weather 21° Маладзечна
weather 21° Вілейка
weather 29° Смаргонь
weather 21° Ашмяны
weather 26° Валожын
weather 21° Мядзел
weather 29° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3272
1 долар 1.9984
100 рас.руб. 3.1481
23.01.2017 12:32 ,

Як нямецкая дэлегацыя прыязджала на «Маладзечнамэблю» ў 1972, як з’ездзіў у Польшчу ў 1980-я і што бачыў у ГДР

Дэлегацыя ў СССР, ілюстрацыйны здымак.

Першы чужаземец, першая “заграніца”

Першага чужаземца выпадкова сустрэў па дарозе ў школу ў 1956 годзе. Насустрач ішоў высокі ваенны ў незнаёмым афіцэрскім мундзіры, такім, што не звярнуць увагу было немагчыма. І якое маё было здзіўленне, калі я прыйшоў дамоў і ўбачыў за накрытым сталом свайго бацьку і таго самага афіцэра.

Аказалася, гэта бацькаў стрыечны брат Іван Антонавіч Філістовіч. Іх маці былі роднымі сёстрамі. Разлучыў братоў верасень 1939 года. Бацька вярнуўся ў Савецкую Беларусь, а той застаўся на польскім баку, адкуль была жонка. Даслужыў­ся да палкоўніка Генеральнага штаба Войска Польскага, меў кватэру ў цэнтры Варшавы на Маршалкоўскай.

Потым двойчы давялося пабываць у Польскай Народнай Рэспубліцы.

Першы раз турыстам у крызісны 1980 год. Заў­важыў тады, што 1 верасня, дзень, калі на краіну напалі немцы ў 1939 годзе, усе палякі прышпільваюць на пінжакі чорныя стужкі. У нас такой традыцыі няма.

Не мог паверыць, што могуць быць пустымі паліцы ў галоўным варшаўскім універмагу. Могуць! І ў нас такое было ў 1990 годзе.

Галоўны транспарант, які сустракаўся ў гарадах і на дарогах: партрэт Герэка і надпіс “Палякі ўсё могуць!” Далёка не ўсё! Раніцай у Кракаве быў здзіўлены тым, як многа людзей тоўпіцца ў чарзе ля газетнага кіёска. Аказалася, што вечарам змянілася кіраўніцтва краіны.

Зразумеў тады, што значаць сродкі масавай інфармацыі ў пераломныя моманты!

Другі раз быў у Поль­шчы ў тыднёвай службовай камандзіроўцы ў 1987 годзе падчас святкавання 70-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі ў рамках сяброўскіх адносінаў Мінскай вобласці з Плоцкім ваяводствам ПНР. У “брыгадзе” быў пісьменнік Іван Чыгрынаў і народны артыст СССР Расціслаў Янкоўскі. Палякаў цікавіла тады наша “перабудова”, але якія надзеі яны мелі з яе заканчэннем, можна толькі здагадвацца. Мяркую, што такія, як і ў 1917 годзе з рэвалюцыяй: вырвацца з расійскай, а зараз савецкай арбіты. І тады, і зараз ім гэта ўдалося.

Варшава часоў сацыялізму. Фота visualhistory - LiveJournal.

Варшава часоў сацыялізму. Фота visualhistory — LiveJournal.

Запомнілася выступленне ў польскай вайсковай часці. Я нядрэнна разумею польскую мову, але без перакладчыцы выступаць не рызыкнуў. Нечакана падба­дзёрыла рэпліка з залы: “А вы гаварыце па-беларуску, мы ўсё зразумеем”.
Перайшоў на сваю родную, і сапраўды поў­ны кантакт!

Быў узаемны абмен дэлегацыямі і з польскага боку. Па традыцыі апошні дзень перад адбыццём прысвячаўся закупкам сувеніраў. На гэта ў канверце давалі кожнаму па 300 рублёў.

Вадзіцелі, што вазілі чужаземцаў па мінскіх магазінах, гаварылі, што лёгка абслугоўваць палякаў: купілі два электрычныя прасы, пачак натуральнай кавы і гатовы. Не тое, што немцы: у іх дома ўсё ёсць, таму выбіраюць, выбіраюць тавары; возіш іх, возіш…

Немцы на мэблевай

У ГДР усё было. Фарпост сацыялізму ў Еўропе! Меў магчымасць у гэтым пераканацца, калі ў 1984 наведаў гэту краіну ў рамках сяброўскіх адносінаў Мінскай вобласці і Патсдамскай акругі Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі.

Прыняў удзел у міжнародным сімпозіуме аб перспектывах сацыяльна-палітычнага развіцця ўсходнееўрапейскага сацыялістычнага лагера. Наведаў месца правя­дзення 17 ліпеня-2 жніўня 1945 года Патсдамскай канферэнцыі кіраўнікоў трох дзяржаў-пераможцаў гітлераўскай Германіі: І.В. Сталіна, Г.Трумана і У. Чэрчыля, Трэптаў парк з помнікам савецкаму салдату з дзяўчынкай на руках, Палац рэспублікі ў цэнтры сталіцы ГДР непадалёку ад парушанай потым сцяны.

Усходні Берлін 1980-х. Фота gjabu.livejournal.com.

Усходні Берлін 1980-х. Фота gjabu.livejournal.com.

Гэты сучасны будынак са шкла і бетону адыгрываў ролю “агітпункта” для Заходняга Берліна: бясплатны ўваход, гля­дзельныя залы, кегельбан, памяшканні для іншых гульняў. Пры ўваходзе – зімовы сад, у якім убачыў негра, які лагодна разлёгся на канапе.

Міжволі падумаў: як доў­га немцы будуць цярпець такое? Пасля аб’яднання Германіі палац хацелі знесці, каб выкарчаваць усякі напамін аб ГДР пад пратэктаратам СССР, але здаровы сэнс узяў верх.

Канешне, нам прыемна і зручна было, што на галоўным чыгуначным вакзале Берліна, у буйных магазінах даво­дзілі інфармацыю да наведнікаў і па-руску. Перавалка рускамоўных там была значная. Адна група савецкіх войскаў і іх сем’і, што значылі!
У гарадку, дзе быў штаб групы савецкіх войскаў, сказалі аб дзвюх звычках, якія прышчапілі нямецкім афіцэрам нашы: піць з горла і на паляванні страляць па ўсякай жыўнасці, што бачыш.

Не думаю, што руская мова і гэтыя “закіды” вельмі падабаліся немцам. Але трэба было цярпець – расплата за 1941-1945 гады.

Трэптаў парк. Фота humus.livejournal.com.

Трэптаў парк. Фота humus.livejournal.com.

Летам 1972 года здарылася небывалае: у горад на аб’яднанне “Маладзечнамэбля” на цэлы тыдзень з мэтай знаёмства і абмену досведам з ГДР прыязджае дэлегацыя з мэблевага камбіната “Нойцэр”.

Першы сакратар гаркама партыі Генадзь Георгіевіч Барташэвіч быў вельмі заклапочаны тым, каб усё было арганізаванае найлепшым чынам, нічога з гасцямі непрыемнага не здарылася, тым больш, што будуць жыць за горадам на дачы сакрэтнага тады завода “Спадарожнік” у лесе пад Вілейкай.

Ён паклікаў мяне і адкамандзіраваў быць неадступна з дэлегацыяй, яго “вушамі” і “вачамі”, калі спатрэбіцца, дапамагаць генеральнаму дырэктару аб’яднання кандыдату эканамічных навук Георгію Іванавічу Ліпаўку, пры неабходнасці – падключаць самога першага. Да гэтага не дайшло.

Спачатку нямецкія госці трохі касавата паглядалі на мяне, думалі што з КДБ, але калі даведаліся, хто я і для чаго з імі, – адносіны хутка перайшлі ў сяброўскія. Паказалі ім Мінск, накармілі ў рэстаране “Пат­сдам”, Хатынь, Курган Славы, возера Нарач.

1963, Усходні Берлін. Фота humus.livejournal.com.

1963, Усходні Берлін. Фота humus.livejournal.com.

Перакладчык быў наш, мой добры знаёмы Васіль Цар. Ён восем гадоў працаваў у ГДР і ФРГ, дасканала ведаў нямецкую мову. Падчас пераездаў сядзеў побач, у размовах са мной забаўляў даволі смелымі байкамі пра нас і немцаў.

Я палічыў нялішнім перасцерагчы: а вось хто-небудзь разумее рускую? Вася запэўніў, што няма такіх, ён бы “раскусіў”. І ўсё ж “раскусіў” я! Здарылася гэта на сустрэчы з Героем Сацыялістычнай Працы Уладзімірам Міхайлавічам Калачыкам. Пасля наведвання яго славутага калгаса “Светлы шлях” была гутарка ў кабінеце старшыні, потым вячэра ў сталоўцы.

Калачык меў вялікі досвед прымаць розных гасцей. Былі багаты стол з “прымусам”, песні, музыка, дайшло да танцаў. Нехта захацеў “дамскі вальс”, і мяне, які трымаўся “за кадрам”, запрасіла на яго ў гадах ужо паўнаватая немка.

Неяк трохі рызыкоўна я закруціў яе ў вальсе, за што папрасіў у партнёркі прабачэння. А яна мне ў адказ на рускай мове: “ Усё ў парадку! Не трэба прабачэння!” – А-а-а, фраў Эльза знае рускую! Адкуль? Расказала, што пасля вайны ў іх двары на пастоі былі савецкія салдаты, ад іх яна і навучылася разумець рускую мову.

Пра аўтара

Міхаіл Філістовіч, кандытат гістарычных навук.  Нарадзіўся ў 1940 годзе у в. Рэдзькавічы на Вілейшчыне. У 1963-1982 гг. працаваў у адукацыі і парторганах Вілейшчыны, Мала­дзечнашчыны. У 1989-1991 гг. – інструктар, загадчык сектара ЦК КПБ.  З 1995 г. – у вышэйшых кантрольных органах Беларусі. Апошнія гады жыў у Мінску.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце