weather 21° Маладзечна
weather 21° Вілейка
weather 23° Смаргонь
weather 21° Ашмяны
weather 23° Валожын
weather 21° Мядзел
weather 23° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3272
1 долар 1.9984
100 рас.руб. 3.1481
21.01.2017 09:32 ,

Як пазбавіцца ад непатрэбнага, і застацца пры гэтым у прыбытку

Важна своечасова пазбаўляцца ад непатрэбнага.

Акумулятар – важны складнік любога аўтамабіля. Калі ж ён выходзіць са строю, перад гаспадаром звычайна два шляхі развітання: выкінуць і забыцца  альбо знайсці пункт, дзе можна здаць адпрацаваны акумулятар.

Мы ўпэўнім, што другі шлях не толькі лепшы з пункту погляду экалогіі і здароўя, але і прыемны для вашага кашалька.

Развітвайцеся са старым – атрымлівайце грошы на новы

Некалькі месяцаў таму ў акумулятарнай кампаніі “Батрыкс” адкрылася новая паслуга – прыём адпрацаваных акумулятараў. Цяпер, прыехаўшы па новы акумулятар, вы можаце зэканоміць, калі развітаецеся са старым.

Адпрацаваны акумулятар ацэньваюць у 1 рубель 10 капеек — 1 рубель 30 капеек за кілаграм разам з электралітам. На цану ўплывае каэфіцыент забруджвальнасці.

– Часам да нас звяртаюцца людзі, якія прывозяць некалькі акумулятараў, што ўжо колькі гадоў ляжаць у гаражы мёртвым грузам, – адзначае спецыяліст па прыёме адпрацаваных акумулятараў кампаніі “Батрыкс” Яўген Ладачкін. – Здаўшы некалькі, застанецца дадаць невялікую суму, каб купіць новы. Гэта добрая эканомія: пазбавіліся ад непатрэбнага – яшчэ і ў прыбытку засталіся.

За амаль два месяцы кампанія сабрала каля пяці тон акумулятараў.

Як рыхтаваліся да адкрыцця новай паслугі

Каб адкрыць новую паслугу, кампанія “Батрыкс” прайшла дастаткова складаную працэдуру. Напачатку неабходна было падрыхтаваць памяшканне. Для гэтага забетанавалі падлогу, на складах паставілі замкі, якія б маглі папярэдзіць крадзеж, набылі спецыяльнае абсталяванне.

Доўгі час узгаднялі неабходную дакументацыю ў Міністэрстве прыроды, санстанцыі.

Адпрацаваны акумулятар – гэта не проста непатрэбная скрыначка, гэта яшчэ і некалькі кілаграмаў небяспечнага свінцу і электраліту. Каб кантактаваць з такімі рэчывамі, спецыяліст  прайшоў навучанне па выбуха- і радыебяспецы. Падчас працы ён надзявае гумовы фартух, спе­цыяльныя акуляры.

Абавязкова ў памяшканні ёсць сода, якая нейтралізуе кіслату, калі яна пачне выцякаць з акумулятара.

Здадзеныя акумулятары ўпакоўваюць у стрэйч-плёнку, каб пры транспарціроўцы не выцек шкодны для навакольнага асяроддзя і самога чалавека электраліт. Для далейшай перапрацоўкі акумулятары адпраўляюць у пасёлак Гатава, непадалёк ад Мінска, на прадпрыемства “Белколермет”.

Абясшкодзіць восем тысяч тон смецця? Гэта рэальна!

Фота agniyainteralia.blogspot.com.by.

Фота agniyainteralia.blogspot.com.by.

300 кг смецця ў год, па падліках міжнародных экалагічных арганізацый, выкідвае на звалку сярэднестатыстычны жыхар Зямлі.

Штосьці з гэтых адходаў зможа перагніць, а большасць будзе ляжаць стагоддзямі. Калі збіраць смецце асобна, то частка з трохсоткілаграмовай кучы зможа пайсці на перапрацоўку.

Тычыцца гэта не толькі пластыку і макулатуры, але і тэхнікі, у тым ліку аўтамабільных акумулятараў.

Свінец – адзін з самых небяспечных металаў

Аўтамабільныя акумулятарныя батарэі спецыялісты недарма адносяць да першага класа небяспекі. Адна батарэя з электралітам мае ў сваім складзе 60% свінцу і 10-15% раствору сернай кіслаты. Да гэтага дадаецца пластыкавы корпус, які раскладаецца стагоддзямі.

Калі раптам такі акумулятар патрапіць на звалку, то з цягам часу пластык разваліцца, а свінец патрапіць у глебу, з яе – у грунтавыя воды, а пасля – у пітную ваду на нашым стале.

– У якой бы колькасці свінец не патрапіў у наш арганізм, ён будзе шкодны, – заўважае Наталля Блышчык, кіраўнік Грамадскага інфармацыйнага цэнтра па пытаннях хімічнай бяспекі і адходаў Цэнтра экалагічных рашэнняў (Мінск).

Сусветная арганізацыя аховы зда­роўя сцвярджае, што менавіта свінец з’яўляецца прычынай 0,6% захворванняў на планеце. Асабліва гэта тычыцца новых выпадкаў адставання інтэлектуальнага развіцця ў дзяцей.

І калі цалкам ачысціць прыроду ад цяжкіх металаў мы не ў стане, то мяняць сітуацыю на сваім лакальным узроў­ні – можам і павінны.

Першы крок да гэтага – правільна выкідаць экалагічна небяспечнае смецце. Аўтамабільныя акумулятары можна перапрацаваць і зноў пусціць у вытворчасць.

Наколькі гэта важна ў маштабах Беларусі, ацаніце самі. Па дадзеных Міністэрства ўнутраных спраў, беларусы маюць ва ўласнасці каля трох мільёнаў машын і аўтобусаў.

Штогод гэты транспарт пакідае пасля сябе 60 тысяч тон зношанай гумы і восем тысяч тон акумулятараў.

Быць “эка” і зарабіць гэтым грошы

Фота risovach.ru.

Фота risovach.ru.

– Беларусаў здаваць акумулятары ў спе­цыяльныя пункты прыёму куды больш стымулюе не клопат аб экалогіі, а грошы, якія можна атрымаць пры здачы, – каментуе спецыяліст. – Таму знайсці выкінуты акумулятар не так лёгка. Але такое здараецца.

Адзін з найбольш эфектыўных і зручных метадаў пазбавіцца ад дэталі, якая адпрацавала сваё, – арганізаваць збор і здачу ўсім гаражным кааператывам. Але такая практыка не вельмі пашыраная.

– Калі вы хочаце пераканацца,  што перад ва­мі сумленны пункт прыёму і што свінец з акумулятара не выль­юць пад бліжэйшы плот, варта папрасіць паказаць ліцэнзію, – рэкамендуе Наталля Блышчык. – Гэта павінна быць ліцэнзія на закупку лому і адходаў чорных і каляровых металаў.

Эколаг зазначае, што калі ў гарадах звычайна няма праблем з пунктамі прыёму і інфармаванасцю насельніцтва, то ў сельскай мясцовасці сістэма яшчэ не зусім наладжаная. Тут не зашкодзіць лішні раз нагадаць аб экалагічнай небяспецы, якую нясуць у сабе акумулятары.

Смецце, якое перапрацоўваецца на 100%

Акумулятары адносяцца да таго тыпу адходаў, якія можна перапрацаваць цалкам.

– Спачатку іх раздзяляюць на часткі – пластык, свінец, свінцовая паста, электраліт, – тлумачыць Наталля Блышчык. – Пасля іх перапрацоўкі атрымоўваецца другасная сыравіна, якую можна выкарыс­тоў­ваць далей. Напрыклад, свінцовы попел выкарыстоўваюць пры будаўніцтве дарог.

З свінцовых і сярэбрана-цынкавых акумулятараў выцягваюць увесь свінец і ўсё серабро. Крыху горш адпрацаваная тэхналогія перапрацоўкі шчолачных акумулятараў. Але і тут спе­цыялісты пазбягаюць забруджвання навакольнага асяроддзя.

Аўтамабілісту застаецца толькі перадаць адпрацаваны механізм у рукі надзейнага спе­цыяліста. Тады не давядзецца перажываць, што цяжкія металы трапяць у глебу і ваду.

Здаць адпрацаваны акумулятар можна ў Маладзечне, вуліца Гарадоцкая, 104.       

Панядзелак-пятніца 9:00 – 18:00.  

Субота 9:00 – 15:00.

(80176) 58-12-48, (8029) 63-63-166.

ООО “Батрикс” УНП 691893243
Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце