weather 18° Маладзечна
weather 18° Вілейка
weather 22° Смаргонь
weather 18° Ашмяны
weather 19° Валожын
weather 18° Мядзел
weather 22° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.312
1 долар 1.9886
100 рас.руб. 3.1609
30.01.2017 17:01 ,

Рыгор Сарока: “Ведаю, што Ціхановіч перад смерцю тэлефанаваў маладзечанскаму епіскапу, каб той памаліўся за яго”

Аляксандр Ціхановіч падчас апошняга выступлення ў Маладзечне.

Дырэктар музычнага каледжа імя Міхала Клеафаса Агінскага Рыгор Сарока і Аляксандр Ціхановіч пасябравалі яшчэ з таго часу, калі музыкант быў навучэнцам маладзечанскага музычнага вучылішча.

– У той час (70-я гады) я быў загадчыкам аддзялення народных інструментаў,  – расказвае Рыгор Сарока. – Аляксандр Ціхановіч паступіў у музычнае вучылішча завочна на аддзяленні духавых і народных інструментаў, гэта быў выдатны тубіст. Ужо ў той час Ціхановіч быў знакамітым музыкантам, якога ведаў увесь Савецкі Саюз, гастролі па розных гарадах не спыняліся. Зразумела, што на сесію ён не заўсёды прыязджаў своечасова, дзеля яго пераносілі нават экзамены, залікі. Калі па іншых прадметах і былі праблемы, то тое, што датычыцца музыкі, здаваў на выдатна. Гэта была яркая, таленавітая асоба заўважная сярод астатніх.

Як адзначае дырэктар музычнага каледжа, калі б Ціхановіч не скончыў вучылішча ў Маладзечне, не змог бы ў далейшым атрымаць годную музычную адукацыю.

– Вучылішча стала добрай прыступкай для далейшага навучання, – разважае Рыгор Сямёнавіч. – Пасля яго заканчэння музыкант змог паступіць на духавое аддзяленне Беларускай кансерваторыі таксама на завочную форму.

“Сцэна забірала шмат сіл, але і падсілкоўвала”

Апошні раз даўнія сябры сустрэліся на закрыцці культурнай сталіцы ў Маладзечне, якое было летась у снежні. Рыгор Сарока адкрываў пачатак мерапрыемства, Аляксандр Ціхановіч і Ядвіга Паплаўская выступалі напрыканцы.

Рыгор Сарока падчас выступлення. Фота Наталлі Тур.

Рыгор Сарока падчас выступлення. Фота Наталлі Тур.

Фота Наталлі Тур.

Фота Наталлі Тур.

– Як аказалася, гэта быў яго апошні прыезд у Маладзечна, – з сумам расказвае Рыгор Сямёнавіч. – Бачна было, што ён вельмі схуднеў, стаў выглядаць старэйшым. Дрэнна сябе адчуваў, але трымаўся малайцом. Яго блізкае акружэнне ведала пра страшную хваробу, ён і сам неаднаразова расказваў, як лятаў на лячэнне. Аднак і хвароба не здолела адбіць жаданне выходзіць на сцэну, быць побач з прыхільнікамі, не развітвацца з музыкай. Мяркую, што сцэна забірала шмат сіл, але і падсілкоўвала станоўчай энергіяй. 

У студзені Аляксандр Ціхановіч удзельнічаў у канцэрце на ўручэнні прэміі “За духоўнае адраджэнне”, падчас якога ўзнагароду атрымаў Палац культуры ў Маладзечне і музей-сядзіба Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі. Пасля было выступленне на прэзідэнцкім балі.

Настасся Ціхановіч: “Ён хацеў заставацца на сцэне столькі, колькі гэта будзе магчыма”

– Свой апошні канцэрт 13 студзеня на прэзідэнцкім балі ён адпрацаваў, а 14 студзеня трапіў у бальніцу, – расказала аднаму з выданняў дачка артыста Настасся Ціхановіч. – Яму было вельмі цяжка ўжо 13 студзеня, і ўсе гэта бачылі. Але ён зрабіў усё, што змог.

Аляксандр Ціхановіч быў у шпіталі пад кіслароднай маскай амаль два тыдні, але ў тыя моманты, калі яе здымалі, стараўся ўсміхацца і спрабаваў падбадзёрыць родных, якія былі побач.

Артыст памёр а шостай гадзіне раніцы 28 студзеня ў рэанімацыі дзясятай гарадской клінічнай бальніцы Мінска.

Музыкант хварэў на аўтаімуннае захворванне лёгкіх – ідыяпатычны фібразуючы альвеаліт. Гэта даволі рэдкае захворванне, з якім жывуць тры-чатыры гады, музыкант пражыў з ім амаль сем. Тое, што артыст так моцна схуднеў за апошні год, – адна з праяў хваробы.

– Радыкальнага лячэння на сённяшні дзень не існуе, яго можна толькі тармазіць, чым мы і займаліся ўвесь гэты час, – распавяла Насця. – Год таму стан таты пагоршыўся, і ён таксама доўга ляжаў у бальніцы. Мы рабілі ўсё, што можна, ён ездзіў на лячэнне ў Германію. На жаль, ад захворвання немагчыма вылечыцца. Тата вельмі не хацеў, каб пра захворванне ведала шырокая грамадскасць. Таму мы не рабілі публічных заяў, не збіралі сродкі. Ён хацеў заставацца актыўным, быць на сцэне столькі, наколькі гэта будзе магчыма.

За Ціхановіча маліліся ў Маладзечне

Фота nn.by.

Фота nn.by.

Фота nn.by.

Фота nn.by.

Фота nn.by.

Фота nn.by.

– Пра тое, што Саша сышоў з жыцця, я даведаўся раніцай у суботу ад свайго вадзіцеля, – расказвае Рыгор Сямёнавіч. – Гэта навіна не была для мяне, як гром сярод яснага неба, я ведаў, наколькі дрэнна сябе адчуваў Саша. Як гэта не сумна гучыць, такі сыход хваробы можна было спрагназаваць. Ведаю, што напярэдадні таго, як Ціхановіч трапіў у бальніцу, ён патэлефанаваў епіскапу Маладзечанскаму і Стаўбцоўскаму Паўлу і сказаў: “Памаліцеся за мяне, бо мне вельмі дрэнна”. Ведаю, што службы ішлі ў маладзечанскіх цэрквах.

Рыгор Сарока не мог не развітацца з сябрам, прысутнічаў на памінальнай службе, якая была ў Мінску.

– Па тым, колькі прыйшло людзей, бачна, што гэта вялікая страта не толькі для блізкіх і сяброў, але і для ўсяго народа, – з сумам зазначае Рыгор Сарока. – Гэта і зразумела, яго многія любілі, цанілі. Ды і немагчыма было не любіць такога светлага чалавека. 

Даведка “РГ”. Туба – медны духавы інструмент.

Памяць пра артыста засталася ў музычнага каледжа імя Агінскага дзякуючы запісаным песням з маладзечанскім аркестрам.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце