weather 21° Маладзечна
weather 21° Вілейка
weather 22° Смаргонь
weather 21° Ашмяны
weather 19° Валожын
weather 21° Мядзел
weather 22° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4365
1 долар 2.1066
100 рас.руб. 3.221
17.01.2017 10:32 ,

У Беларусі пачнуць выпускаць каўбасу і тушонку з бабра

Ілюстрацыйны здымак.

Ідэя запусціць у вытворчасць тушу грызуна з'явілася ў Міністэрства лясной гаспадаркі. Прычын некалькі. Па-першае, баброў у нас хапае, па-другое, іх мяса вельмі карыснае. Спачатку выпускаць такую каўбасу і тушонку плануюць у абмежаванай колькасці. Далікатэс, кажуць спецыялісты, для гурманаў.

– Раней бабра выкарыстоўвалі для нарыхтоўкі футра, але мода змянілася, і зараз шкуры гэтага грызуна неактуальныя, – распавядае Сяргей Шастакоў, начальнік аддзела паляўнічай гаспадаркі Мінлясгаса. – Мы вырашылі выкарыстаць яго па-іншаму. Падчас аднаго з візітаў нашай дэлегацыі ў Літву нас пачаставалі шашлыком. Мы думалі, ён з бараніны, аказалася, бабёр. Пры правільнай падрыхтоўцы і са спецыямі ён вельмі смачны.

Спецыялісты Мінлясгаса пакаштавалі бабра яшчэ ў 2015 годзе, але тэхнічных умоў для нарыхтоўкі, апрацоўкі і пастаўкі такога мяса ў гандлёвую сетку нашай краіны не было. Тыя ж паляўнічыя, напрыклад, маглі выкарыстоўваць тушу звера толькі ў асабістых мэтах. У міністэрстве прапанавалі выправіць сітуацыю. За справу ўзяўся Інстытут мяса-малочнай прамысловасці.

Падчас даследаванняў высветлілася, што цягліцавая тканка бабра змяшчае шмат бялку, селен і нават вітамін С. Па колькасці фосфару яна пераўзыходзіць ялавічыну, свініну і набліжаецца да труса. А жалеза ў ім амаль удвая больш, чым у іншых відах мяса.

– Нізкае ўтрыманне тлушчу робіць бабра прыдатным для дыетычнага харчавання. Адзначаецца яго добрая засваяльнасць, – працягвае Сяргей Шастакоў. – Мяса мае добрыя смакавыя якасці і карыстаецца папулярнасцю ў рэстаранах Літвы, Польшчы.

Цяпер на падставе распрацаваных тэхнічных умоў туша бабра можа ісці на перапрацоўку. З яе, кажуць спецыялісты, могуць рабіць і каўбасу, і тушонку.

– Цяпер мы прапрацоўваем гэтыя пытанні з мясакамбінатамі, – распавядае начальнік аддзела паляўнічай гаспадаркі. – Вельмі многія вытворцы цікавяцца.

Аказалася, купляць тушы бабра гатовыя і гандлёвыя сеткі. Цана пытання роўная кошту кілаграма труса. Аднак па тэхнічных умовах такое мяса можа ісці толькі на перапрацоўку, і на паліцы павінна паступаць толькі гатовая прадукцыя.

– У гэтым годзе мы ўжо нават давялі да сваіх паляўнічых гаспадарак планы па нарыхтоўцы бабра для наступнай рэалізацыі, –  удакладняе суразмоўца. – У 2016–2017 гадах гэта 1750 асобін.

– Не надта шмат.

– Акрамя нас ёсць шмат іншых паляўнічых, у якіх мы можам закупляць бабра і перадаваць яго на перапрацоўку, – тлумачыць Сяргей Шастакоў. – У сярэднім у год па краіне здабываюць каля дзесяці тысяч баброў, але закупкі ў нас пакуль толькі ў планах. Цяпер важна, каб усё зрушылася з мёртвай кропкі, бо вельмі шмат патрабаванняў да мяса з боку ветэрынарнай службы.

Калі дакладна на прылаўках магазінаў з’явіцца бабровая каўбаса і тушонка, у Мінлясгасе не гавораць. Магчыма, да канца года. Толькі ўдакладняюць: паляваць на грызуна можна толькі з 1 верасня па 31 сакавіка.

– У мясакамбінатаў таксама ёсць цікавасць да нашай дзікай птушкі. Імаверна, будзе распрацоўваць тэхнічныя ўмовы для іх, – рэзюмуе Сяргей Шастакоў. – Запатрабаванасць гэтага прадукту назіраецца ў краінах ЕС. Напрыклад, на круізным лайнеры 240-грамовы слоік тушонкі з дзічыны каштуе пяць еўра і карыстаецца попытам.

Кацярына Панцялеева, Tut.by, пераклад «Нашай нівы«.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце