weather 7° Маладзечна
weather 7° Вілейка
weather 8° Смаргонь
weather 7° Ашмяны
weather 8° Валожын
weather 7° Мядзел
weather 8° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.5041
1 долар 2.0256
100 рас.руб. 3.2925
18.04.2017 11:41 , AЎТАР(Ы): Аляксандра ПАРАХНЯ

Раздражняе смецце? Далучайся да акцыі “Зробім!”

Фота: gazetairkutsk.ru.

З кім з нас не было такога: ідзеш па парку ці лесе, ці ўздоўж ракі – так прыгожа і хораша! Толькі вось смецце пад нагамі псуе ўсю гармонію. Здаецца, і прыбраць яго не складана, але ж аднаму такую тэрыторыю не ахапіць.

Менавіта для тых, каму смецце рэжа вока ў горадзе і па-за яго межамі, і былі прыдуманыя акцыі ў межах руху “Зробім!”.

“Зробім!” – частка сусветнага руху Let’s Do It!, які аб’ядноўвае 113 краін і 16 мільёнаў валанцёраў. У яго межах ладзяцца акцыі па прыбіранні смецця – у Беларусі яны праводзяцца ад 2012 года. Сёлета бліжэйшы дзень агульнай прыборкі па ўсёй краіне – 22 красавіка. У гэты ж дзень разам з беларусамі прыбіраць сваю краіну будуць жыхары Літвы, Латвіі, Харватыі, Босніі і Герцагавіны.

Як стаць удзельнікам?

Акцыі “Зробім!” прывабліваюць сваёй прастатой – далучыцца да іх можа кожны.

Можна зарэгістравацца ў якасці арганізатара. Для гэта трэба знайсці месца ў вашай мясцовасці, дзе шмат смецця, вызначыць час і месца збору валанцёраў і занесці гэту інфармацыю ў агульны спіс на сайце. І далей пры дапамозе сацыяльных сетак і ўласных кантактаў збіраць ахвотных далучыцца да вас.

Калі вы не хочаце браць на сябе ролю арганізатара, то можна далучыцца ў якасці ­ўдзельніка.

На сайце вы знойдзеце спіс запланаваных прыборак. Знайдзіце найбліжэйшую да вас і звяжыцеся з арганізатарам. Сачыце за інфармацыяй – чым бліжэй да акцыі, тым больш аб’яў пра актуальныя прыборкі бу­дзе з’яўляцца. На сайце вы таксама зможаце знайсці інфармацыю аб тым, як падрыхтавацца да прыбірання і правільна арганізаваць яго.   

У 2017 годзе “Зробім!” не абмяжоўваюцца акцыяй 22 красавіка. Чарговыя прыборкі будуць ладзіцца цягам года, а закрыецца сёлетні сезон 30 верасня.

Арганізатары зазначаюць, што хочуць адысці ад традыцый суботнікаў, якія часта бываюць абавязковымі і выклікаюць хутчэй негатыўныя асацыяцыі. Таму задача “Зробім!” – цікавыя і прывабныя акцыі, падчас якіх прыборка будзе ўспрымацца як свята.

Наш рэгіён – сярод актыўных удзельнікаў

Усебеларускія акцыі “Зробім!” не абмінулі і наш рэгіён.

– Летась актывісты прыбіралі ў Маладзечанскім, Валожынскім і Смаргонскім раёнах, таксама ў Ашмянах, каля курортнага пасёлка Нарач і ў ландшафтным заказніку “Сарачанскія азёры”, – прыгадвае каардынатар валанцёраў Надзея Дубоўская.

– Усяго ў вас прайшло каля 10 прыборак. Ужо вядома, што сёлета актывісты зноў збяруцца ў Нарачы і на Сарачанскіх азёрах.

Рэгістрацыя будзе пачынацца да 22 красавіка. Але арганізатары раяць не адцягваць яе на апошнія дні: чым раней вы зарэгіструецеся, тым больш будзе часу, каб сабраць ахвотных і разрэкламаваць акцыю. Важна таксама адразу вызначыцца з месцам прыбірання – каб іншыя ведалі, якое месца ўжо занятае.

– Сітуацыя ва ўсіх рэгіёнах падобная, – кажа Надзея Дубоўская. –  Вуліцы досыць чыстыя, але калі зазірнуць у зялёную зону, можна натрапіць на раскіданае смецце і нават цэлыя звалкі.
На жаль, у пераважнай большасці гэта наступствы “культурнага” адпачынку людзей.

Праблемы дадаюць дачнікі. У лясах каля дачных кааператываў часта можна пабачыць несанкцыянаваныя звалкі, куды на працягу многіх гадоў скідваюць смецце замест таго, каб цывілізавана наладзіць яго вываз.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце