўпэўненасці ў сабе.

Таму пакуль вы жывыя і здаровыя – падарожнічайце! Не важна куды і з кім, самалётам, пешкі ці на аленях. Проста рухайцеся, глядзіце, назірайце. Суседні горад ці канец свету – не важна. Важна, што, вярнуўшыся назад, вы ніколі не будзеце ранейшым.

Што тычыцца Нарвегіі, тут ёсць адзін вялізазны, тлусты плюс: прырода! Такога я не бачыла нідзе! Калі я штораніцы бачу гэтыя горы, то гатовая дараваць Нарвегіі ўсё: і вечны дождж, і змены надвор’я па сто разоў на дзень, і касмічныя цэны – келіх віна за 10 еўра.

Да таго ж тут можна атрымаць бясплатна ўсё, ад хамяка да дачы. Я не жартую. Людзі тут настолькі багатыя, што праз спецыяльны сайт аддаюць усё, што ім больш не трэба. Пасля пераезду я вельмі ак­тыў­на гэтым карысталася. Першым, што атрымала, быў ложак для гасцей.

Нарвежскі К’ёраг, пад Кацярынай прорва глыбінёй у кіламетр.

Нарвежскі К’ёраг, пад Кацярынай прорва глыбінёй у кіламетр.

На знакамітым Языку Троля.

На знакамітым Языку Троля.

Гледзячы на беларусаў збоку, я параіла б ім больш займацца самаразвіццём. У Нарвегіі нават дворнікі і кіроўцы гавораць на цудоўнай англійскай. А пенсіянеры ходзяць у горы, на фітнес, у басейн.

І яшчэ беларусам варта пазбавіцца такой рысы – пастаянна некаму нешта даказваць.

Галалёдзіца – але на шпільках у 20 см, здаваць аналізы ў паліклініку – з нарошчанымі вейкамі. Прыйсці ў бар і выкласці на стойку ўсе свае айфоны. Ці не лепей “забіць” на гэта ўсё і атрымліваць задавальненне ад жыцця?

Раніца ў нарвежскіх гарах.

Раніца ў нарвежскіх гарах.

Горад Берген.

Горад Берген.

Кацярына на працы ў Бергене.

Кацярына на працы ў Бергене.

Часам крыўдна, што большасць людзей увогуле не падазрае аб існаванні такой краіны, як Беларусь. Якія толькі варыянты я не чула: частка Малдовы ці Расіі ці што гэта ўвогуле ў Афрыцы. І трэба падзякаваць Дар’і Домрачавай, якая выйшла замуж за мясцовую зорку, біятланіста Б’ёрндалена. Дзякуючы гэтаму многія нарвежцы адкрылі для сябе Беларусь.

Я не будую доўгатэрміновых планаў, бо я перакананы фаталіст. Ведаю адно: летам у мяне абарона дыплома ў Варшаве. А з бліжэйшых планаў – пабываць на радзіме, завесці сабаку і паесці маміных дранікаў.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце