Сям’я школьніцы, якая загінула пад Маладзечнам на бульбе, і ў абласным судзе не даказала, што дзяўчынка працавала на полі

У цэнтры бацька загінулай школьніцы Алег Папчэня.
”Калегія суда згаджаецца з высновамі суда (першай інстанцыі) у тым, што ў дадзенай сітуацыі 25 артыкул Працоўнага кодэкса скарыстаны, бо дзяўчынка не дасягнула 14-гадовага ўзросту. І прызнаць такія адносіны працоўнымі не мае падстаў. «Рашэнне суда пакінуць без зменаў”, – зачытаў суддзя.
Перад гэтым у студзені пракурор Маладзечанскага раёна Уладзімір Дубоўскі вынес касацыйны пратэст на рашэнне мясцовага суда аб адсутнасці працоўных адносін паміж загінулай школьніцай Вікторыяй Папчэняй і СВК “Усход-Агра”. Само СВК тады настойвала, што не ведала, што на полі працуюць дзеці, не дапускала іх да працы.
А прадстаўнікі сферы адукацыі тлумачылі, што вучні на полі не працавалі, а “выхоўваліся”, згодна з зацверджаным у школе планам. І суд першай інстанцыі прыняў гэтыя аргументы.
Але з гэтым не пагадзіліся пракуратура і родныя дзяўчынкі. Пракуратура палічыла, што суд не ўлічыў усе факты, пацверджаныя “дакладнымі і дастатковымі доказамі”. А інспектары прафсаюза РЭП дапамаглі бацьку школьніцы Алегу Папчэні скласці сваю касацыйную скаргу ў Мінскі абласны суд на папярэдняе рашэнне.
Па словах прадстаўніка істца, прававога інспектара Леаніда Судаленкі, хоць суд раней даручыў правесці спецрасследаванне інцыдэнту аддзелу адукацыі Маладзечанскага райвыканкама (на дзеянні якога, уласна, і былі нараканні), аб выніках нічога не чуваць да гэтага часу.
Пасля пасяджэння Судаленка таксама дадаў, што сённяшняе рашэнне суда “стварае небяспечны прэцэдэнт” у выкарыстанні дзіцячай працы.
Хоць, па словах прававога інспектара РЭП Андрэя Стрыжака, Міністэрства адукацыі “ўсведамляе небяспеку і недапушчальнасць падобнай практыкі”, – бо яшчэ за некалькі месяцаў да трагедыі яно рассылала ліст па рэспубліцы аб забароне прыцягнення вучняў да сельгасработ.
Нагадаем, у канцы снежня суд Маладзечанскага раёна вынес прысуд кіроўцу грузавіка: 22-гадоваму Паўлу Цыбіну. Яму далі 3 гады абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. На думку боку абвінавачвання, ён мог убачыць дзяўчынку ў люстэрка задняга віду, але пачаў рухацца заднім ходам і быў няўважлівы. Бацькі школьніцы не патрабавалі ў кіроўцы кампенсацыі маральнага і матэрыяльнага ўрону.
Паводле tut.by.



