weather 6° Маладзечна
weather 6° Вілейка
weather 10° Смаргонь
weather 6° Ашмяны
weather 9° Валожын
weather 6° Мядзел
weather 10° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.46
1 долар 2.1177
100 рас.руб. 3.2257
24.01.2017 18:00 ,

Колькі зарабляюць і на што трацяць грошы супрацоўнікі банкаў? Расказвае касір з Маладзечна

Ілюстрацыйны здымак.

Праца ў банку, незалежна ад пасады, у народзе лічыцца ледзь не самай грашовай. З такім заробкам і сямейны бюджэт спланаваць лёгка, скажуць людзі. Ці так гэта, карэспандэнту “РГ” распавяла маладзечанка Караліна, спецыяліст па касавай працы. 

За працу на касе Караліна атрымлівае на рукі 420 рублёў з вылікам падаткаў. Плюс да гэтага можа дадавацца прэмія каля 30% ад сумы.

– Для Маладзечна гэта вельмі дастойны заробак, – заўважае дзяўчына. – Тым больш, што я цяпер жыву адна.

Але калі ў будучыні муж будзе зарабляць столькі ж, то праблем з утрыманнем сям’і і дзяцей не будзе.

Заробак касіра ў банках адзін з самых нізкіх. На вышэйшых пасадах заробкі могуць дасягаць куды большых сум, але да іх супрацоўнікі ідуць гадамі.

“Хоць і працую ў банку, але свае грошы там не захоўваю”

Першае, што робіць дзяўчына ў дзень заробку, – плаціць за камунальныя паслугі, інтэрнэт і мабільны тэлефон. На гэта ідзе каля 80 рублёў.

Другі па важнасці пункт – адкласці грошы. З кожнага заробку Караліна купляе сто долараў.

– Я ўжо зразумела, колькі грошай мне трэба ў месяц на жыццё, таму вызначыла, што адкладваць буду мінімум па сто долараў, – тлумачыць дзяўчына. – У доларах, бо так зручней, у нас жа ўсё вымяраецца ў іх.

Ніякіх ашчадных рахункаў супрацоўніца банка не мае. Кажа, што сумы яе зберажэнняў такія малыя, што захоўваць іх пад працэнты не мае сэнсу.

– Адкладзеныя грошы дзялю на дзве катэгорыі: бягучае і доўгатэрміновае, – працягвае Караліна. – Доўгатэрміновае ўвогуле не чапаю, а бягучыя накапленні трачу на канкрэтныя рэчы: бытавую тэхніку, новую куртку, адпачынак.

Каля 200 рублёў у месяц ідзе на харчаванне:

– Для мяне важна добра харчавацца, а яшчэ мець магчымасць раз на тыдзень выйсці з сябрамі ў кавярню.

Усё, што застаецца, – каля 120 рублёў, – ідзе на дробныя бытавыя расходы: касметыку, бытавую хімію, дробнае адзенне.

“Не ўсе маладзечанцы ўмеюць распараджацца грашыма”

Караліна лёгка расказвае пра тое, як будуе ўласны бюджэт. Але даваць парады наконт гэтага іншым не бярэцца: ўніверсальнага спосабу для ўсіх не існуе.

– Вядома, прафесія адбіваецца на касірах, – дзеліцца назіраннямі дзяўчына. – Мы пастаянна сочым за курсам, ведаем пра ўсе віды ўкладаў і працэнтаў, таму арыентуемся, куды лепей накіраваць свае грошы.

Караліна працуе на касе больш за тры гады і бачыць, як часта беларусы не ўмеюць распараджацца грашыма.

– Бачу, як чалавек прыходзіць і купляе з заробку даляры на вялікую суму, – распавядае касір. – А праз ты­дзень пачынае рэгулярна прыходзіць і па 10-20 даляраў мяняць назад на беларускія, пры гэтым вельмі прайграючы ў курсе. Чаму нельга вызначыць для сябе суму, без якой ты можаш пражыць на рэшту заробку, і памяняць толькі яе? Каб пасля не лётаць па банках і не губляць грошы пры абмене валют.

 “Бывае, што звальняюцца пасля першага дня працы”

Праца ў банку часта лічыцца не толькі прэстыжнай, але і лёгкай.

– Сядзіць дзяўчына ў белай кашулі, усміхаецца, тыкае ў кнопачкі, – адным словам, нічога не робіць, – іранізуе Караліна. – Збоку наша праца падаецца лёгкай. Але ўвесь дзень працуеш ў пыле, у канцы дня бываюць прыступы кашлю.

Фота graemecowan.com.au.

Фота graemecowan.com.au.

Са з’яўленнем манет у дзяўчат-касіраў новая праблема: ад пастаяннай “лоўлі” манет у латках касы збіваюцца пальцы і слаяцца пазногці.

Але часам самым складаным у працы становіцца тое, што трэба увесь дзень кантактаваць з людзьмі. Гэта забірае шмат энергіі.

– Усе свае незадаволенасці, – высокія камісіі і працэнты па крэдытах, – людзі накіроўваюць на касіраў, – дзеліцца дзяўчына. – Але ж не мы ўстанаўліваем гэтыя лічбы, а ўвесь негатыў ідзе на нас. А колькі разоў ужо даводзілася чуць, што “я плачу такія высокія працэнты, а ўвесь ваш банк з гэтага жыве!”. Але мы мусім заставацца ветлівымі.

Праца з грашыма – вельмі адказная і кожную хвіліну патрабуе канцэнтрацыі. За ўсе разыходжанні сум у дакументах і ў касе касір адказвае асабіста. Калі сумы не сходзяцца, супрацоўніка пазбаўляюць прэміі.

Праца касіра патрбуе пастаяннай канцэнтрацыі ўвагі.

Праца касіра патрбуе пастаяннай канцэнтрацыі ўвагі.

– Калі купюры склеяцца, можаш выдаць кліенту большую суму, – прыводзіць прыклад Караліна. – І калі чалавек не верне грошы, то прэміі пазбавяць касіра.

Не кожны банк патрабуе ад сваіх касіраў вышэйшай адукацыі, але стрэсаўстойлівасці – абавязкова.

– Пасля гэтага артыкула ўсе масава пой­дуць у касіры! – усміхаецца Караліна. – Заробак заробкам, але не кожны вытрымае такую працу. Бывалі выпадкі, калі дзяўчаты паўтара месяца праходзілі падрыхтоўчы курс, каб працаваць касірам, але пасля першага працоўнага дня звальняліся самі, – не вытрымлівалі нагрузкі і адказнасці.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце