weather 23° Маладзечна
weather 23° Вілейка
weather 23° Смаргонь
weather 23° Ашмяны
weather 21° Валожын
weather 23° Мядзел
weather 23° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3272
1 долар 1.9984
100 рас.руб. 3.1481
29.01.2017 14:12 ,

“Паважаны чалавек, умее знайсці падыход да дзяцей”. 61-гадовага фізрука падазраюць у сувязі з 14-гадовай школьніцай

Фота: © Suhaib Salem / Reuters.

Гісторыя адбылася ў адным з аграгарадкоў у Віцебскім раёне. Яе героі – 61-гадовы настаўнік фізкультуры і яго выхаванка – 14-гадовая школьніца. Паміж імі, па словах маці дзяўчынкі, узніклі пачуцці, якія прывялі да інтымных стасункаў. Мужчына арыштаваны, а васьмікласніца пераходзіць у іншую школу – на старым месцы яе зацкавалі дзеці. Маці жыве на таблетках: органы апекі кажуць ёй, што могуць забраць дачку з сям'і.

– У дачыненні да 61-гадовага жыхара Віцебскага раёна распачата крымінальная справа паводле часткі 1 артыкула 168 Крымінальнага кодэкса (Палавыя стасункі і іншыя дзеянні сэксуальнага характару з асобай, якая не дасягнула 16-гадовага ўзросту). Мужчына знаходзіцца пад вартай, ідзе расследаванне, – пракаментавала афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па вобласці Святлана Сахарава.

Калі віна мужчыны будзе даказаная, то ён атрымае абмежаванне волі на тэрмін да 4 гадоў або пазбаўленне волі на той жа тэрмін са штрафам.

Дырэктар школы сказала, што не будзе каментаваць гэтую сітуацыю прэсе, растлумачыўшы: “Ідзе следства, я дала падпіску пра неразгалошванне звестак”.

TUT.BY сустрэўся з Вольгай – мамай 14-гадовай Насці, закаханай у свайго настаўніка фізкультуры Сяргея Сяргеевіча (усе імёны ў гэтай гісторыі змененыя).

“Інтым у іх быў тры разы, у педагога дома”

Насця гадуецца ў няпоўнай сям’і. Яе тата, па словах Вольгі, кантактуе з дачкой рэдка – у яго новая сям’я. Другі раз выйшла замуж і Вольга. Але з айчымам у дзяўчынкі адносіны не склаліся, таму ён жыве асобна ад жонкі і падчаркі. У Насці ёсць старэйшы брат – дарослы хлопец, у якога ўжо свая сям’я.

– Я працую кухарам у кафэ, праца забірае шмат часу. Каб дачка не была сама па сабе, не звязалася з дрэннай кампаніяй, я запісала яе ў школьную секцыю па валейболе і баскетболе. І яна закахалася ў настаўніка фізкультуры. Свае пачуцці ад мяне хавала. Як ужо потым я даведалася, адносіны паміж імі ўзніклі яшчэ мінулым летам – у ліпені. А ў верасні настаўнік уступіў з дачкой у сэксуальную сувязь. Інтым у іх быў тры разы. Гэта адбывалася ў яго дома, – Вольга стараецца трымацца спакойна, не выдаваць сваіх эмоцый.

– Няўжо вы ні пра што не здагадваліся?

– Я лічыла, што мы з Насцяй сяброўкі. Да гэтай гісторыі яна заўсёды са мной усiм дзялілася. І пра гэтага настаўніка таксама распавядала, але ў адмысловым святле. Напрыклад, казала, што нібыта яны паехалі з сяброўкай у горад, а там выпадкова сустрэліся з фізруком, і ён павёў іх у кафэ. Насамрэч ніякай сяброўкі побач не было, і сустрэча з настаўнікам была не выпадковай. Высветлілася, што пра свае пачуцці да настаўніка пісала. Не, не вяла асобны дзённік, пісала ў звычайных школьных сшытках, на абароце. Пра гэта я даведалася, калі ў нашым доме быў ператрус.

Вольга ўспамінае, што ў самым пачатку года ў Насці з’явіліся двойкі. Маму выклікала да сябе дырэктарка школы. Пасля гэтага жанчына забараніла дачцэ хадзіць на трэніроўкі, раз яна не паспявае з вучобай. Дзяўчынка спалохалася, паабяцала маці падцягнуцца. І сапраўды – хутка выправіла двойкі.

– Гэта потым ужо я зразумела: яна баялася, што не зможа бачыць свайго настаўніка, – кажа Вольга.

Жанчына часта кантактавала з педагогам:

– Мы з ім увесь час стэлефаноўваліся. Я прасіла настаўніка: “Калі трэніроўка затрымліваецца – вы, калі ласка, правядзіце Насцю”. Дачка ездзіла на ўрокі на прыгарадным аўтобусе: мы жывем за 4 км ад школы, там праходзіць траса, на ёй заўсёды інтэнсіўны рух. Ён казаў: “Не хвалюйцеся, усё зраблю”. Трымаў мяне ў курсе, чым ён займаецца з дзецьмі. Маўляў, сёння яны пойдуць туды і туды. Пазней высветлілася, што яны былі там не з групай школьнікаў, а ўдваіх з маёй дачкой.

Аб сувязі паміж дачкой і настаўнікам Вольга даведалася ад супрацоўнікаў праваахоўных органаў (як менавіта пра сувязь даведаліся самі супрацоўнікі, жанчына не ведае).

– Я была на працы. Тэлефануюць мне і кажуць: “Вязём вашу дачку ў аддзел міліцыі”. Класнага кіраўніка ў той дзень не было, і я тэлефаную настаўніку фізкультуры: “Што адбылося?”. Ён адказвае: “Насцю забралі з-за блізкіх адносін са мной”. Я аж аслупянела: “У вас былі настолькі блізкія адносіны?”. Ён маўчыць. Кажу: “Вы мяне не чуеце?”. Тады ён адказаў: “Не”. Я прыехала ў міліцыю і кажу дачцэ: “Скажы мне ўсю праўду. У цябе сапраўды былі адносіны з фізрук?” Яна апусціла галаву і сказала: “Так”. Я была ў шоку!

“Настаўнік жанаты і ходзіць у царкву”

Вольга шкадуе дачку, імкнецца яе зразумець, бо першае каханне – вельмі крохкае пачуццё:

– Разумееце, яна стварыла сабе ідэал. Прызналася яму ў каханні. Яму трэба было хутчэй бегчы да мяне, распавесці пра гэта, і разам мы б прыдумалі, як вырашыць гэтую сітуацыю. А ён … Я лічу, што ён яе прыручыў. Яны ездзілі ў Віцебск, гулялі па горадзе, хадзілі ў кафэ, ён купляў ёй шакаладкі, марозіва. Летам ездзілі на роварах на возера. Абяцаў Насці, што калі яна закончыць 9 класаў, адправіць яе ў Маскву вучыцца. Высветлілася, што ён прыходзіў да нас у госці. Я на працу – а ён да нас. Неяк дачка захварэла, ён прынёс ёй мёд.

У настаўніка ёсць жонка, двое дзяцей, унукі. Яго сям’я жыве ў іншым населеным пункце, кіламетраў за 35. Кватэру ў аграгарадку пад Віцебскам, дзе педагог працаваў, ён здымаў.

Вольга расказвае, што фізрук молада выглядае:

– Максімум, што я б дала яму на выгляд – гадоў 50. А ён, аказваецца, ужо пенсіянер!

Па словах жанчыны, настаўнік – глыбока веруючы чалавек. Кожныя выходныя ён ездзіў у праваслаўны храм.

– Увогуле, у нашым аграгарадку гэты педагог – паважаны чалавек. Ён каля 10 гадоў прапрацаваў у мясцовай школе. Дзеці яго вельмі любяць, ён умее знайсці да іх падыход. Ніхто, ды і я сама, ніколі не мог бы падумаць, што ён на такое здольны! Таму цяпер у вёсцы шмат хто вінаваціць нас, а не яго. Кажуць, што Насця ўсё прыдумала і помсціць яму. Што яна была з кімсьці іншым, а на Сяргея Сяргеевіча хоча ўсё “павесіць”. Але ён спачатку прызнаўся міліцыі, што ў яго была сувязь з Насцяй. А зараз, пасля сустрэчы са сваім адвакатам, “ідзе ў адмову”. Паміж дачкой і настаўнікам правялі вочную стаўку. І Насці пасля гэтага стала дрэнна, выклікалі хуткую: педагог сказаў, што ніякага сэксу паміж імі не было, што іх ніколі нішто не звязвала, што яна ўсё прыдумляе.

“Дачка просіць, каб настаўніка выпусцілі”

Фота hqplace.ru.

Фота hqplace.ru.

Насця бароніць настаўніка.

– Яна закахалася ў яго. Просіць, каб яго адпусцілі. Абяцае, што не будзе з ім сустракацца, абы яго толькі выпусцілі на свабоду, – кажа маці.

Пасля таго, як настаўніка арыштавалі, дзяўчынка хадзіла ў школу толькі адзін дзень. Па словах Вольгі, дзеці не давалі Насці праходу – здзекаваліся. З дзяўчынкай працаваў псіхолаг. Зараз маці пераводзіць дачку ў іншую школу – у іншым населеным пункце.

Вольга прызналася, што з лета мінулага года іх сям’я знаходзіцца на ўліку як у сацыяльна-небяспечным становішчы. Жанчына патлумачыла гэта тым, што доўгі час не магла афіцыйна працаўладкавацца, у яе былі розныя падпрацоўкі: “Пакуль знайшла пастаянную працу, паставілі ў катэгорыю – сацыяльна-небяспечнае становішча. Праца ўжо ёсць, але з уліку пакуль не знялі”.

Пасля інцыдэнту са школьным настаўнікам у сям’і можа з’явіцца новая праблема:

– Работнікі апекі і аддзела адукацыі кажуць, што ва ўсім вінаватая я. Што дачка была без нагляду, што я дрэнная маці – не магу забяспечыць належны догляд дзіцяці і яго выхаванне. І зараз ІСН і аддзел апекі разглядаюць варыянт забрання дачкі з сям’і. Але я хачу, каб у сітуацыі разабраліся аб’ектыўна. І звярнулі ўвагу на настаўніка. Бо ад педагогаў мы, бацькі, чакаем дапамогі ў выхаванні дзяцей. А тут… Называецца, адправіла мама дачку спортам займацца…

.

Два гады таму 35-гадовага маладзечанца асудзіліза педафілію. Сярод пацярпелых 9-гадовыя дзеці.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце