weather 7° Маладзечна
weather 7° Вілейка
weather 10° Смаргонь
weather 7° Ашмяны
weather 8° Валожын
weather 7° Мядзел
weather 10° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4279
1 долар 2.1098
100 рас.руб. 3.2157
31.01.2017 10:18 ,

Сёння легенда маладзечанскага тэатра Барыс Донін адзначае 75 год: «Было жудасна, калі афіцэры аддавалі мне чэсць»

Фота: забяспечана Барысам Доніным.

Акцёру Мінскага абласнога драматычнага тэатра Барысу Доніну сёння спаўняецца 75 гадоў. Паважаны ўзрост, салідны жыццёвы досвед, усё такое.

Але калі мэтр завітаў да нас у рэдакцыю, у яго руках была торба са спартыўнай формай, бо пасля інтэрв’ю Барыс Ільіч накіроўваўся ў трэнажорку.

Легенда маладзечанскага тэатра садзіцца на крэсла і, круцячы ў руках новенькі айфон, пачынае расповед.

Я ўжо паўстагоддзя як Дзед Мароз

75-гадовы юбілей Барыс Ільіч адзначыць спектаклем  “Не такі, як усе”, які рыхтаваўся да 70-гадовага юбілею акцёра.

– Шчыра прызнацца, мне ўжо сорамна ў такім узросце іграць палюбоўніка. Але сёлета я ўпершыню ад свайго 50-гадовага юбілею адмовіўся ад новага спектакля. Па самых сціплых падліках, каб паставіць спектакль , трэба каля 10 000 дэнамінаваных рублёў. Непад’ёмныя грошы для тэатра. Цяпер жа ўсё дорага: матэрыялы для дэкарацый дарагія, касцюмы дарагія, рэжысёры дарагія, кампазітары дарагія і толькі акцёры бясплатныя. Таму вырашыў іграць “Не такі, як усе”. Хто захоча, прый­дзе, павіншуе.

Сёння Барыс Донін заняты ў сямі спектаклях для дарослых і ў трох для дзяцей.

У адным са спектакляў  “Свята для Санькі” Барыс Ільіч выконвае ролю ваўка.

– Я нават бараду адпусціў дзеля гэтай ролі. Ашалелі ўсе. Асабліва была незадаволеная жонка. Кажа: “Ты і так стары, а тут яшчэ гэта барада”, – смяецца акцёр.

Увогуле, трэба адзначыць, што Барыс Донін смяецца часта. Вось і тады, калі расказвае пра тое, як іграў Дзеда Мароза.

– Сёлета я адмовіўся ад ролі Дзеда Мароза. Жарты хіба з 1965 года быць у гэтай ролі. Ведалі б вы, колькі ў мяне Снягурачак было! Я не ўсіх і памятаю.

Калі быў у ваеннай форме, афіцэры аддавалі чэсць. Гэта было жудасна

– Калі адчую, што ў маіх партнёраў будзе спачуванне ў вачах, калі зразумею, што праз мяне тармозіцца творчы працэс, адразу напішу заяву.

Гэта Барыс Донін пра тое, што 75-гадовы юбілей усе ж час пад­водзіць пэўныя вынікі.

– Я тут пад­лічыў, што сы­граў 53 ро­лі. А акцёр залежыць ад узросту. Глядач, які прыхо­дзіць у тэатр, хоча бачыць свайго равесніка, нікому не цікавыя старыя. Я вось гляджу па тэлевізары на таго ж Зельдзіна.

100 гадоў чалавеку было, не жарты, а яго выводзяць на сцэну, быццам экспанат, мучаць. Я ні за што не хацеў бы такога лёсу.

Самыя любімыя ролі ў Барыса Ільіча – гэта ролі ваенных.

– Іграў у “Радавых” у народным тэатры, іграў у спектаклі “Пачатак”. Былі ў рэпертуары і генералы, і ветэраны вайны.

– Паехалі мы год таму на Курган Славы на Дзень Перамогі. Я ў форме ветэрана вайны, бо іграў ролю, з палачкай. Дык вось сапраўдныя афіцэры аддавалі мне чэсць. Гэта было жудасна.

Чаму любімыя ролі ваенных? Таму што перад вачыма быў прыклад бацькі, яго сяброў, якія прайшлі вайну.

А акцёрам стаў Барыс Донін у войску.

Камандзір надзяваў  на мяне гаршчок і вучыў дыкцыі

– На адным з мерапрыемстваў захварэў акцёр. А гэта катастрофа, што рабіць, хто будзе іграць. Камандзір ткнуў у мяне пальцам і сказаў: “Вось у гэтага луджаная глотка, хай ён паспрабуе”.

Пасля тыдзень Барыс Ільіч вучыўся гаварыць у гаршчок, каб голас гучаў. А пасля арміі вырашыў, што без тэатра жыць не можа, і пайшоў у тэатральны гурток пры Доме афіцэраў.

Але не толькі без тэатра, але і без спорту Барыс Донін жыць не мог.

– Па-першае, я закончыў фізкультурны інстытут у Смаленску, па-другое, уваходзіў у зборную вобласці і рэспублікі, ну, і па-трэцяе,  пасля арміі выкладаў вытворчую гімнастыку ў трэсце №14.

Барыс Донін прызнаецца, што і цяпер робіць зарадку штодня. Ходзіць у трэнажорную залу, у басейн.

– Я, бывае, гляджу на сваіх аднагодкаў, ды і на тых, хто маладзей за мяне на гадоў дзесяць: зморшчаныя, рукі трасуцца. Думаю, хіба я такі? А тое, што ўнутраны ўзрост не адпавядае ўзросту ў пашпарце, я мяркую па тым, што заглядваюся на жанчын. Такія прыгажуні! Думаю, эх, мне б скінуць гадоў 30.

На зламаную нагу падчас спектакля паставілі крэсла

Барыс Донін прызнаецца, што з жанчынамі і ў асабістым жыцці, і ў сцэнічнай, яму шчасціла. Партнёркі, прызнаецца, былі раскошныя.

І гэта пры тым, што аднойчы падчас спектакля, ледзьве не напалохаў актрысу Веру Кавалераву да смерці.

– Іграў я тады ў спектаклі  “Восем жанчын” гаспадара, які памірае. Калі Вера Кавалерава павінна была паглядзець на мяне зверху і сказаць пра тое, што мой герой памёр. Дык вось я перад спектаклем вымазаў твар у белы грым. Актрыса глянула і не можа зразумець, што здарылася, сапраўдны нябожчык ляжыць.

Розыгрышы, расказвае Барыс Донін, з’ява ў тэатры звычайная.

– Ігралі ў народным тэатры “Вяселле” Чэхава. Там застолле, усе справы. І вось акцёру, які павінны быў гаварыць першым, я замест вады, плюхнуў у келіх спірту. Паўза стаяла секунд 40…

Аднак быў у біяграфіі акцёра і спектакль, які закончыўся тым, што давялося выклікаць “хуткую”.

– Калі я працаваў дырэктарам дзіцячага лагера “Лясны гарадок”, нам прывезлі мэблю. Разгружаць не было каму, і мы сталі насіць яе разам з качагарам. І тут я сабе на нагу выпусціў шафу. Не ўтрымаў. Хаджу так некалькі дзён, а нага баліць. Глянуў, а яна чорная. Пералом чатырох пальцаў. Тут трэба было спектакль іграць. І падчас спектакля мне на гэту балючую нагу выпадкова паставілі крэсла. Я не памятаю, як дайграў спектакль, але як толькі выйшаў за кулісы, страціў прытомнасць. І на “хуткай”  ужо адвозілі ў бальніцу.

Калі ў арміі спыталіся імя маці, я не ведаў, што сказаць

Барыс Донін нарадзіўся ў Расіі, у Саратаўскай вобласці.

– Бяда ў тым, што я не ведаю сваю маці. Яна памерла пры родах. У мяне ад яе застаўся толькі ­адзін фотаздымак.

Маці Барыса Доніна была актрысай у Вілейскім тэатры. Падчас вайны іх з сям’ёй эвакуявалі ў Саратаўскаю вобласць, і толькі ў 1945 годзе бацька Барыса Доніна забраў сына ў Маладзечна, дзе застаўся жыць пасля вайны.

– Я калі ішоў у армію, у мяне спыталіся імя маці, а я не ведаў. Бацька ажаніўся ў 1948 годзе і пра сваю маму я з ім ніколі не гаварыў.

Барыс Донін, як кажа сам, пайшоў па слядах бацькі. Таксама, як і ён, быў жанаты тройчы.

– Я вось думаю, добра, што я небагаты чалавек, маім дзецям і ўнукам няма чаго дзяліць паміж сабой. Таму яны ўсе сябруюць, нягледзячы на тое, што жывуць і ў Беларусі, і ў Расіі, і ў Ізраілі.

Сёння Барыса Доніна можна ўбачыць не толькі ў тэатры і спартзале, але і на стадыёне. Барыс Донін і заўзятар, і футбольны каментатар са стажам.

– Футбол цяпер у Маладзечне не той. Я ж памятаю гады, калі наша каманда збірала поўны стадыён! Было і такое, што заўзятараў суткі не маглі разагнаць. Ігралі супраць Пінска. Суддзя нешта не так залічыў, і маладзечанцы прайгралі з лікам 0:1. Што рабілася на стадыёне! Суддзю давялося пераапранаць, хаваць і толькі на наступны дзень вывесці са стадыёна. Разарвалі б!

А яшчэ шкадуе юбіляр аб тым, што цяпер усе замяніў інтэрнэт.

– Я і сам цяпер рэдка чытаю кнігі, усё больш у інтэрнэце сяджу. А ўспамінаю дзяцінства. Печка трашчыць, ты сядзіш каля яе і чытаеш тры, чатыры гадзіны. 

На развітанне Барыс Донін сказаў:

– Не трэба ні пра што шкадаваць. І быць аптымістам.

А верыць мэтру ці не, справа кожнага.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце