weather 10° Маладзечна
weather 10° Вілейка
weather 14° Смаргонь
weather 10° Ашмяны
weather 10° Валожын
weather 10° Мядзел
weather 14° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4458
1 долар 2.1112
100 рас.руб. 3.2211
27.01.2017 15:05 ,

Труп з адным ботам знайшлі 60 гадоў таму ў Нарачы

Больш за паўстагоддзе таму на Нарачы адбылася крымінальная гісторыя.

У Маладзечанскі аддзел  міліцыі паступіла заява ад жыхаркі горада Маладзечна аб тым, што 1 сакавіка 1955 года яе муж, не ўзяўшы з сабой пашпарта і ваеннага білета, выйшаў з дому і назад больш не вярнуўся.

Так пачынаецца гісторыя, якая была надрукаваная ў газеце “Чырвоны сцяг” у 1957 годзе. Будні міліцыі апісаныя так, што ад дэтэктыўнасці гісторыі захоплівае дух.

Пошукі зніклага маладзечанца доўга не прыносілі ніякіх вынікаў, пакуль аднойчы…

У чэрвені 1955 года рыбакі Мядзельскага рыбгаса з возера Нарач вылавілі труп невядомага мужчыны, які быў загорнуты ў даматканую прасціну, якая ў сваю чаргу была завязаная шалікам. На правай назе трупа быў гумовы бот, унутр якога быў пакладзены падшыпнік ад вагона.

У кішэні гімнасцёркі ляжалі два рэцэпты з Маладзечанскай паліклінікі, дзе было прозвішча маладзечанца, якога так доўга чакала жонка.

Судова-медыцынская экспертыза паказала, што смерць маладзечанца была гвалтоўнай. Наступіла ад пералому некалькіх рэбраў, якія выклікалі разрыў печані.

Следчы маладзечанскай міліцыі паехаў у Мядзельскі раён, каб пагутарыць з рыбакамі. І адзін з іх узгадаў, што ў пачатку сакавіка бачыў, як самазвал пад’ехаў да возера, а затым хуценька з’ехаў.

– Ага, – вырашыў следчы, – маладзечанец мог загінуць пад коламі гэтай машыны. Аднак трэба было высветліць, што рабіў маладзечанец у дзень свайго таямнічага знікнення.

З гэтым пытаннем следчы і звярнуўся да жонкі загінулага.

– Раніцай 1 сакавіка ён па дарозе на работу зайшоў да свайго суседа. Там разам з яго жонкай і іх кватарантам маглі выпіваць.

Сям’я суседзяў на допыце гэта пацвердзіла і сказала, што загінулы пайшоў ад іх прыкладна ў 11 гадзін раніцы.

І тады высветлілася яшчэ адна важная дэталь. Аказалася, што кватарант суседа быў палюбоўнікам жонкі загінулага.

Каб разабрацца ў тым, хто ёсць хто ў гэтай гісторыі, паглядзіце на схему:

Кватарант працаваў шафёрам самазвала і ад 28 лютага да 9 сакавіка знаходзіўся ў камандзіроўцы ў Мядзельскім раёне.

Ці не вінаваты кватарант у забойстве?

На допыце кватарант прызнаўся, што меў блізкія адносіны з жонкай загінулага, за што той неаднаразова пагражаў яму.

Так і ў той злапамятны дзень загінулы па­чаў сварку, спрабаваў ударыць нажом палю­боў­ніка жонкі, за што сусед выпхнуў яго за дзверы.

Аднак гаспадар кватэры адмаўляў свой ­удзел у той бойцы.

Следчы яшчэ больш пераконваўся ў тым, што забойства адбылося ў гэтай кватэры, але ж патрэбныя былі доказы.

Трэба было шукаць сведкаў. І імі выступілі суседзі, якія чулі, як у кватэры адбывалася сварка і як быццам нешта цяжкое ўпала на падлогу. Другія суседзі заўважылі, што пасля гэтага дня суседзяў у кватэры не было. Кватэра была зачыненая.

А трэція сведкі ведалі, што ў мужа з жонкай якраз была тая самая даматканая прасціна, у якой і знайшлі труп.

Аднак трэба было яшчэ высветліць, ці карысталіся зламыснікі самазвалам, каб схаваць сляды злачынства?

Для гэтага быў дапытаны яшчэ адзін сведка, жыхар вёскі Брусы, што на Мядзельшчыне, у якога жыў той самы кватарант, калі знаходзіўся ў камандзіроўцы.

– 28 лютага камандзіровачны на спадарожнай машыне паехаў у Маладзечна, а на наступны дзень я заспеў яго ў двары свайго дома з невядомай мне жанчынай. Камандзіровачны прадставіў яе, як гаспадыню сваёй мала­дзечанскай кватэры.

Шафёр спрабаваў завесці свой самазвал, аднак у яго гэта не атрымоўвалася.

– Тады ён з той жанчынай пайшоў пешшу ў бок шашы, вярнуўся назаўтра раніцай, завёў машыну і паехаў на работу. Вечарам жа прыйшоў дадому з сябрам, яны выпівалі, затым на самазвале паехалі ў бок Маладзечна.

Па прыкметах сябра, якія апісаў сведка, атрымоўвалася, што гэта быў той самы сусед, гаспадар маладзечанскай кватэры.

Следчы прад’явіў абвінавачванні ў забойстве суседзям загінулага і іх кватаранту.

Кватарант адмаўляў усё.

І толькі жонка суседа паўпіралася крыху, а затым і расказала ўсе абставіны забойства.

Раніцай 1 сакавіка 1955 года перад тым, як ехаць на работу ў Мя­дзельскі раён, кватарант купіў літр гарэлкі і сеў выпіваць разам з яе мужам.

У гэты час у кватэру зайшоў сусед. Паміж кватарантам і суседам узнікла сварка, тады сусед паспрабаваў дастаць з халявы бота нож.

Муж гаспадыні разам з кватарантам пачалі збіваць госця нагамі па чым папала.

Калі госць пачаў хрыпець, яго выкінулі ў калідор. Праз некалькі хвілін кватарант выйшаў у калідор, а калі вярнуўся, сказаў, што іх ранішні госць мёртвы.

Вырашылі паміж сабой, што назаўтра жонка разам з кватарантам паедуць у вёску, дзе стаіць самазвал, пагрузяць цела ў яго і дзе-небудзь выкінуць.

Аднак, як нам ужо вядома, машына ў той дзень не завялася. Жонка суседа на спадарожнай машыне з’ехала дадому, а кватарант паехаў у Вілейку пераначаваць у свайго дзядзькі.

На наступны дзень гаспадар кватэры, дзе ўсё яшчэ знаходзіўся труп мужчыны, не дачакаўся свайго змоўшчыка і паехаў па яго ў вёску Брусы.

Потым яны разам на сама­звале вярнуліся ў Маладзечна, пагрузілі труп на дзіцячыя санкі і адвезлі яго да машыны, якую пакінулі на нейкай адлегласці ад дому, каб не выклікаць падазрэнняў.

Вырашылі труп кінуць у які-небудзь калодзеж далей ад Мала­дзечна.

Труп загарнулі ў прасціну, якую дала жонка суседа. Сам сусед дастаў са свайго склепа чыгуначныя падшыпнікі, адзін з якіх паклалі ў бот загінуламу, другі ў прасціну.

Кватарант для большай надзейнасці зняў з шыі свой шалік і завязаў  прасціну з целам.

У вёсцы Вузляны Мядзельскага раёна кампанія спынілася і вырашыла выкінуць труп у калодзеж,  аднак ім перашкодзіў нейкі мужчына, які выйшаў у двор.

Тады вырашылі былі кінуць труп у возера Нарач.

Пасля гэтага саў­дзельнікі злачынства раз’ехаліся па сваіх дамах.

Пасля такога падрабязнага апісання дня злачынства, гора-кватаранту нічога не заставалася рабіць, як цалкам прызнацца ў злачынстве.

Забойства было раскрытае.

Пра гэта рэдакцыі газеты “Чырвоны сцяг” расказаў тагачасны пракурор Маладзечанскай вобласці П. Волах.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце