weather 17° Маладзечна
weather 17° Вілейка
weather 20° Смаргонь
weather 17° Ашмяны
weather 20° Валожын
weather 17° Мядзел
weather 20° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3272
1 долар 1.9984
100 рас.руб. 3.1481
17.01.2017 12:38 ,

«Натхненне года-2016» невідушчы спявак Данік Савеня: люблю беларускую мову, не лічу сябе дзіцём і мару, каб Каця на мяне паглядзела

Рэдактар “Рэгіянальнай газеты” Аляксандр Манцэвіч уручае Даніку Савеню сертыфікат і падарункі. Фота Зоі Хруцкай.

Выдаць сольны альбом, быць знакамітым і спадабацца дзяўчынцы Каці. А дакладней, выдаць альбом і быць знакамітым, каб спадабацца дзяўчынцы Каці.

Пра гэтыя і іншыя свае мары расказаў карэспандэнтам нашай газеты пераможца конкурсу “Асоба года” ў намінацыі “Натхненне года” па выбары рэдакцыі, таленавіты невідушчы хлопчык Данііл Савеня. Галоўны рэдактар газеты Аляксандр Манцэвіч уручыў хлопчыку сертыфікат і падарункі.

Даніку 12 год. Ён вучыцца ў 6 класе Маладзечанскай школы інтэрната №2 для дзяцей з праблемамі зроку. Нарадзіўся хлопчык у Слуцку. Тут і цяпер жыве яго сям’я: мама, тата і васьмігадовая сястрычка Аляксандра.

Данік Савеня. Фота Зоі Хруцкай.

Данік Савеня. Фота Зоі Хруцкай.

– Пра галасаванне на сайце мы даведаліся, калі яно ішло ўжо пяць дзён, – расказала Анжэла Савеня, мама Даніка. – Але калі я даведалася, то пачала актыўную дзейнасць: размяшчала інфармацыю ў суполках у інтэрнэце, расказвала ўсім сваім сябрам. За Даніка галасавала нават жанчына-дэпутат са Слуцка.

У Маладзечне пра Даніка ведаюць больш, чым у родным горадзе

Анжэла прызналася, што хоць і не жыве ў нашым рэгіёне, чытае газету і інфармацыю на сайце. У “Рэгіянальнай газеце”, заўважыла мама, можна знайсці навіны пра Даніка. Ды і ў Маладзечне яго ўжо больш ведаць, чым у родным Слуцку.

Гэта і не дзіўна. Бо ў Маладзечне хлопчык з першага класа.

Калі прыехалі  першы раз на лінейку, успамінае мама, Данік адразу сабе “жонку” знайшоў сярод дзяўчынак-вучаніц. Хлопчык ён актыўны, любіць зносіны.

– У першым класе без бацькоў сумаваў, – далучаецца да размовы Данік. – Але цяпер у школе ў Маладзечне куды весялей, чым дома. У Слуцку сям’я і ноўтбук, а ў школе мерапрыемствы, сябры, музыка.

Упершыню на сур’ёзнай сцэне Данік стаў спяваць з пяцігадовага ўзросту. Талент, хутчэй за ўсё, з сям’і. Добры голас мае тата Даніка, а мамін брат нават меў свой музычны гурт. Сястра Даніка Саша таксама спявае, іграе на віяланчэлі.

– Я раіў маме аддаць Сашу на фартэпіяна. Лічу, што гэта больш патрэбны інструмент, – дзеліцца Данік. – Але Саша сама абрала віяланчэль.

На вялікай сцэне дуэтам з сястрой Данік ніколі не спяваў, а вось у машыне часта, расказала мама.

Што натхняе хлопчыка, які стаў натхненнем года

Хлопчык займаецца музыкай у інтэрнаце. Практычна ні адно мерапрыемства не абыходзіцца без яго песень. Ад верасня спявае ў студыі кампазітара Алены Атрашкевіч у маладзечанскім Палацы культуры. Ужо пяты год ходзіць у музычную школу па класе фартэпіяна, умее іграць на сінтэзатары.

Па словах Даніка, яго натхняе падтрымка блізкіх і гледачоў у час выступлення. Усведамленне таго, што на яго глядзіць дырэктар школы і музычны кіраўнік. Тады, кажа хлопчык, хочацца спяваць для сябе і для радасці людзей. Ды і музыка сама па сабе натхняе.

Фота Зоі Хруцкай.

Фота Зоі Хруцкай.

Цяпер Данік актыўна перапісваецца з сябрамі “Укантакце”, з’яўляецца адміністратарам некаторых інтэрнэт-парталаў.

Хлопчыку падабаецца беларуская мова, але не на ўроках, а ў жывым маўленні. Беларускую мову трэба ведаць, упэўнены Данік.

– У маім характары ёсць не вельмі добрая рыса – лянота, – самакрытычна прызнаўся хлопчык.

Ён не любіць чытаць, але вельмі любіць слухаць творы беларускіх аўтараў. Некалькі ўрокаў у школе шасцікласнікі працавалі з творам “Лебядзіны скіт” Уладзіміра Караткевіча. За гэты час, кажа Данік, твор вельмі спадабаўся яму. З апошніх праслуханых аўдыёкніг запомніўся “Знак бяды” Васіля Быкава. Слухае ён і радыёспектаклі. Прызнаўся, што вельмі раздражняе, калі сур’ёзная радыёпраграма раптам перапыняецца песняй, ды яшчэ не самай лепшай.

Не люблю спяваць дзіцячыя песні, бо не лічу сябе дзіцем

А якія ж песні падабаюцца юнаму спеваку? І ці прыходзілася спяваць тое, што зусім не па душы?

Даніку блізкая творчасць латвійскага спевака Інтарса Бусуліса. Хлопчык вельмі ганарыцца, што змог праспяваць з ім у дуэце. Яшчэ адзін кумір – Макс Корж. З ім разам Данік таксама марыць спяваць. З музычных накірункаў хлопчыка натхняюць і захапляюць рэп і хіп-хоп.

– Некаторыя лічаць, што хіп-хоп і эстрада – несумяшчальныя. А я ўпэўнены, што іх можна сумясціць і некалі зраблю гэта, – перакананы Данік.

Пэўны час Даніку падабаўся спявак Вітас. Але калі хлопчык пачуў, як Вітас спявае без фанаграмы, то вельмі расчараваўся ў ім.

Песні, якія не падабаюцца, часам спяваць даводзілася, прызнаўся Данік. Але спяваў таму, што меў добрыя адносіны з музычным кіраўніком у інтэрнаце і не хацеў іх псаваць.

Цяпер хлопчык з неахвотай спявае дзіцячыя песні. Кажа, некаторыя не разумеюць, чаму ён не спявае песні для дзяцей, калі сам дзіця. Данік пярэчыць, што ён сам сябе дзіцем не адчувае і не лічыць.

На пытанне, ці маюць мама і Данік нейкія праблемы з-за таго, што ён невідушчы, нашы госці аднагалосна адказалі “не”.

Фота Зоі Хруцкай.

Фота Зоі Хруцкай.

На мерапрыемствы, па горадзе, у музычную школу, у Палац культуры Данік заўсёды ходзіць з педагогам. Магчыма, думае мама, былі б праблемы, каб ён хадзіў усюды самастойна.

Але ў Даніка свая думка на гэты конт. Хлопчык прызнаўся, што яго раздражняе, калі яго водзяць за руку:

– Людзі думаюць чамусьці, што я не магу ісці сам, але я вельмі добра арыентуюся навобмацак не толькі ў школе, а нават у горадзе і на стадыёне.

Мама, што танней: вадзіць мяне па чужых студыях ці мець сваю

Такое пытанне Анжэла нядаўна пачула ад сына.

Адна з мар Даніка – мець уласную студыю. І пэўныя работы ў гэтым накірунку ўжо вядуцца. Па кватэры, па словах мамы, кіламетры правадоў і завешаныя коўдрамі куты, дзе запісваецца песня.

Данік хоча навучыцца рабіць фанаграмы да песень, пісаць музыку і словы. Марыць пра выданне ўласнага сольнага альбома. І ўсё ж пры тым, што ўсё яго жыццё звязанае з музыкай, хлопчык не збіраецца рабіць яе асноўнай працай.

Анжэла Савеня, мама Даніка: пра сына ў Маладзечне ведаюць больш, чым у родным Слуцку. Фота Зоі Хруцкай.

Анжэла Савеня, мама Даніка: пра сына ў Маладзечне ведаюць больш, чым у родным Слуцку. Фота Зоі Хруцкай.

З урокаў у школе Данік любіць фізкультуру і інфарматыку. І калі матэматыку ён крыху падцягне, можна будзе звязаць жыццё з праграмаваннем.

На думку Даніка, невідушчыя людзі могуць праявіць сябе ў многіх галінах. Напрыклад, у камп’ютарных справах, у ручной працы. Сяброўка Даніка Таццяна, якая летась скончыла школу-інтэрнат, вучыцца на масажыста. Ёсць праца, дзе не трэба вочы, кажа Данік. Напрыклад, адказы на тэлефонныя званкі і зноў жа музыка.

Мары пра знакамітасць і дзяўчынку Кацю

– Я мару стаць вядомым чалавекам. А яшчэ пра тое, каб адна дзяўчынка на мяне паглядзела. Яна можа бачыць мяне. Звычайна я смелы і рашучы. Магу пастаяць за сябе, хоць і не бачу праціўніка. Да апошняга стаю за праўду. Нават бацькам і настаўнікам заўсёды кажу, калі я не згодны з імі. Але калі са мной побач Каця, я не такі смелы. Я быў вельмі шчаслівы, калі яна адказала мне “Укантакце”.

Неяк быў і такі выпадак: мы хадзілі на мерапрыемства ў бібліятэку “Верасок”, і Каця сказала мне “прывітанне!”, а я нават не ведаў, што адказаць.

У сацыяльных сетках я сябрую з псіхолагам. Ён кажа, што мая выйгрышная карта – тое, што я спяваю. Раіць паспрабаваць мне напісаць такую песню, каб, пачуўшы яе, гэтая дзяўчынка сама захацела быць побач са мной. І такая песня абавязкова з’явіцца, мы з сябрам Віцьком ужо пачалі пісаць яе.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце