weather 7° Маладзечна
weather 7° Вілейка
weather 8° Смаргонь
weather 7° Ашмяны
weather 8° Валожын
weather 7° Мядзел
weather 8° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.5041
1 долар 2.0256
100 рас.руб. 3.2925
04.02.2017 20:49 , AЎТАР(Ы): Віктар ШУКЕЛОВІЧ, belsat.eu

Google знайшоў гэтае слова ў інтэрнэце толькі адзін раз, а яно жыве ў нашым рэгіёне

У Жупранах.

Гісторыя пра цікавае слоўца з вёскі, на якое ў горадзе круцяць пальцам ля скроні.

Бабка Зося з нашай вёскі распусціла ўсю гаспадарку – прадала каня і карову, трох авечак, з парсючка нарабіла кілбас, вантрабянак ды паляндвіц, а куры самі некуды зніклі. Не мела ўжо сілаў нічога трымаць у свае 78 – жыла адна, дзеці выехалі ў горад, але найгорш перашкаджала гаспадыні калена – зусім не гнулася, распухла і часта балела.

Дзеці завезлі бабку Зосю падлячыцца ў шпіталь у Менск. Бабка – асоба надзвычай кантактная – у лякарні пачала адразу з усімі знаёміцца ды пераказваць вясковыя гісторыі.

Найбольш любіла бабка Зося аповеды пра каханне – «хто, калі, як і з кім любіўся». Гэтак сталічныя дактары і пацыенты мелі магчымасць паслухаць гісторыю, якая адбылася шмат гадоў таму ў вёсцы пад Ашмяною.

– Быў неяк пасля вайны адзін хлопец добрага роду, са шляхты. І пачаў ён хадзіць да адной мужычкі, але надта з твару харошай. І моцна ён кахаўся, але матка ягоная надта не хацела, каб ён мужычку ў хату прывёў. Узяла сякеру, прынесла, паклала перад ім на парог і будзе казаць: «Сячы матцы ў галаву альбо грудзі, але не бяры мужычкі». Той хлопец мусіў маткі слухацца, бо раней з гэтым строга было, не цяперака, што дзеці бацькоў нагамі піргаюць. Але прайшло троху часу, і матка тая памярла. І хлопец думаў ужо ў сваты да сваёй прысухі ехаць, але той ужо ў галаве ўсё паперастаўлялася, бо пачалі калхозы рабіць, і яна ўжо думала, каб лепей замуж выйсці за якога прадсядацеля.

І выйшла за брыгадзіра, трое дзяцей у іх было, а хлопец той, які гэдак кахаўся, так і астаўся адзін бабылём, распіўся, сцягаўся, хадзіў у нейкіх лахманах парваных, карэлых.

А ўжо тая мужычка ў магазін у вёсцы пайшла працаваць. А хлопец усё адно прыйдзе такі ўчарнелы, заслініўшыся, да магазіна, стане пад акно і паглядае цішком, каб хоць троху мілай палюбавацца. Так ён па гэтай кабеце млеў, так міжджэў, каб хоць хвіліну на яе паглядзець.

Калі бабка Зося вярнулася дахаты, то расказвала ў вёсцы, што дакторкі ды іншыя пацыенты часам круцілі пальцамі каля скроняў на ейныя словы.

Помнік Францішку Багушэвічу ў Жупранах.

Помнік Францішку Багушэвічу ў Жупранах.

– Бабушка, а вы по-белорусски говорите? Что-то не верится. А что это значит «міжджэць»? – пыталіся ў менскім шпіталі.

А бабка адказвала:

– Але, пэўна, чыстае беларускае слова гэна, такое вясковае проста.

– Падурнелі людзі ўжо ў тым Менску, – цішком, каб ніхто не пачуў, прызнавалася мне па сакрэце бабка Зося. – Ужо ніяк ім не дагодзіш… Найлепей то сядзі, маўчы і не адгукайся, то яшчэ, можа, цябе неяк сцерпяць.

«Міжджэць» – роднае слоўца як для бабкі Зосі, гэтак і для мяне, сотні разоў чутае ад мясцовых людзей у маіх Жупранах. «Аж міжджэў, каб у госці да свата заехаць», – могуць так сказаць. Альбо: «Аж міжджэла дзяўчына на танцы ісці». Яно дапамагае акрэсліць вельмі вялікае жаданне: «міжджэць» – вельмі хацець.

Фіксуе гэтае слоўца Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча. Даследнікі пачулі «міжджэць» у вёсцы Малі Астравецкага раёну і далі яму тлумачэнне як «карцець».

Слоўнік падае прыклад ужывання гэтага слова таксама ў любоўным кантэксце: «Аж міжджыць – як хоча жаніцца, так хацеў яе браць».

Google ва ўсім сеціве знайшоў гэтае слова толькі адзін раз – у Інтэрнэт-слоўніку расейска-беларускіх адпаведнікаў Алега Мінкіна. Там «міжджэць» тлумачыцца як «патрабаваць нешта ныццём». І сапраўды, дзіця, да прыкладу, можа міжджэць, каб яму далі ласунак або завезлі на беларускамоўны ранішнік у Менск.

«Міжджэць» – гэта, безумоўна, прадаўняе нашае слова, якое мае балцкае паходжанне. Можа, жупранскае «міжджэць» мае супольнае паходжанне з сучасным літоўскім «myžčioti – падсікваць, сікаць малымі порцыямі». Магчыма, некалі словаў з балцкім радаводам было ў Жупранах і болей, але іншыя старыя выразы прызабыліся, а такое, падавалася б, слова нізкага стылю засталося.

«Міжджэць», пэўна, прынеслі ў Жупраны шматлікія стагоддзі таму назад паўдзікія індаеўрапейскія плямёны. А цяпер іх паўтарае бабка Зося, едучы на абед бульбяныя аладкі.

– Некалі дачка меншая ўсё міжджэла, каб я ёй такіх аладак нарабіла, а цяпер адвыкла зусім, выядае ў горадзе свае гарадскія мігдалы…

І крэкча бабка Зося ў астылай хаце, шэпча свае пацеры, соўгаецца па пустых пакоях у самоце, слухае, ці дзе не зазвініць муха. І нават тая ці то лянуецца, то то хварэе, зашыўшыся недзе пад столь, але зусім не звініць.

– А ён жа так апусціўся, зарос, каўтун у галаве, нават смярдзела ад яго,

– узгадвае яна даўнейшую гісторыю пра няшчаснае каханне шляхціча. – А так жа кахаў тую прадавачку, аж свяціўся, калі яе бачыў. От жа моцнае каханне якое бывае!

Бабка Зося ўздыхае. А я гадаю, пра што міжджыць ейнае сэрца. Жанчына адварочваецца ды раптам кажа:

– Ай, дурная тая дзеўка была, што за брыгадзіра пайшла. Дурная я была, мазгоў ні каліва не мела…

Віктар Шукеловіч, bielsat.eu.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце