weather 19° Маладзечна
weather 19° Вілейка
weather 20° Смаргонь
weather 19° Ашмяны
weather 20° Валожын
weather 19° Мядзел
weather 20° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3176
1 долар 1.996
100 рас.руб. 3.1527
20.01.2017 15:04 ,

Міхась Чарняўскі: Як адзін аднаго пазнавалі? Слухалі, хто гаворыць па-беларуску

Фота: nn.by.

Чатыры гады таму, 20 студзеня 2013, не стала Міхася Чарняўскага – гісторыка і археолага, аднаго з айцоў руху за незалежнасць. Ён адышоў без пары: яшчэ актыўна выкладаў ва ўніверсітэце, штолета праводзіў вялікія раскопкі. Анкалагічная хвароба, якую ён, здавалася, перамог, нечакана вярнулася. Прапануем ўспаміны гісторыка, запісаныя яго студэнтамі.

Нарадзіўся я ў вёсцы Круці. Вёска праваслаўная, і ўсе тут лічылі сябе беларусамі.

А пасля мы пераехалі на хутар Гінеўка. Хутар быў на ўсход ад Мядзела кіламетраў пяць. Там было многа хутароў розных.

Мы былі праваслаўныя. На поўнач – каталікі, а справа былі чатыры хутары татарскія, Александровічы. Мы ўсе былі падобныя, нават татарчукі.

Размаўлялі мы на аднолькавай мове, хадзілі калядаваць, напрыклад, па ўсіх святах: па праваслаўных хадзілі, па каталіцкіх. На Вялікадні яйкі збіралі на каталіцкія, на праваслаўныя. У мусульман, калі таксама свята, мы малыя хадзілі да іх у госці, яны частавалі нас. Была абсалютна талерантная сітуацыя.

Бацькі ніколі не лаяліся, не мацюкаліся, ніколі. Толькі аднойчы, калі ўжо быў калгас і савецкія парадкі, бацька неяк мацюкнуўся… Абсалютна мат быў выключаны.

Ну гэта ж Заходняя Беларусь – калі хто мацюкаецца, значыць ён васточнік ці камуніст.

Малым я ўжо ведаў, што я беларус. Памятаю, у хаце гэта было. Бацька сядзіць, і я сяджу.

Бацька пальцам піхае ў грудзі. Палец такі вялікі, з пазногцем. Піхае й кажа: «Ты беларус. Паўтары. Беларус». Кажу «белалус» – «р» яшчэ не вымаўляў.

Вось гэта першы ўрок мне бацька даў, каб ведаў хто такі.

Лапіцкі

Пасля я дазнаўся пра Лапіцкага. Пайшоў у мядзельскую школу. Звычайная школа, беларуская. І прыносяць на ўрок батанікі малюнкі на шараватай паперы рознакаляровымі алоўкамі, прыгожа так зробленыя. Інфузорыі туфелькі. Мне ў перапынку старэйшыя мядзельскія хлопцы кажуць:

«Маляваў Слаўка Лапіцкі. З нашай школы. Яго расстралялі за Беларусь».

Мяне раптам гэта працяла. Значыць, за Беларусь можна так быць, што могуць нават расстраляць!

У 1950-м летам яго расстралялі. А я скончыў пачатковую школу, чатырохгадовую. Бачыў тыя ўлёткі – яны яшчэ былі свежыя, яшчэ цёплыя ад яго рук. Расклейвалі іх мядзельскія школьнікі – іх з аўтаматамі забіралі з урокаў…

Гісторыя настолькі ўразіла, што сам пісаў улёткі: «Прэч расійскіх акупантаў». Ішоў у школу і па дарозе раскідваў. Шчасце, што была зіма, белыя лісткі ніхто не знайшоў…

Я быў у дзявятым класе, калі брат вярнуўся з войска. Сядзім у святліцы.

І брат да мяне звяртаецца: «А чего ты по-белорусскі говорішь? Надо по-русскі». Я як на яго вызверыўся – я беларус! І ты беларус!

Брат, на восем гадоў старэйшы, разгубіўся… І я бачу, яму даходзіць нешта… Пасля мы былі з ім аднадумцамі.

Дваццаць зменаў улады

Саветы душылі проста, каб уступілі ў калгас. Бацька ўступіў у калгас першы. Мы пераехалі з нашага хутара Гінеўка ў вёску Мікасецк, на сядзібу, угноеную страшэнна

Мы былі прасавецкія, хаця бацька ніколі б не ўступіў у партыю.

А яму прапаноўвалі шмат разоў. Не ўступіў з сялянскага вопыту, бо казаў: «Я перажыў за сваё жыццё нешта каля дваццаці зменаў улады». І загінаў палец  – Мікалай ІІ, потым быў Керанскі, пасля Керанскага прыйшоў кайзер, потым Ленін, потым прыйшоў на нейкі час Пілсудскі, потым зноў Ленін, потым літоўцы, як Ленін аддаў Нарачанскі край Літве, потым ізноў Пілсудскі прыйшоў, пасля прыйшлі тыя саветы, пасля прыйшлі немцы, пасля – гэтыя саветы ў1944-м.

Кажа, калі я перажыў дваццаць зменаў улады, хто дае гарантыі, што і 21-й не будзе змены?

Нашто мне лезці ў гэтыя камуністы – вось такая ў яго была філасофія.

Беларускі кантынент

Быў я ўжо ў дзясятым класе. Пазнаёміўся са мною хлопчык з суседняй вёскі. Ён быў клас можа пяты-шосты. І ён прынёс мне беларускія кніжкі, у бацькі ці ў дзядзькі ў яго ляжалі. Гэта была хрэстаматыя беларускай літаратуры Гарэцкага і гісторыя беларускай літаратуры Гарэцкага. Асабліва хрэстаматыя.

Я прачытаў сапраўднага Купалу, сапраўднага Коласа, сапраўднага Бядулю, Гаруна, якога ніколі не чуў.

Я прачытаў дзясятак паэтаў, пісьменнікаў, якіх ніколі не чуў. Гэта была такая рэч! Калі раней было нешта стыхійна і Лапіцкі як міф, то гэтыя кніжкі – гэта быў ужо навуковы грунт.

Зусім другая Беларусь адкрылася раптам, якую не ведаў.

Беларусь незалежная. Вольная Беларусь. Мацярык гэты. Гэта, канечне, было для мяне… нават не ведаю, як гэта выразіцца…

Археалогія

Як я скончыў школу, прыехалі да нас геолагі маладыя. Бацька быў брыгадзірам. Трэба было ім работнік. А во бярыце. Я з імі месяцы два пабадзяўся па Паўночнай Беларусі.

Я шчыры быў да работы – такія шурфы выкапваў, такія вялікія, неверагодныя кар’еры! Пасля ўзялі мяне лабарантам у Інстытут геалогіі АН. Я добра працаваў, канечне.

У экспедыцыі летняй быў з геолагамі ў Сібіры, золата шукалі, медзь… Зэкі там у іх былі рабочымі. Яны ўсе антысаветчыкі былі, першую антысавецкую адукацыю яны зрабілі.

Мне прапаноўвалі на геафак паступаць — казалі, толькі на двойкі не здай, прымем. Але я хацеў быць археолагам.

Настаўнікі пілі як коні

Вучыўся на гістфаку, працаваў год у геолагаў. Зарплата малюсенькая.

Добра, што тады ўжо пачыналі будаваць камунізм, і хлеб быў бясплатны ў сталоўках. Дык я браў чай, садзіўся і еў хлеб з чаем.

А тады міністр адукацыі выдаў загад, што завочнікі абавязкова павінны працаваць у школе. Я меў мінскую прапіску, ужо быў мінчук… Тады мінскую прапіску атрымаць было страшэнна цяжка! Колькі бацька патраціў сувязяў, энергіі… Адзін чалавек памог, якога бацька ад турмы выратаваў.

Але пайсці ў школу мінскую – тут усё рускае, для мяне гэта ўжо чужое. Я кінуў усё – прапіску, работу, паехаў у школу ў Пількаўшчыну, на радзіму Максіма Танка.

Хутары, лес да гарызонту, цішыня абсалютная… Як там хораша працавалася! Каб яшчэ настаўнікі не пілі як коні…

Як мы адзін аднаго пазнавалі

Я жыў у аспіранцкім інтэрнаце, але побач быў малодшых навуковых супрацоўнікаў інтэрнат.

Там ужо быў Арсень Ліс, фалькларыст вядомы наш. Быў вельмі асцярожны. Кагэбэшнікі пасля казалі на допытах: «Ох, Ліс, – к нему нельзя нікак подступіться».

Бываў, канешне, Караткевіч Валодзя ў гэтым інтэрнаце.

Я ўжо быў светапоглядна сфармаваным хлопцам. Як адзін аднаго пазнавалі? Слухалі, хто гаворыць па-беларуску.

Шызафрэнік і фанатык

Нас вінавацілі ў тым, што мы выступалі супраць лініі партыі ў нацыянальным пытанні. А лінія была – адзіны савецкі народ.

А адзіны савецкі народ і на мове павінен размаўляць адзінай. Не па-чукоцку ж ён будзе размаўляць, вялікі савецкі народ… Гэтак казалі мне ў КГБ.

А я кажу: вы разумееце, у Інданэзіі каля сотні розных моў, там розныя-розныя нацыянальнасці, найбольшая – яванская, іх там недзе яванцаў працэнтаў 70, а дзяржаўнай мовай яны выбралі мову самага маленькага народа, каб не было нікому крыўдна.

Чаму, я кажу, не выбраць чукоцкую мову для Савецкага Саюза?

Вы – шызафрэнік, кажуць. Чукоцкай, па-мойму, я іх дабіў. Брэжнеў выступае на палітбюро на чукоцкай мове…

Караткевіч

 Калі я быў яшчэ ў Пількаўшчыне, я збіраў кніжкі. Гэта яшчэ былі танныя кніжкі, я іх купляў многа. Паэзію купляў, бо спрабаваў вершы пісаць, але яны ў мяне не атрымоўваліся, напэўна, з-за адсутнасці таленту… І вось сярод гэтага мора зборнічкаў тоненькіх, такіх там «Вясне насустрач», «Глыбокае ворыва», «Высокая хваля», «Песня трактарыста» – раптам знаходжу кніжачку ў кардоннай вокладцы «Матчына душа». Дзікая назва, несавецкая назва, што гэта такое?

Адкрываю і чытаю першы верш. Чакаю – абавязкова пра партыю ці хоць пра ўдарніка ці даярку. І раптам: «У векавечнай Бацькаўшчыне клёны нячутна пачынаюць аблятаць». Я не веру сваім вачам. Пагартаў.

Ні аднаго трактарыста, ні адной даяркі. І я закахаўся ў гэтага аўтара.

Уладзімір Караткевіч прозвішча.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце