weather 2° Маладзечна
weather 2° Вілейка
weather 9° Смаргонь
weather 2° Ашмяны
weather 7° Валожын
weather 2° Мядзел
weather 9° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.46
1 долар 2.1177
100 рас.руб. 3.2257
31.01.2017 16:07 ,

Яны былі ў машыне, у якой загінулі двое. Праз паўгода пасля гучнай трагедыі на “Лініі Сталіна” пра той дзень расказваюць сябры загінулых

Пасля аварыі прайшло паўгода, а ў Яўгена ( злева) у сацыяльнай сетцы да гэтага стаіць фота з Цімафеем.

Паўгода таму здарылася страшная аварыя, у якой загінуў мадэратар рацыі “Без тармазоў”  Цімафей Лісоўскі і Паліна Мусатава, дзяўчынка, якая разам з Цімафеем вярталася з летніка. 

Следчы камітэт завяршыў расследаванне той аварыі і вынес рашэнне: Цімафей заснуў за рулём.

На мінулым тыдні мы сустрэліся з сябрамі Цімафея і Паліны – Яўгенам і Янай Стасілевічамі, якія ў той дзень знаходзіліся ў той жа машыне. А таксама з іх старэйшым братам – Андрэем. Ён быў адным з першых, хто прыехаў на месца здарэння.

Я сеў на ўзбочыне і завыў уголас

У той панядзелак бацьку Яўгена, Яны  і Андрэя патэлефанаваў сваяк, які ехаў па трасе Мінск-Маладзечна і сказаў, што бачыў: у аварыю трапіла знаёмая яму машына.

– Мы сталі званіць на тэлефон Жэню. Ён быў недаступны. Сталі званіць Яне – трубку зняў нейкі мужчына. Мы з бацькам тут жа паехалі туды. Ведаеце, гэта была сама доўгая дарога ў маім жыцці. Бо ніхто толкам не мог сказаць, у якім стане мае брат з сястрой, хто там загінуў.

Калі Андрэй з бацькам прыехалі туды, “хуткая” ўжо была на месцы, Жэню і Яне аказвалі дапамогу. У Яны былі пераламаныя абе­дзве нагі, Жэня быў увесь у драпінах, парэзах, сіняках. Ад удару гітара, якую ён трымаў у руках, рассыпалася на дробныя аскепкі. Гэтымі аскепкамі Жэня параніў увесь твар.

– Я, – працягвае Андрэй, – пасля ўбачыў, што на камізэльцы Жэні, у якую ён быў апрануты тады, след ад рамяня бяспекі пакінуў апёк. Такой сілы быў удар.

Але гэта было пазней, а ў той момант Андрэй запомніў, як пачаў збіраць рэчы, сумкі, якія былі раскіданыя па ўсёй трасе.

– Я падумаў тады: не добра, машыны ездзяць жа, раструшчаць усе рэчы. Пачаў збіраць, а потым, калі да мяне дайшло, што на асфальце ляжыць мёртвая дзяўчынка, што за рулём так і заставаўся ся­дзець ужо не жывы Цімафей, я сеў на ўзбочыне і завыў у голас.

Самі Яна і Жэня момант аварыі не памятаюць.

– Апошняе, што я помню, як праехалі “Лінію Сталіна”. А потым – толькі рэанімацыю, – кажа Яўген.

Цімафей мяне называў Пушок

На старонцы Яўгена ў сацыяльнай сетцы да гэтага стаіць фотаздымак з лепшым сябрам Цімафеем.

– 25 студзеня Цімафею споўнілася б 22 гады. Збіраемся да яго на могілкі паехаць. А то я кожны дзень яго ўспамінаю, а на могілках так і не быў.

Сябравалі хлопцы з самага дзяцінства.

– З яго я браў прыклад, – расказвае Жэня, – ён хаця і малодшы за мяне, але больш шустры, дарослы. Цімафей мяне Пушком называў, бо ў мяне характар мяккі. Такіх  сяброў, як Цімафей, больш не будзе. Мяне бацька Цімафея заўсёды прасіў стрымліваць яго, бо ён быў вельмі актыўны. А калі на пахаванні розныя людзі гаварылі, што зрабіў для іх Цімафей, я думаю, тата Цімафея вельмі ім ганарыўся.

– А я Цімафея запомню, як чалавека, які вельмі гучна спявае, – далучаецца Яна. – Помню, мы з сяброўкай былі на вуліцы, вокны ў нас былі зачыненыя, а Цімафей у пакоі іграў на фартэпіяна і вельмі гучна спяваў, так, што было чутно на вуліцы.

Прычына аварыі – стомленасць

Афіцыйны прадстаўнік Следчага Камітэта па Мінскай вобласці Таццяна Беланог расказала: следства прыйшло да высновы, што аварыя адбылася, бо Цімафей кіраваў машынай у стомленым стане.

– Падчас расследавання прычын аварыі былі праведзеныя розныя экспертызы. Падрабязна вывучалася і месца здарэння, і тэхнічны стан аўтамабіляў, і ці была магчымасць у ва­дзіцеля другой машыны зрэагаваць на дарожную абстаноўку і прадухіліць аварыю. Праводзілася і судова-медыцынская экспертыза. Усё паказала на тое, што вадзіцель парушыў правілы дарожнага руху і выехаў на сустрэчную паласу з-за таго, што кіраваў аўтамабілем у стомленым стане.

“Руль зламаўся аб Цімафея»

Сябры ўспамінаюць, што апошнія дні Цімафей адчуваў сябе вельмі кепска, таму не выключалі і таго, што аварыя магла здарыцца з-за сардэчнага прыступу.

– Напярэдадні здарэння, за тыдзень да таго, у Цімафея на вачах патануў  яго сябар. Цімафей спрабаваў яго выратаваць, але не змог.

– Таму на ім твару апошнія дні не было, – расказвае Яўген. – Ён моцна перажываў.

У дзень аварыі кампанія вярталася з палатачнага лагера.

У машыне спала толькі дзяўчынка Паліна. Яна загінула імгненна.

Цімафей жа пасля аварыі яшчэ ўздыхаў.

– Я адзін з першых быў, хто падыходзіў да машыны, – кажа Андрэй, – у Цімафея на каленях ляжаў тэлефон, дык яго ўціснула ў метал машыны, там ён і застаўся. Я так зразумеў, што і руль зламаўся ад удару аб Цімафея. Сумка, помню, стаяла пад крэслам, дык яе ўціснула так, што сядушку давялося здымаць. Кола левае пярэдняе было аж пад заднім сядзеннем.

– Цімафей на работу ў той дзень спяшаўся, – кажа Яна. – Яму трэба было ў восем раніцы быць на працы. А я напярэдадні гэтага здарэння сфатаграфавалася з Палінай. І фотку падпісала: “А заўтра, хто яго ведае, што будзе заўтра”.  (Яна злева)

– А ў мяне 30 ліпеня быў дзень нараджэння, – кажа Яўген. – Цяпер іх, відаць, у мяне два. Ударылася б машына крыху правей…

– Я цяпер дакладна ведаю, што трэба кожны дзень жыцця цаніць, – кажа Яна. – Хто яго ведае, што будзе заўтра. 

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце