weather 21° Маладзечна
weather 21° Вілейка
weather 23° Смаргонь
weather 21° Ашмяны
weather 23° Валожын
weather 21° Мядзел
weather 23° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3272
1 долар 1.9984
100 рас.руб. 3.1481
18.01.2017 13:24 ,

“Бася і Піглас”. Кніжка маладзечанкі Надзеі Букі для дзяцей, якая натхняе дарослых

Фота: Наталлі Тур.

Рэцэпт натхнення просты: бяром некалькі драўляных прышчэпак, кладзём іх на ноч на падваконне, выкідваем з галавы ўсе дрэнныя думкі. 

Калі на раніцу ваш пакой запоўніцца мыльнымі бурбалкамі, значыць, вы ўсё зрабілі правільна, і ваш Піглас прыляцеў да вас.

Піглас нарадзіўся ва ўяўленні мастачкі, а цяпер і дзіцячай пісьменніцы, Надзі Букі шэсць год таму.

Піглас – гэта блакітнае вочка з крыламі, якое бачаць толькі добрыя людзі, дзеці і закаханыя.

Піглас дае натхненне і дзяўбе цябе знутры, калі ты паводзіш сябе несумленна.

– Піглас – гэта галоўны персанаж маіх карцін, – расказала Надзея падчас прэзентацыі кнігі, якая адбылася ў бібліятэцы “Верасок” 17 студзеня. – Мае дзеці, калі бачылі Пігласа, пыталіся ў мяне, хто гэта такі. Я пачынала расказваць. Так з’явіліся гісторыі пра тое, што яны ядуць прышчэпкі, размаўляюць бурбалкамі. Дзеці прасілі расказаць яшчэ, таму я і падумала, што з гэтага можа нарадзіцца цэлая казка.

У кнізе 32 ілюстрацыі.

Працавала мастачка над імі амаль паўгода.

– Канешне, працавала я над кніжкай не кожны дзень, а калі было натхненне.

Першым чытачом і першым жа рэдактар кнігі быў старэйшы сын Надзі – Яўген.

–Мой старэйшы сын верыць у Пігласа і гэта найлепшая пахвала мне. А вось драўляныя прышчэпкі мы перасталі пакідаць на падваконні тады, калі мой малодшы сын Ян пачаў іх збіраць. Аднойчы Ян балюча зашчаміў пальчык, таму з таго часу Пігласа мы кормім вельмі асцярожна.

Надзя абяцае, што кніжка “Бася і Піглас” – гэта пачатак сапраўднага серыяла, у якога абавязкова будзе працяг.

– Акрамя Пігласа, на маіх карцінах жывуць і другія героі. Гэта Пува – ахоўнік ад дурных сноў і абарона ад камароў. Бубласы – істоты, што растуць з зямлі на тым месцы, дзе было зарытае вока. Бубласы лечаць ад усіх хваробаў. Ацікека – паўконь з фіялетавымі крыламі.

Аднак у наступнай частцы галоўная гераіня Бася стане старэйшай на тры гады.

У Маладзечне на прэзентацыю кнігі сабраліся вучні чацвертага класа гімназіі № 10.

– У Маладзечне я праводжу пятую па ліку прэзентацыю гэтай кнігі. У гэтым горадзе я пражыла 27 гадоў, тут нарадзіўся мой сын, тут я выйшла замуж, тут я атрымала мастацкую адукацыю. А калі прыйшла ў “Верасок”, адчула тыя пахі, якія пачула тут у пяць гадоў. Сюды я прыходзіла браць кніжкі. І вось праз 30 гадоў у “Вераску” я прэзентую сваю ўласную кнігу.  Напэўна, гэта лёс.

Падчас прэзентацыі Надзя расказала пра Пігласаў. Папрасіла знайсці прышчэпкі, якія былі раскіданыя па зале. Адказала на пытанні дзетак, якіх цікавіла ўсё: і ці верыць Надзея сама ў Пігласаў, і як яна здагадалася, што яны ядуць драўляныя прышчэпкі, і чаму мама самой Надзі не верыць у існаванне Пігласаў.

А каб заахвоціць прачытаць яе кніжку, Надзя прачытала ўрывак з яе:

– Бася прачнулася ад гукаў за акном. Нешта білася аб шкло. Дзяўчынка зазірнула за фіранку, потым глянула на пустую сцяну і аслупянела ад здзіўлення:

– Як ты там апынуўся? Ты быў на сцяне!

Бася працерла вочы, але істота за шклом не знікла.

– То бок гэта не сон? Ляці да мяне!

Яна адчыніла акно, і разам з ветрам у яе пакой заляцеў ён:

– Як тваё імя?

А працяг гісторыі можна прачытаць у казцы “Бася і Піглас”. Дарэчы, кніжка ёсць у продажы ў кніжным магазіне. 

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце