weather 21° Маладзечна
weather 21° Вілейка
weather 28° Смаргонь
weather 21° Ашмяны
weather 26° Валожын
weather 21° Мядзел
weather 28° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3272
1 долар 1.9984
100 рас.руб. 3.1481
24.01.2017 14:25 ,

«Асоба года – 2016» Юлія Мароз: Хочаш змяніць нешта – рабі гэта сам. Як трапіць працаваць на Алімпіяду і чаму гаварыць з незнаёмымі карысна

Юліі Мароз узнагароду ўручае галоўны рэдактар Аляксандр Манцэвіч.

У размове пра сваю перамогу і ўвогуле “Жывую бібліятэку” Юля заўсёды гаворыць “мы”. Таму што арганізаваць нешта важнае аднаму было б проста немагчыма. Пра тое, як завабіць сваёй ідэяй і раскруціць незвычайную і цікавую самому думку, распавядае наша пераможца.

– У апошнія дні галасавання сябры самі тэлефанавалі, казалі, што я ў спісе. Адказвала, што ведаю, дзякавала за пад­трымку. Сама я прагаласавала за Волю Трубач – яе запал народнымі танцамі запальвае і іншых.

“Жывая бібліятэка” ў Маладзечне – гэта каманда. Гэта валанцёрскі, ці добраахвотны праект. Я чула пра такую ідэю, была на імпрэзах “ЖБ” у Мінску. Але калі нешта хочаш змяніць у сваім горадзе, зрабі гэта сам.

Маладзечанскі “Рэд бар” дазволіў праводзіць мерапрыемствы ў іх. Арганізатарам мінскай “ЖБ” я распавяла пра ідэю зрабіць такое ж у Маладзечне. Расказала пра свой досвед працы валанцёрам у Паралімпійскіх гульнях у Сочы і на чэмпіянаце свету ў Піцеры. Мяне падтрымалі.

Юля на Жывой бібліятэцы ў Мінску.

Юля на Жывой бібліятэцы ў Мінску.

Спецыяльная Жывая бібліятэка пра выратавальнікаў.

Спецыяльная Жывая бібліятэка пра выратавальнікаў.

Гэты праект – сацыяльная гульня, у якой ёсць атрыбутыка бібліятэкі. Чалавека, які ўсё арганізоўвае, называем бібліятэкарам. У Мала­дзечне бібліятэкар я. Тыя, хто прыходзяць “чытаць” – чытачы, а хто распавядае – кнігі. Кожнаму наведніку выдаём картку чытача. Кожная з кніг уключаецца ў каталог.

Але некаторым цяжка зразумець, што такое “Жывая бібліятэка” – ці мы там кнігі ўголас чытаем, ці пісьменнікаў запрашаем, ці што?

На самой справе, у нас замест кніг людзі. Яны распавядаюць пра сябе “чытачам”. Кожная кніга расказвае сваю тэму. Напрыклад, жанчына-байкер, невідушчы выкладчык расказваюць пра тое, чым могуць шчыра падзяліцца.

Карткі Жывой бібліятэкі.

Карткі Жывой бібліятэкі.

Усё адбываецца так. Складаецца графік, калі якая кніга будзе даступная да чытання. Сесія кожнай з кніг – 30 хвілін. Падчас гэтага кніга расказвае пра сябе, адказвае на пытанні. Пасля кнігі мяняюцца. За гэты год мы правялі шэсць “ЖБ” у горадзе.

А вось людзі, якія мне дапамагаюць, – наша каманда: Дзіма Зайцаў, Ксенія Таратута, Юля Пасынак, Аня Садоўская, Воля Ляшкевіч, Надзя Багушэвіч.

Пра досвед валанцёрства

– Гэтым я пачала займацца падчас вучобы ў лінгвістычным універсітэце. Наша валанцёрская арганізацыя займалася тым, што віншавалі з Новым годам дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Апраналі касцюмы, шукалі спонсараў, каб былі падарункі. Часам падыходзілі людзі, прасілі, каб іх сыну сказалі, што, калі будзе сябе добра паводзіць, атрымае на Новы год ровар.

Аднойчы ў метро, калі я была апранутая Снягурачкай, да мяне дакранаецца дарослы мужчына і шэпча: “Каб збылося, каб збылося”.

Часам хадзілі да пенсіянераў ці людзей, якім трэба сацыяльныя работнікі – прыбіраліся ў іх, выбівалі дываны.

Падчас спектакля ў сацыяльным прытулку я заўважыла, што дзецям не трэба цукеркі. Ім трэба кантакт, увага.

Пасля вучобы я вярнулася ў Маладзечна, пачала выкладаць англійскую мову. І шукала новы валанцёрскі занятак. Падала праз інтэрнэт заяўку на працу валанцёрам на гульнях у Сочы. Прайшла тры тэсты. Спачатку на веданне англійскай мовы, затым на псіхалагічныя якасці, а пасля на хуткасць рэакцыі.

Вось на апошнім даваліся розныя задачкі і трэба было даваць адказ. Напрыклад, калі трэба сустрэць дэлегацыю з Японіі, якая выехала па сваім часе, розніца ў часе такая, самалёт спазняецца на дзве га­дзіны, і ў колькі ты іх сустрэнеш па мясцовым часе?

Калі тэсты я прайшла, мне даслалі запрашэнне на сумоўе праз скайп. Было цікава, бо на кожнае пытанне неабходна даваць адказ з прыкладам. Пытаюцца: “Вам калісьці даводзілася працаваць у камандзе?” Адказваеш: “Так, я гуляла ў валейбол у школе”. І пытанні адно за адным сыплюцца. А затым: “Калі вы апошні раз парушалі правілы?”

І напрыканцы спыталіся, калі я апошні раз была ў лютасці. Я пачынаю думаць, але проста не змагла ўспомніць, а мне ў адказ так стрымана: “Ага”.

На Чэмпіянаце ў Піцеры. Фота з архіва Юліі Мароз.

На Чэмпіянаце ў Піцеры. Фота з архіва Юліі Мароз.

Мяне прынялі валанцёрам і далі матэрыялы, якія павінна была вывучыць і здаць па іх тэсты.

Патрабавалася мець экалагічныя веды, таму што самі гульні не могуць быць у разрэз з прыродай. Пасля гэтага я збіраю смецце асобна.

Маёй функцыяй была выдача ўніформы. Былі валанцёры, якія сустракалі дэлегацыі, дапамагалі прэсе, былі на акрэдытацыі, перакладчыкі.

Мы праходзілі, як мець зносіны з людзьмі з інваліднасцю. Напрыклад, без дазволу нельга дакранацца да вазка калясачніка, таму што гэта яго асабістая прастора.

Ехала ў цягніку з Паралімпійскіх гульняў у вагоне, не прыстасаваным для людзей з інваліднасцю. Вазок стаяў у тамбуры. Яго гаспадар не дазволіў дапамагчы, перамяшчаўся па вагоне на руках і частках ног. А цягнік з Паралімпійскіх гульняў!

У нас былі валанцёры сярэбранага і залатога ўзросту. Залатога – гэта за 60, сярод іх была блакадніца.

Мяне непрыемна ўразіў адзін момант. Мне хацелася знайсці беларусаў, а на маёй функцыі іх не было. На адкрыцці гульняў усе заўзеюць, усе на эмоцыях. Выхо­дзяць канадцы, галандцы – і да дзяцей падыдуць, і “пяць” даюць, вітаюцца з усімі. І тут нашы. А мне так важна было ўбачыць беларусаў. Я ім крычу: “Эй, я з Беларусіііі!”. Яны мне кідаюць: “Мы таксама”. Добра, што гэта былі не спарт­­с­мены, а іх суправа­джэнне.

У Беларусі ёсць яшчэ куды развіваць інстытут валанцёрства.

Што змяняе “Жывая бібліятэка”

“Кніга” расказвае шчыра. І гэта шчырасць так уплывае на чытачоў, што яны выходзяць, нібы прасветленыя.

Проста паразмаўляць з незнаёмым – часам вельмі незвычайна. Мяркую, што наша бібліятэка разбурае стэрэатыпы. Таму што ты слухаеш, як чалавек раскрывае сябе. У нас ніхто нікога не агітуе, ніхто не ставіцца адзін да аднаго негатыўна. Мы чытаем, каб зразумець іншага чалавека. Напрыклад, аднойчы мы запрасілі “дзядулю на роліках” – ён расказваў пра досвед выхавання ў дзетдоме.

“ЖБ” – гэта фармат, які быў бы выдатнай прафарыентацыяй у школе. Калі я думаю пра праект, то разважаю, каму гэта больш трэба – кнігам, чытачам ці мне?

“ЖБ” дапамагае больш спакойна ставіцца да людзей, прымаць іх, размаўляць. Бо калі мы спазняемся, прасцей адчуваць няёмкасць, што спазняемся, чым патэлефанаваць і папярэдзіць. “ЖБ” адкрывае чалавечнасць, дапамагае быць больш адкрытымі і спакойнымі.

Бліц-апытанне

1. Якую кнігу цяпер чытаеш?

“Легенда аб Уленшпігелі” Шарля дэ Кастэра.

2. Любімы беларускі аўтар.

Уладзімір Караткевіч, а з яго твораў “Чазенія”.

3. Які з атрыманых падарункаў самы дарагі?

Тое, што дораць дзеці. Бо калі дзеці даюць цукерку ці гумку, я разумею, што гэта канкрэтная сімпатыя!

4. Што запомнілася з таго, што прасіла ў Дзеда Мароза?

Мая нахабнасць, бо мы з сястрой прасілі яго тройчы: на Новы год, Каляды і стары Новы год. Бацькі шалелі, калі бачылі гэтыя лісты, бо яны з’яўляліся не загадзя, а ў гадзін 11, а раніцай чакалі падарунак.

5. Страва, якую любіш гатаваць сама.

Нямнога гатую сама. Яблычны пірог, калі яго можна назваць стравай.

6. Любімая гульня.

Шахматы і шашкі. У дзяцінстве гэта было тое, што збірала разам сям’ю.

7. Кім марыла стаць у дзяцінстве.

І цырульніцай, і выкладчыцай музыкі. Вучылася іграць на акардэоне сем год. Я пішу левай рукой, і бацькі палічылі, што акардэон дапаможа развіць правую.

8. Ці ёсць такі прадмет, які вы хацелі б, каб стварылі?

Хочацца хутка апынацца там, дзе захацелася ці трэба з’явіцца. Чаму б не тэлепорт? Тэлепорт крута, але важней нешта, што, напрыклад, рабіла б усіх здаровымі і шчаслівымі.

Але ці было б добра для свету, калі б усе былі аднолькава шчаслівымі? Можа, людзі перасталі б імкнуцца да чагосьці, дапамагаць адзін аднаму.

9. Любімы колер.

Сіні.

10. Чаму варта павучыцца ў прыроды.

Воўк драпежны не ад кепскіх думак, не каб нашкодзіць. Часам трэба адпускаць сітуацыю, нават калі ўсё ідзе не так, як запланавалі. Часам тое, што ідзе “не так”, перайначваць не трэба, бо на самой справе тое, як атрымліваецца, – лепш.

Калі ты нешта робіш шчыра, то будзеш аддзячаны неабавязкова ад таго чалавека, для каго зрабіў добрае. Але падзякі чакаць не трэба. Я гэта заўважаю.

11. Чым здзіўляе Сусвет.

Часам мяне здзіўляюць людзі – і ў добрым, і ў кепскім сэнсе. Здзіўляе цярпімасць прыроды да нас.

12. Пажаданне чытачам.

Найперш дзякую, што мы апынуліся ў спісе.

А пажаданне… Мы ўсе вельмі падобныя. Хочацца, каб мы былі адзін да аднаго паважлівыя і прыязныя.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце