weather 14° Маладзечна
weather 14° Вілейка
weather 17° Смаргонь
weather 14° Ашмяны
weather 13° Валожын
weather 14° Мядзел
weather 17° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4849
1 долар 2.0077
100 рас.руб. 3.2908
26.12.2017 09:00 , AЎТАР(Ы): Зоя ХРУЦКАЯ

Свеціць Нобелеўская, але паслядоўнікам. Язэп Сцепановіч з Вілейшчыны – доктар біялогіі, які ладзіў пікет за “Пагоню” і бел-чырвона-белы сцяг

Язэп Сцепановіч.

Доктарскую дысертацыю ён абараніў па-беларуску. Ведаеце, па якой тэме? “Сінтаксанамія й сіндынаміка лугавой расліннасці Беларусі”. Гэта быў першы выпадак, калі абаронена беларускамоўная праца ў прыродазнаўчай галіне. А ў дысертацыі адну главу навуковец напісаў лацінай – для зручнасці і таму, што палічыў гэта правільным.

Гэта навукоўца, які распрацаваў уласную сістэму напісання лацінай. Спрычыніўся да вырашэння праблемы тэхнагеннага, у тым ліку радыяцыйнага, забруджання прыродных экасістэм, а таксама цыркарыёзу, ці каросты, на Нарачы. Улучыўся ў развязанне глабальнай навуковай праблемы – стварэння сістэмы раслінных супольніцтваў. Гэта Язэп Сцепановіч, які нарадзіўся ў сям’і калгасных работнікаў у Лыцавічах Вілейскага раёна.

Бацька таптаў медалі за вайну

Міхаіл Іосіфавіч, бацька Сцепановіча, быў інвалідам вайны, з сям’і рэпрасаваных. Жорстка ненавідзеў савецкую сістэму. Меў шмат медалёў за вайну – За адвагу, За ўзяцце Кёнігсберга і іншыя –  і таптаў іх.

У 1939 годзе бацьку забралі ў Чырвоную армію. Накіравалі ў Брэст будаваць аэрадром. Там і застала вайна. Ён некалькі сутак быў са зброяй у адной бялізне, нічога не выдавалі. Пасля прыйшоў загад адступіць.

Падчас адступлення і налёту варожай авіяцыі параніла, ледзь не адрэзалі руку, але не даўся: “Хоць цыгарэту трымаць і гузік зашпіліць пакіньце”. Было яму 27 год.

Трапіў у нямецкі палон, збег, мусіў хавацца. Ваяваць не хацеў ні на якім баку.

Чаму бацька ненавідзеў савецкую ўладу

У 1937 бальшавікі расстралялі брата бацькі Якуба ў Маскве. У 1917 го­дзе апантаны ідэямі са­цыял-дэмакра­тыі  Якуб у Лыцавічах змовіўся, каб ляснік перавёў праз мяжу фронту ў суседнюю вёску. Пасля апынуўся ў Пецярбургу, удзельнічаў у бальшавіцкім перавароце.

– Пераехаў у Маскву, быў кіраўніком прадпрыемства, і нарэшце арыштоўваюць яго як польскага шпіёна. А ён пісаў такія пранікнёныя з бальшавіцкім зместам лісты, такія патрыятычныя – “вернемся, прыйдзем, наладзім, справядлівасць”, – прыгадвае дзядзьку Язэп Сцепановіч.

Якуб ажаніўся з дзяўчынай з Раслаўля Смаленскай вобласці. І калі схапілі, сказаў жонцы: “Наладжвай ўласнае жыццё і любым чынам захавай дачку”. Жонка вярнула дзявочае прозвішча Харошава сабе і дачцэ Люсі, але замуж так і не выйшла, шануючы памяць каханага.

Да вайны бацька з братам Мікандрам арганізавалі справу. Была ў іх у Лыцавічах кузня, майстэрня, рабілі збрую, куратнікі, брычкі, пасля прадавалі ў краме. А таксама соль, запалкі і іншыя жыццёва неабходныя рэчы і харчы, што закуплялі ў Вільні.  Туды ездзілі на сваіх конях. Іх было некалькі: цяглавыя для працы і гасцёвыя, ці парадныя. Як прыйшлі саветы – усё мусілі здаць. Мікандра пайшоў працаваць на спіртзавод у Свіра, а бацька загрымеў у войска і на вайну.

Міхаіл не мог вярнуцца з савецкага войска дадому, і без рукі пайшоў у партызаны ў брыгаду Суслава. Пра партызанаў казаў неадназначна. Што былі і нармальныя, але вайскоўцы здалёк змушалі не шкадаваць мясцовых жыхароў.

Свае ж разумелі, што рана ці позна прыйдзецца вяртацца.

– Таму, атрымаўшы заданне, напрыклад, забіць старасту, ішлі да сяброўкі, салам запасуцца, пагушкаюцца – і назад, кажуць, што не засталі, – перадае расказы бацькі суразмоўца. – Бацька не баяўся ніякіх пасадаў, меркаваў, што не было чаго губляць. Бачыў гэту сістэму ў корані, як яна нараджалася, як вылузвалі з гразі ў князі. Было прэстыжным мець батрацкае паходжанне. А мае бацькі маўчалі, каб не ўсплыло “кулацкае” мінулае ды глыбей, што дзед прыехаў з Вільні і купіў тут зямлю. Бацька скончыў Віленскую польскую гімназію, і свядомасць з-за гэтага ў яго была польская, думаў па-польску. Памёр, калі я быў на першым курсе педінстытута. І маю беларускасць напоўніцу і адраджэнскую дзейнасцць не пабачыў. Пры ім толькі пісаў лісты дамоў, свае дзённікі і складаў першыя вершы.

Язэпа назвалі ў гонар дзеда. Маці Алена Мікалаеўна, як прыйшла ў дом бацькі знаёміцца, спужалася свякрухі Ганны. Казала, тая сядзела насупіўшы, суровая, цёмная, аж калені задрыжэлі. А зайшоў свёкар – як рукой зняло, такі лагодны. Менавіта ён даў дабро на шлюб.

Дом, у якім нарадзіўся Язэп, згарэў ад маланкі, як яму годзік быў ці два.

– А ў Лыцавічах хата на хаце, так эканомілі зямлю, і ў пажар згарэла адразу некалькі дамоў. Тады бацька купіў дом у Шляпах, за пяць кіламетраў.

Кінуў курыць у чацвертым класе

З бацькам шчыльных  кантактаў Язэп не меў, хаця той і ні разу не адлупцаваў. Але ў пакараннях удзельнічаў. Калі хто з чатырох братоў правініцца і не прызнаецца, бацька ўсіх ставіў на калені на шурпатую падлогу, рукі ўгору, а калі яны апускаліся, лупіў дзягай. І так пакуль не прызнаюцца.

Язэп хадзіў у тры школы – Спягельскую пачатковую, пасля Чурлёнскую на радзіме, а выпускаўся з Сырмежскай. У школах таксама каралі. Некалі ўвесь урок стаяў перад класам, падняўшы “Арыфметыку”, на якую выпадкова разліў чарніла малодшы брат Віця. За правіннасці білі лінейкай па руках ці круцілі за вуха.

– Адзінае, чым добрая гэтая жорсткасць, – што перастаў я курыць, – кажа Сцепановіч. – Калі пачаў, не памятаю, а кінуў у чацвертым класе. 60-я гады, грошай не было. Мы кралі з-пад курэй яйкі і заносілі ў краму. За тры яйкі – пяць пачак цыгарэтаў “Мохорочні”, унутры са стрыжнем, і карабок запалак. У зямлі рабілі траншэі, дзе хавалі запасы. А на вялікім перапынку ў драўляным туалеце на вуліцы курылі. Аднойчы дырэктар прыбегла, убачыла, спыніла ўрокі, сабрала экстранную лінейку і мяне: “Стараста класа, твар калектыву…” І ручной машынкай для стрыжкі валасоў школьны заўгас прастрыг на галовах праказнікаў палоскі, а бацькам перадалі запіску. Я думаў, бацька мяне струшчыць. А ён дастаў сваю асьмушку з махоркай – курыце, каб аж млосна стала. Не, тата, мы ж не курым. Як адрэзала з таго часу ад гэтай выключна непатрэбнай і шкоднай забавы.

Прырода зачаравала

– Я тут з вуліцы ўварваўся ў навуку і акадэмію, – дзеліцца навуковец. – У дзяцінстве захапляўся разнастайнасцю прыроды. Яна мяне чаравала. Рабіў прышчэпкі раслін. Гэта механічнае скрыжоўванне, галінка аднаго дрэва мацуецца да іншага. Спрабаваў прышчапіць рабіну да асіны, не ведаў, што можна працаваць з раслінамі толькі аднаго роду, а лепш – аднаго віду. У нас былі нясмачныя слівы, а ў суседзяў сакавітыя жоўтыя.

Прышчапіў – і ўдаліся. Цягнуў рознае з лесу, што пад полагам дрэў расце. Мама вылучыла цэлую ляху ў агародзе. Бацька спачатку быў супраць – займаў каштоўныя і абмежаваныя соткі. А калі пачаліся поспехі, і у вёсцы далі мянушку Аграном, дазволіў працягваць.

На прышчэпленай галінцы расце плод такі самы, адкуль бярэцца чаранок, тая ж сліва, толькі крыху адценне смаку мяняецца, усё ж жывіцца іншым сокам.

У старэйшых класах настаўніца біялогіі з’язджала на курсы павышэння кваліфікацыі ў Мінск, і замяняць яе даручыла нікому іншаму – Язэпу як старасту. Паўтара месяца настаўнічаў ён. Спачатку аднакласнікі спрабавалі хуліганіць, а затым нічога. Вярнуўшыся, настаўніца не выправіла ніводнай выстаўленай ім адзнакі.

“Нікому не кажы, што паступіў”

Паступаў ва ўніверсітэт Язэп таемна. Набраў дакументаў, прыйшоў у педінстытут – і на падрыхтоўчыя курсы. Здаў іспыты лепш за ўсіх на патоку, “4” толькі за сачыненне атрымаў. Старшыня камісіі прафесар Гурскі  на заключным сумоўі так і сказаў: “Вяртайся дадому і кажы бацькам, што ты – студэнт”.

– Калі паведаміў маме, яна адрэагавала так: “Дзіцятка, ты ж не кажы нікому, ну, куды там Міхаськовым дзецям. Скажуць, што кумпякі вазілі ці нейкія родзічы паклапаціліся”. Рэпутацыя ў бацькоў была слабенькай – тата пастух  і вартаўнік, а ён жа не афішаваў, што да саветаў і краму меў, і быў чалавекам, а цяпер ніхто. Раптам бы хто накапаў іх мінулае, ды яшчэ пра расстралянага брата. Мама працавала з татам на ферме. Мы занятыя гаспадаркай былі, касілі, працавалі ў полі, а так хацелася ў футбол пагуляць.

Нават прасіў бацькоў, каб аддалі ў інтэрнат – так мне хацелася вучыцца.

Бацька спакойна ўспрымаў, што мяне настаўнікі ў прыклад ставяць. Мама плакала, як прыходзіла з бацькоўскага сходу – надта хвалілі. А школу закончыў толькі з пахвальнай граматай, паставілі некалькі чацвёрак – я ж не сын старшыні калгаса.

Экалагічныя даследаванні расліннасці Палесся, 2011 год.

Экалагічныя даследаванні расліннасці Палесся, 2011 год.

Аднойчы ў школе хлопчыку расказвалі пра апошняга пана з Чурлёнаў, Вайноўскага. Язэп перадаў пачутае тату, што такі пан быў жорсткі, сялян мучыў. Бацька як усхапіўся: “Каб я не чуў гэтага! Настаўніца твая нічога не ведае! Каб вярнуўся той пан, я яму ў мяккае месца пацалаваў бы”.

Язэп толькі ў старэйшых класах зразумеў, чаму бацька так злаваў на савецкую ўладу:

– Адно гавораць, другое думаюць, а трэцяе робяць. Здаецца, такія справядлівыя лозунгі савецкія, а што на справе?

Па размеркаванні выпускнікоў інстытута Язэп ішоў сярод першых. Паралельна скончыў факультэт грамадскіх прафесій, атрымаўшы спецыяльнасць інструктара турызму і кіраўніка танцавальнага калектыву. Пяць год займаўся ў ансамблі народнага танца “Вяснянка”. У Вілейскім РАНА, куды размеркавалі, накіравалі адразу дырэктарам Вілейскага раённага дома піянераў і школьнікаў. Неўзабаве паклікалі аддаць доўг Радзіме. Пасля арміі будаваў кар’еру ў навуцы. Штуршком сталі як захапленне біялогіяй, так і навуковыя поспехі ў студэнцтве – двойчы стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу студэнцкіх навуковых працаў, займаў першае і другое месцы.

Лаціну прыдумаў сам

– Бацька браў на кірмаш у Вільню, там пачуў, як літоўцы гавораць. Гэта мяне так узрушыла – яны ж таксама ў Савецкім Саюзе, чаму размаўляюць па-свойму, а нашы, як ідуць да старшыні, пачынаюць патураць: “Здрастуйця, таварышч прадсядацель…”. Можа справа ў тым, што пішуць на лаціне? І ў школьнай сценгазеце напісаў загаловак на лаціне. Раніцай адразу да дырэктара: “Хто падказаў, хто навучыў?”. Кажу, сам прыдумаў. Зрабілі мяне ледзь не шпіёнам. А я ж думаў, што калі пісаць на лаціне, беларуская мова адразу стане прывабнай. І тады нават не ведаў, што некалі ў нас была свая лаціна, ні пра сцяг, ні пра герб не ведаў. І бацькі не казалі ні слоўца.

Сцепановіч пайшоў далей. У пачатку 90-х надрукаваў распрацаваны ім сучасны варыянт беларускага лацінаграфічнага пісьма, якое назваў абэцэды. У гэты час пра лаціну ўжо ведаў, але карыстаўся сваёй.

– Я ўніфікаваў яе, выкарыстаў увесь патэнцыял лаціны. Увёў асобныя літары для “дж” і “дз”, у якасці “х” прапаную ікс – “х”. А ёсць жа Тэхас і Мехіка, хаця пішуцца праз ікс. Чаму б не выкарыстаць гэтую лёгкую літару? Зняў польскае “ł”, прапанаваў мяккасць паказваць знакам націску зверху. На навуковай радзе Інстытута мовазнаўства абмяркоўвалі мой артыкул у акадэмічнай газеце “Навіны Беларускай акадэміі” і прапанову  ўспрынялі ста­ноў­ча, але палічылі, што гэта пакуль заўчасна ўводзіць.

Яшчэ тады хацеў, каб на лаціне афармлялі пашпарты – было б так рацыянальна і эканамічна. Пазней прынялі некаторыя прапановы. Цяпер ёсць афіцыйная беларуская лацінская графіка. І ў транспартнай сферы Менска яна практыкуецца, дзе ў прыватнасці, уніфікавана мяккасць зычных, знята крэска з “l”. А як зручна замежнікам арыентавацца цяпер у метро!

Мяркую, яшчэ прыйдзе час майго варыянту цалкам. Цяпер вельмі зручны момант для рэфармавання мовы, калі ёй карыстаецца мінімум грама­дзян. Я гутарыў пра гэта з прафесарам Лонданскага ўніверсітэта Дж. Дынглі, які распрацаваў англійска-беларускі слоўнік юрыдычных тэрмінаў. У 1992 годзе ён выступаў у Прэзідыуме акадэміі на канферэнцыі. Выйшаў – і як ён па-беларуску шпарыць! А нашы акадэмікі па-расейску. Усе праглынулі. Пры размове сказаў, што наша мова семантычна дакладная, а фанетыка і марфалогія амаль адпавядаюць. У той час як у тых жа англічан трэба ведаць два варыянты – як пісаць і як чытаць.

Калі выкладаў ў педуніверсітэце па-беларуску, калегі казалі: “Что вы козыряете, что вы хотите этим доказать…”. А ў студэнтаў праблем не было ніякіх. Толькі пыталіся, на якой мове адказваць ім. Казаў, на якой зручна, абы прадмет ведалі.

Падчас даследаванняў расліннасці возера Нарач, 2005 год.

Падчас даследаванняў расліннасці возера Нарач, 2005 год.

Замахнуўся папраўляць аўтарытэтаў

– У мяне паўсюль парадак, бо люблю сістэму, я і ў навуцы распрацоў­ваю сістэму раслінных супольніцтваў, або фітацэнозу. Гэта сусветная задача, архіскладаная. Спрабую, разграбаю, ужо “свеціць Нобелеўская” (жартуе – “РГ”). Толькі не мне, а паслядоўнікам. Замежныя калегі заўсёды здзіўляюцца, як мы такіх вынікаў дасягаем з нікчэмнай тэхнічнай базай.

Навукоўца ўдакладняе:

– Я знайшоў хібы і паправіў і савецкую дамінантную і замежную эколага-фларыстычную сістэмы класіфікацыіі. Ніхто не адважваўся – як жа аўтарытэтаў папраўляць.  Пачаў з кандыдацкай дысертацыі, якая тычылася расліннасці басейна Віліі. Гэта было недазволена – нейкі там аспірант ламае навуку. Казалі, абараніся, пасля ўсё мяняць будзеш. Але я не мог з гэтым пага­дзіцца. Першы апанент даў адмоў­нае заключэнне, другі накалупаў хібаў на 15 старонак, але нічога істотнага. Хацеў, каб усё было бездакорна. Абараніўся я з помпай.

Усе прагаласавалі “за”, хаця ішоў 1988 год, а я ўжо быў нефармал і засвяціўся ў БНФ.

Падчас ландшафтна-экалагічных курсаў у Грайфсвальдскім універсітэце ў Германіі ў 1998 годзе разам з нямецкімі навукоўцамі вывучалі торфаўтваральны патэнцыял балота ў даліне ракі Трэбэль. Торф назапашваецца па міліметры за год з парэшткаў раслін, пераважна сфагнавых імхоў. Сабралі некалькі узораў, распазналі, а з аднаго імха змаглі вызначыць толькі род. Від вырашылі вызначыць у лабараторыі. Аднак і там не атрымалася.

Паехалі назад за 72 кіламетры на роварах шукаць дадатковыя ўзоры, каб вызначыць від. Там навукоўца зразумеў, што такое нямецкая педантычнасць.

– Доктарскую дысертацыю напісаў па-беларуску, як і ўсе свае працы. Казалі, хаця б аўтарэферат напішы па-руску, бо водгукаў не атрымаеш. Я не здаўся. І нават цэлую главу напісаў з выкарыстаннем лаціны. Усе тапонімы былі “Полацак, Слуцак, Менск, Берасце” і гэтак далей. Мы, як і медыкі, карыстаемся лацінскімі найменнямі. Гэта было вельмі арганічна ў кантэксце беларускай лаціны. Вядома, хваляваўся, але разаслаў. Прыслалі 30 водгукаў – больш, чым камусьці ў гісторыі. 16 з іх – замежныя. Навукоўца з Прыбалтыкі дапісала: “Якая зразумелая і, відаць, мілагучная, беларуская мова”. Дырэктар Інстытута і старшыня Рады па абароне дысертацый, акадэмік В. І. Парфёнаў кажа, трэба спыніць, бо будуць праблемы. Адказваю, што падстаў няма. Урэшце абараніўся… праз 2 гады. І зноў паспяхова. Толькі праз штучныя перашкоды.

Выратавалі Нарач ад цыркарыёзу

Амаль усе праекты навукоўца маюць практычны выхад. Напрыклад, у Беларусі збіраюцца рабіць струнную дарогу ад Дукоры да Мар’інай Горкі. Эколагі абследавалі пляцоўку на прадмет будаўніцтва і далі заключэнне. Вырашылі, што там удалае месца, будзе нанесены найменшы ўрон мясцовым экасістэмам.

У Нацпарку “Нарачанскі” была праблема цыркарыёзу, ці каросты. Узбуджальнікі – дробныя арганізмы, што маюць вялікі цыкл развіцця. Спачатку яны ў смаўжах, пасля ў кішачна-страўнікавым тракце вадаплаўных птушак, якія ядуць смаўжоў. Затым з іх фекаліямі лічынкі трапляюць у ваду і сутыкаюцца з іншымі арганізмамі, у тым ліку людзьмі. У чалавеку яны не знахо­дзяць апірышча, але выклікаюць сверб і па­чырваненне.

У гэтым даследаванні ўдзельнічаў Сцепановіч. Калі абследавалі, зразумелі, што цыркарый развіваецца ў цёплай вадзе, на мелкаводдзі. Падчас праве­дзенай побач меліярацыі зменшыўся ўзровень і возера, і іншых вадаёмаў на 40 сантыметраў. Навукоўцы прапанавалі зменшыць і ачысціць сцёкі. Так і зрабілі, падняўся ўзровень і праблема знікае. А заолагі як варыянт прапаноўвалі завезці амура, драпежную рыбу, якая б з’ела усіх насельнікаў вадаёма, нават вугроў.

Нарач. Фота Agentika.

Нарач. Фота Agentika.

Сын марыць забяспечыць нашчадкаў энергіяй

Навука для нашага госця – гэта другая жонка. Яму пашчасціла, што Алена таксама ў гэтай сферы, працавала сакратаром-рэферэнтам у акадэміка, пасля лабарантам, навуковым супрацоўнікам. Бачыла, праз якія нервы давалася навука мужу, дапамагала друкаваць працы на машынцы, пасля на камп’ютары.

– Гэта цяпер у эксэлі можна закладаць гіганцкія масівы звестак, а тады ж усё на міліметроўцы. Я качаў тут гэтыя рулоны, спрабаваў вынікі даследавання ў сістэму ўвесці.

Сын Аляксандр скончыў хімфак, заняўся галіной вадароднай энергетыкі. Знайшоў  конкурс у дактарнатуру ў ЗША, Швейцарыі, Польшчы і Германіі. І бацькам не прызнаваўся, бо Алена казала дзецям, каб не ішлі па бацькавых слядах – бясконцыя экспедыцыі і празябанне. Здаў іспыт у Швейцырыі, затым паехаў у Нямеччыну. Прэтэндэнтаў было больш за сто, з іх на аўдыенцыю адабралі дзесяць., а прынялі двух, у тым ліку Алеся. У Рурскім універсітэце Бохума адвучыўся і абараніўся на англійскай мове. Вывучыў польскую і нямецкую.

Сын стаў доктарам-інжынерынгам у галіне вадароднай энергетыкі.

А спачатку меркаваў заняцца рэгенерацыяй тканак, каб можна было абыходзіцца без донарства. Але пасля яго зачапіў энергетычны крызіс.

Знайшоў задачу – забяспечыць чалавека энергіяй у будучым з вады. Шляхам фатолізу вылучыць вадарод, узяць яго энергію, пасля акісліць і такім чынам аднавіць ваду. Вось дзе вечная крыніца энергіі. Але пакуль яе перспектыву засланяюць вуглевадароднае і атамнае лобі, мяркуе навуковец.

Аляксандр вярнуўся ў Беларусь. Распрацаваў сайт на 10 моў, у тым ліку беларускай, які дапамагае навукоўцам шукаць інвестараў.

Дачцэ Лідзіі нашапталі яшчэ ў ліцэі, што добра разбіраецца ў людзях, пайшла на псіхолага ў БДУ. 16 чалавек на месца было. Скончыла выдатна і магістратуру, працуе ў школе.

Чаму не адмовіўся ад грамадскай дзейнасці

– Ну, не магу я, ну, што рабіць, калі мне баліць за гэта ўсё, проста смыліць. Толькі абачліва. А рашучыя крокі могуць загубіць усё. Найлепшы спосаб – беларускамоўная адукацыя на ўсіх узроўнях, ад дзіцячага садка да ўніверсітэта. Цяпер галоўнае – захаваць дзяржаўнасць. Атрымаецца адрадзіць беларускую (ліцвінскую!) Беларусь, я ўпэўнены.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце