weather 23° Маладзечна
weather 23° Вілейка
weather 22° Смаргонь
weather 23° Ашмяны
weather 20° Валожын
weather 23° Мядзел
weather 22° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3272
1 долар 1.9984
100 рас.руб. 3.1481
24.01.2017 17:15 ,

Святлана Алексіевіч: чаму Лукашэнка і Пуцін зразумелі народ лепш за інтэлігенцыю і за што сёння паміраюць кантрактнікі

Фота: liveberlin.ru.

Нобелеўская лаўрэатка атрымала дыплом ганаровага сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў ў апошнія дні мінулага года.

Наш карэспандэнт прысутнічаў на ўрачыстасці. Прапануем тэзісы з яе размовы з журналістамі пасля ўрачыстасці.

Слава патрабуе шмат фізічных сіл. 17 краін за год – гэта цяжка.

На пытанне, ці надакучылі журналісты: Ну так. Не столькі нашы, колькі замежныя. Гэта цікава пабываць у Калумбіі, Кітаі, але хочацца ўжо цішыні, каб не было бясконцых інтэрв’ю.

Кніга “Час сэканд-хэнд”, напэўна, вельмі дакладна патрапіла у часе. “Вашынгтон пост” унёс яе ў дзясятку лепшых за год. Шкада, што яна тут, а асабліва ў Расіі, не мае таго патэнцыялу для яе абмеркавання. 30 год аддадзена гэтай працы. Але ніхто не думаў, што будзе такое вяртанне назад, ніхто не прадказаў.

Я расла з кожнай кнігай і са сваім часам.

Я баюся рэвалюцыі і крыві. Рэвалюцыі нічога не вырашаюць. Бачыць прыніжэнне чалавека вельмі цяжка.

Фота NewsBel.by.

Фота NewsBel.by.

Ні Беларусь, ні Украіна не трэба Расіі свабоднымі. Нешта ёсць у расійскай гісторыі, што робіць свабоду катэгорыяй, якая не бярэцца ў разлік. Просты рускі чалавек скажа: “Што яшчэ за Беларусь? Толькі мову псуяце”.

І ведаеце, фігура Лукашэнкі стварыла нейкі бар’ер на шляху хуткага паглынання Беларусі Расіяй.

Цяпер час яшчэ горшы, чым савецкі, таму што дадаўся фактар цёмнага праваслаўя, і на яго робіцца стаўка. Напрыклад, у Італіі ў багаслоўскіх школах  вучылі здзіўляцца свету, гэта філасофія. А тут жа вучаць, што дзіця – уласнасць сям’і, што дзіця можна біць. Гэта страшна.

А заявы, што ўзніклі пасля пачатку вайны ва Украіне: нарэшце закончыліся сытыя гады, сытасць рускаму чалавеку не падыходзіць. Ён не рэалізуецца ў такі час. Рускаму чалавеку трэба звышідэя. Не парадак у двары наводзіць, а свет перайначваць. Руская ментальнасць заўсёды гатовая падмануцца ідэяй утопіі. Я думаю, што гэта чырвань “чырвонага чалавека” ёсць у кожным з вас. І справа ў тым, што няма ні рускай, ні беларускай эліты, якая магла б стварыць новыя ідэі. Наша культура барыкадная, а культура разбурэння нічога не змяняе.

Беларускія журналісты не выйшлі на той узровень, што расійскія. Інфармацыйная форма крытыкі ўжо не цікавая. Чытачы хочуць новую філасофію, сур’ёзны погляд. У нашай журналістыцы ёсць малаадукаваныя людзі, якіх узровень вялікіх ідэй не цікавіць. Вакол матэрыялу павінна быць біяполе, як вакол чалавека. Калі няма біяполя, то няма і сілы.

Рацыянальны чалавек свет не выратуе, толькі гуманітарны.

Мне цікава: чаму Лукашэнка і Пуцін лепш за нас, такіх адукаваных і разумных, зразумелі народ? Яны не аддаліліся ад яго. А мы сышлі ў свае тусоўкі, гаварылі адзін аднаму прыгожыя словы і аддаліліся ад таго, чым жыў народ.

Беларуская мова, культура, традыцыі – патэнцыял нашай спозненай нацыі, які атрымаў сёння шанец. Цяпер грамадства разумнейшае і за палітыкаў, і за апазіцыі, яно ўсё выдатна разумее. Але відавочна, што беларускасць – патэнцыял, і, магчыма, наш адзіны шлях.

Сёння позна фарміраваць нацыянальную ідэю. Цяпер існуюць дзве сілы: чалавек і дзяржава, і чалавек сёння сваё жыццё аддасць дзяржаве без ахвоты. Ён хоча пражыць, мае шмат магчымасцяў.

Як ніколі, сёння людзі хочуць жыць. І кантрактнікі, якія едуць ваяваць, паміраюць за грошы, а не за ідэю. За крэдыты, іпатэку. А “наверсе” афармляюць як смерць за ідэю.

Я цяпер рыхтую дзве кнігі: пра старасць і пра каханне. Але гэта не такая простая тэма. Калі кожны прыгадае свой досвед кахання, то зразумее, што наўрад ці выйшаў з гэтай гісторыі цэлым. У глянцавых часопісах шмат гісторый, але гэта гульня, якая не мае ніякага дачынення да чалавечай таямніцы.

Часам пра маю працу кажуць: прыйшла, паслухала, запісала. Але гэта погляд непрафесіянала. Я не толькі збіраю матэрыял, колькі філасофію, погляд. Толькі тады можна атрымаць тое, што схаванае за канонамі культуры.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце