weather 10° Маладзечна
weather 10° Вілейка
weather 8° Смаргонь
weather 10° Ашмяны
weather 7° Валожын
weather 10° Мядзел
weather 8° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4279
1 долар 2.1098
100 рас.руб. 3.2157
25.01.2017 12:53 ,

Раней – на бальныя танцы, цяпер – на інтэрнэт: як трацяць стыпендыю сённяшнія студэнты і на што яна ішла 30 год таму

Фота: nsu.ru.

Зоя і Наталля – дзяўчаты з вёсак на Вілейшчыне. У сталіцу яны прыехалі вучыцца на настаўніц. Толькі Зоя спасцігала таямніцы педагогікі ў першай палове 1980-х. А Наталля робіць гэта сёння.

Паміж іх студэнцтвам прайшло 30 год. Аднак Наталля, як некалі Зоя, ходзіць на лекцыі, хвалюецца перад экзаменамі. Праўда, няма ўжо ў яе “залікоўцы” некаторых дысцыплін. Напрыклад, гісторыі КПСС. А яшчэ стыпендыя Наташы большая ўдвая, чым была ў Зоі і яе аднакурснікаў. Як жа траціць сёння сваю стыпендыю Наташа? А на што яна ішла ў Зоі? Пра гэта гутару са сваімі гераінямі.

 З-за гісторыі КПСС студэнтка два з паловай курсы жыла без стыпендыі

Зоя вучылася ў БДУ імя Леніна ад 1981 да 1986 года. Набывала спецыяльнасць “хімік, выкладчык хіміі”. Кажа, настаўніцай захацела стаць з таго часу, як сябе памятае. Хімію абрала пасля таго, як закончыла школу. Тады зразумела, што прадмет, які выкладаў у Ільі настаўнік Міхаіл Урбанскі, самы цікавы.

1981 год. 10-а клас ільянскай школы. Зоя Кіпель (Юдо)  – крайняя справа ў другім радзе. Наперадзе – студэнцкія гады. Фота ok.ru.

1981 год. 10-а клас ільянскай школы. Зоя Кіпель (Юдо) – крайняя справа ў другім радзе. Наперадзе – студэнцкія гады. Фота ok.ru.

Стыпендыю Зоя атрымлівала звычайную – 40 рублёў. Хто вучыўся “на выдатна”, мелі 50. А была яшчэ Ленінская стыпендыя. Прыкладна 90-100 рублёў. Яе ва ўсім універсітэце атрымлівалі адзінкі.

Аднак тыя 40 рублёў Зоя два з паловай курсы не атрымоўвала ўвогуле. Прычына таму – прадмет “гісторыя КПСС”. Па ім у дзяўчыны заўсёды былі “тройкі”. Ратавала матуля з вёскі. Яна на тыдзень давала 10 рублёў і прадукты з уласнай гаспадаркі. Хапала на дарогу і на жыццё.

Лягчэй было і таму, што два з паловай гады будучая настаўніца жыла ў сваякоў, бо не давалі інтэрната. За кватэру ім не плаціла.

Калі гісторыя КПСС закончылася, з’явілася стыпендыя. І студэнтка змагла жыць ужо за свае грошы.

Зоя: большая частка стыпендыі ішла на прадукты і заняткі бальнымі танцамі

На дарогу дадому туды і назад дзяўчына траціла 80-90 капеек. Спачатку ехала на электрычцы да Ушы, потым на аўтобусе. Адразу ездзіла часта, пасля радзей.

На тэлефонныя размовы грошай ішло мала, бо у бацькоў тэлефона не было. Час ад часу тэлефанавала сястры.

Больш ішло на лісты і паштоўкі. Часта пісала аднакласнікам у войска, а розных паштовак да святаў адпраўляла па 30-40 штук.

Адзін-два рублі са стыпендыі ішлі на падарункі. Прыблізна 10-15 рублёў на ежу. У інтэрнацкім пакоі жылі пяць дзяўчат. Яны скідваліся на прадукты. Гатавалі на кухні па чарзе. Таксама за стыпендыю харчаваліся ў сталовай на хімфаку.

Прылады для вучобы пераважна студэнтка купляла за грошы бацькоў, а са стыпендыі па меры неабходнасці.

На касметыцы і адзенні можна было зэканоміць. Касметыкай я і цяпер рэдка карыстаюся, кажа Зоя, і тады таксама. Адзенне купляла не часта, бо заўсёды была худая, не мянялася. Магла нешта пашыць сабе сама.

20 рублёў каштаваў абанемент на некалькі ўрокаў у школу сучасных бальных танцаў, дзе займалася Зоя. Часта хадзіла ў Купалаўскі тэатр. На платныя дыскатэкі студэнтка не хадзіла. У інтэрнаце, кажа, была свая, бясплатная.

Настаўніца хіміі Зоя Кіпель на працы ў ільянскай школе. Фота ok.ru.

Настаўніца хіміі Зоя Кіпель на працы ў ільянскай школе. Фота ok.ru.

Калі грошай не хапала, можна было пазычыць да стыпендыі ў сяброў і аднакурснікаў. У групе, успамінае Зоя, хтосьці апранаўся лепш, хтосьці горш. Але ніякіх сварак на гэтай падставе не ўзнікала. Мінчане знаёмілі вяскоўцаў з горадам. Збіраліся ў каго-небудзь на кватэры, адзначалі святы. Карацей, сябравалі, заканчвае свае ўспаміны настаўніца хіміі ільянскай школы Зоя Кіпель.

Жанчына кажа, што на стыпендыю 40 рублёў у 1980-я гады можна было пражыць месяц, але сціпла.

Наталля: праязны білет, інтэрнат, інтэрнэт – вось і ўся стыпендыя

Наталля вучыцца на другім курсе ў БДПУ імя Максіма Танка. Яе будучая прафесія – настаўнік пачатковых класаў. Па словах дзяўчыны, сюды яна паступіла з-за любові да дзяцей, жадання чаму-небудзь навучыць іх. А яшчэ, каб стаць добрай мамай для ўласных дзяцей. Невялікі ўплыў зрабіла і тое, што навучанне бясплатнае, ёсць стыпендыя і інтэрнат.

Першы педагагічны досвед Наталлі. Фота vk.com.

Першы педагагічны досвед Наталлі. Фота vk.com.

Стыпендыю, кажа Наталля, атрымаць не цяжка. Галоўнае: старацца. Сёння самая нізкая стыпендыя ў БДПУ – 67 рублёў дзве капейкі. Яе маюць студэнты з сярэднім балам 6 – 6,9. Самая высокая – 107 рублёў 24 капейкі. Каб атрымаць яе, трэба вучыцца на “дзявяткі” і “дзясяткі”. Наталля атрымлівае сярэднюю стыпендыю – 88 рублёў 40 капеек.

А цяпер выдаткі. Тут, па словах Наталлі, стыпендыю размеркаваць хутка: праязны білет, пакой у інтэрнаце і інтэрнэт. Праязны, які Наталля набывае штомесяц, каштуе 33 рублі 11 капеек. Пакой ў інтэрнаце – дзевяць рублёў дзве капейкі. На інтэрнэт ідзе 15 рублёў у месяц. Вось і ўсё. Застаецца крыху на забавы. Усё астатняе даводзіцца набываць за кошт бацькоў.

На кнігі Наталля грошай не траціць. Кажа, усё, што трэба, ёсць у бібліятэках і інтэрнэце. А вось прылады для выяўленчага мастацтва і працоўнага навучання трэба набываць. Гэта блок паперы 500 аркушаў – 7-8 рублёў, фарбы, пэндзлі, папера звычайная і каляровая, пастэль, кардон, клей. За ўсё – прыкладна 50 рублёў. З дапамогай бацькоў для вучобы дзяўчына набыла прынтар.

Наталля можа дазволіць сабе схадзіць у кавярню або ў кіно. Але тут ужо першаснае пытанне не грошы, а наяўнасць вольнага часу. Білет каштуе тры-сем рублёў.

Наталля з вучнем у час педагагічнай практыкі. Фота vk.com.

Наталля з вучнем у час педагагічнай практыкі. Фота vk.com.

На дыскатэках у клубах дзяўчына карыстаецца бясплатнымі спісамі. “У кантакце” ёсць суполкі, дзе ў вызначаны дзень можна бясплатна запісацца на дыскатэку.

Дадому Наталля ездзіць не кожныя выхадныя. Дабіраецца на аўтобусе. Дарога туды і назад каштуе каля 10 рублёў. 

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце