weather 9° Маладзечна
weather 9° Вілейка
weather 8° Смаргонь
weather 9° Ашмяны
weather 6° Валожын
weather 9° Мядзел
weather 8° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.417
1 долар 2.112
100 рас.руб. 3.2096
19.01.2017 10:14 ,

Маладзечанская выратавальніца аб прафесіі: “Надзела форму – трэба быць ідэальнай”

Фота: забяспечанае Наталляй Магала-Камандзірчык.

Калі раней многія дзяўчаты марылі выйсці замуж за ваеннага альбо мужчыну ў пагонах і стаць генераліхай, то цяпер жанчыны і самі могуць насіць пагоны і камандаваць войскам.

Наталля Магала-Камандзірчык з дзяцінства мроіла, што вырасце і будзе ваеннай. Дзіцячая мара не пакінула яе і ў той час, калі прыйшлося выбіраць прафесію. Аднак маміны ўгаворы, што гэта не жаночая спецыяльнасць, перамаглі.

Тады стану цырульніцай – буду рабіць людзей прыгожымі. Але і тут мама пераканала: “Ну што гэта за спецыяльнасць! Можна і на курсах адвучыцца і стаць цырульніцай. А калі ёсць ахвота, то і далей будзеш вучыцца і ўдасканальваць сваё майстэрства!”  

Меркавала стаць ветэрынарам, бо вельмі любіць жывёл. Аднак жыццё вырашыла, што варта здзяйсняць дзіцячыя мары, і дапамагло гэта зрабіць.

 Не ўяўляю сябе на іншай рабоце

– У 11 класе ўжо дакладна трэба было вызначыцца са спецыяльнасцю, – расказвае Наталля. – А мяне ўсё цягнула ў ваенныя, але ведала – бацькі не дазволяць. І вось аднойчы ў школу прыйшлі з МНС, расказалі пра спецыяльнасць,  пра ўступную кампанію  ў інстытут па гэтай спецыяльнасці. Калі расказала маме, яна прапанавала паспрабаваць. Я прайшла медкамісію, здала ўступныя экзамены. Аднак ва ўніверсітэт не ўдалося паступіць – вельмі высокі прахадны бал быў. Вырашыла, каб не губляць год, варта ісці ў каледж, куды я без цяжкасцяў прайшла.

Часам дзяўчыне было цяжка вучыцца, напрыклад, ніяк не даваўся прадмет прыкладная механіка. Але аднагрупнік параіў звярнуцца да хлопца з другога курса – Руслана Магалы. Той дапамог, а пасля пачаў заляцацца да дзяўчыны.

– Я не шкадую, што выбрала менавіта гэту прафесію, – дзеліцца выратавальніца. – Шчыра кажучы, не ўяўляю сябе на іншай рабоце.

Як прызнаецца жанчына, часта ў працы здараюцца і вельмі неардынарныя выпадкі. Аднойчы падняла трубку і пачула голас маленькага хлопчыка. Звычайна ў такіх выпадках просяць, каб пазваў бацькоў альбо некага з дарослых. А тут вось што пачула:

– Прывет. А мяне Уладзік завуць. А цябе?

– А мяне Наташа.

– Ладна, Наташа, я табе потым перазваню.

Думала, што хлопчык забудзецца на гэты выпадак. Аднак праз гадзіну зноў званок: “Прывет, Наташа. Гэта Уладзік”. Выратавальніцы прый­шлося патлумачыць, што сюды нельга званіць проста так, бо іншым можа спатрэбіцца дапамога, а яны не змогуць датэлефанавацца.

Як адзначае выратавальніца, складанасці ў рабоце заключаюцца ў тым, што людзі не разумеюць: выратавальная служба не можа вырашыць усіх праблем, для гэтага існуюць і іншыя інстанцыі.

Жанчыну вельмі абурае, што многія людзі не ведаюць элементарных нумароў, як пазваніць у міліцыю, “хуткую”.

– Мы можам злучыць з іншымі службамі, аднак не варта злоўжываць гэтым, – адзначае жанчына. – Магчыма, некаму патрэбная дапамога, а тэлефон заняты. Аднак у дапамозе нікому і ніколі не адмовім, заўсёды дадзім параду альбо перанакіруем у іншую службу.

Надзяваю форму – трэба быць ідэальнай

Фота забяспечанае Наталляй Магала-Камандзірчык.

Фота забяспечанае Наталляй Магала-Камандзірчык.

Наталля заўважае: нягледзячы на тое, што работу ў МНС лічаць нежаночай, выратавальніцы могуць быць нават вельмі прывабнымі і часам прыцягваюць позіркі мужчын значна часцей, чым жанчыны ў звычайным адзенні.

– Апрануўшы ўрачыстую форму – белую сарочку, кіцель, спаднічку, чаравікі на абцасах, узнікае адчуванне, што літаральна ўвесь горад глядзіць на мяне, – дзеліцца выратавальніца. – 

Ішла неяк па вуліцы і ўбачыла, што машына ажно прытарможвае на дарозе, так кіроўца заглядзеўся на мяне. Першы час няёмка сябе адчувала, цяпер прывыкла.

Нават калі жанчыны-выратавальніцы і ў паўсядзёнай форме: кепка, кіцель, штаны, берцы, прахожыя з цікавасцю праводзяць позіркам. Таму заўсёды неабходна выглядаць ідэальна – форма абавязвае.

– Але ўсяго павінна быць у меру, – разважае жанчына. – На рабоце я імкнуся быць добрым спецыялістам. А прыходжу дамоў, знімаю форму – і я ўжо звычайная жанчына, якая імкнецца акружыць клопатам, любоўю свайго мужа, робіць быт больш камфортным.

Муж Руслан Магала таксама працуе выратавальнікам. Аднак дома яны не размаўляюць пра работу – праца застаецца за парогам. І абмяркоўваюць, толькі калі здарылася нешта выключнае.

– Многія думаюць, калі муж і жонка працуюць разам, то надакучваюць адзін аднаму, – расказвае Наталля. – У нас усё па-іншаму, нават працуючы разам, можам за змену сустрэцца адзін раз і то мімаходзь – у кожнага свае справы.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце