weather 25° Маладзечна
weather 25° Вілейка
weather 28° Смаргонь
weather 25° Ашмяны
weather 26° Валожын
weather 25° Мядзел
weather 28° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3272
1 долар 1.9984
100 рас.руб. 3.1481
22.01.2017 17:43 ,

Летась на Вілейшчыне зафіксавалі пік беспрацоўя за апошнія дзесяць год

На кірмашы вакансій ў Вілейцы. Фота Аксаны Ярашонак.

Якія вакансіі ёсць на Вілейшчыне? Ці можа служба занятасці дапамагчы пачаць уласную справу? Як уплывае на ўзровень беспрацоўя Дэкрэт аб "дармаедах"?

На гэтыя і іншыя пытанні адказала начальніца Цэнтра занятасці насельніцтва Таццяна Цітуленка.

Па яе словах, 2016 год быў няпростым. Хаця у рабоце цэнтра кожны год няпросты, удакладняе начальніца.

Дэкрэт аб «дармаедах» павысіў колькасць зарэгістраваных беспрацоўных

У мінулым годзе ўзровень беспрацоўя ў Вілейцы быў самы высокі за апошнія дзесяць год. Своеасаблівы “пік” прыйшоўся на красавік 2016 года.  Таццяна Цітуленка лічыць, што на рост беспрацоўя паўплываў Дэкрэт ад дармаедах.

Людзі, якія нідзе афіцыйна не працуюць, пачалі масава станавіцца на ўлік. Хаця ні грошы, ні дапамога ў пошуку працы некаторым з іх не былі патрэбныя, перакананая Таццяна Цітуленка.

Ад вясны 2016 года ўзровень беспрацоўя пачаў зніжацца.

Сёлета на ўліку ў Цэнтры занятасці стаяць 187 чалавек: 35 – сельскія жыхары, 152 – гарадскія. Узровень беспрацоўя на 1 студзеня 2017 года складае 1%.

Наймальнікі заявілі 98 вакансій. 53 працоўныя месцы прапануюць у сельскай мясцовасці, астатнія – у Вілейцы. На адну вакансію ў горадзе прыходзіцца больш за тры чалавекі, у вёсцы – амаль два.

У апошнія некалькі год беспрацоўе мае мужчынскі твар

Таццяна Цітуленка працуе ў Цэнтры занятасці ўжо дзесяць год. Кажа, калі год восем-дзесяць таму ў беспрацоўя быў жаночы твар, то цяпер ён традыцыйна мужчынскі. Сёння вілейскі беспрацоўны – гэта 40-гадовы мужчына.

У беспрацоўя – мужчынскі твар. Фота Аксаны Ярашонак.

У беспрацоўя – мужчынскі твар. Фота Аксаны Ярашонак.

Ён шмат часу працаваў на адным прадпрыемстве, прывык да гэтай працы. Але для прадпрыемства насталі не лепшыя часы, мужчына вымушаны быў звольніцца. Цяпер ён не ведае, што рабіць, знаходзіцца ў вельмі падаўленым, разгубленым стане. Усяго на ўліку ў Цэнтры занятасці мужчын прыкладна 60%.

Як варыянт новай працы ў Вілейцы пачынае карыстацца папулярнасцю адкрыццё ўласнай справы. На гэта Цэнтр занятасці дае субсідыі. Летась такім чынам “знайшлі” працу 17 чалавек. І сёлета, кажа начальніца цэнтра, ужо ёсць зацікаўленыя людзі.

Былыя беспрацоўныя пачынаюць уласную справу ў сферы гандлю, рамяства. Малады чалавек рыхтуецца адчыніць уласную цырульню, а дзяўчына-прадпрымальніца ладзіць розныя ўрачыстасці. Мужчыны, якія раней працавалі на дзяржаўных дрэваапрацоўчых мерапрыемствах, сталі самі цяпер замацца дрэваапрацоўкай.

Дыплом не гарантуе працаўладкаванне

– Год 20-30 таму чалавек, які атрымаў нейкую прафесійную адукацыю, мог быць упэўнены, што знойдзе месца работы, – кажа Таццяна Цітуленка.

Цяпер, перакананая яна, іншыя часы. Трэба быць мабільным, трымаць руку на пульсе жыцця. Калі бачыш, што па сваёй спецыяльнасці не можаш знайсці працу, трэбы быць гатовым вучыцца.

Летась на такое навучанне цэнтр накіраваў каля 50 чалавек. Ні адзін з іх, кажа Таццяна Цітуленка, не прыйшоў станавіцца на ўлік другі раз.

Якія ж вакансіі ёсць на Вілейшчыне? Патрэбныя дыпламаваныя спецыялісты ў галіне сельскай гаспадаркі: аграномы, ветэрынарныя дактары. Заробак прапануюць каля 600 рублёў. Сярэдні заробак па Вілейшчыне за 11 месяцаў мінулага года, па словах намесніка начальніка аддзела занятасці Марыі Круцько, склаў 566 рублёў.

Раней на ўліку ў Цэнтры занятасці людзі маглі стаяць паўгода. Цяпер гэты тэрмін працягнулі да 18 месяцаў. Здараецца так, кажа начальнік цэнтра, што мы здымаем чалавека з уліку, а ён не просіць дапамагчы яму з працай, а пытаецца, калі можна будзе стаць на ўлік у наступны раз. Атрымліваецца, што дапамога супрацоўнікаў цэнтра такім людзям была не вельмі і патрэбная.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце