weather 14° Маладзечна
weather 14° Вілейка
weather 18° Смаргонь
weather 14° Ашмяны
weather 16° Валожын
weather 14° Мядзел
weather 18° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4702
1 долар 2.0035
100 рас.руб. 3.2694
11.01.2018 11:36 , AЎТАР(Ы): Аксана ЯРАШОНАК

З’явілася відэарэклама ў гандлёвых цэнтрах, нарэшце адкрылі басейн: што прыносіў год Сабакі ў Маладзечна, Вілейку, Валожын, Мядзел

У 2006 РГ пісала пра гучнае забойства ў Маладзечне. Фота Аксаны Ярашонак.

Чым запомніліся гады Сабакі, пачынаючы ад 1946, для маладзечанцаў, віляйчан, мядзельчан і валожынцаў, чытайце ў нашай падборцы.

1946

У красавіку ў Маладзечне пачалі распрацоўваць новы генплан забудовы горада, заклалі парк Перамогі, увялі ў эксплуатацыю гарадскі стадыён.

Такім парк быў спачатку. Фота news.21.by.

Такім парк быў спачатку. Фота news.21.by.

5 ліпеня 1946 года дата ўтварэння Вілейскага раёна. У лістападзе ў Вілейцы на базе гарадскога аддзядення міліцыі стварылі гарадскі аддзел МУС. Вілейскі касцёл пачалі выкарыстоўваць як склад. Вернікам яго вярнулі ў 1990.

Адбыўся першы выпуск Валожынскай школы №1. Выпусцілі 14 дзесяцікласнікаў. На Валожыншчыне пачалі працаваць амбулаторыя, фельчарска-акушэрскія пункты, зубапратэзная майстэрня.

У раёне возера Нарач першая навуковая экспедыцыя знайшла мінеральныя крыніцы і лячэбныя гразі. На беразе Нарачы пабудавалі біялагічную станцыю БДУ, дзе да сённяшняга дня назіраюць за экалогіяй Нарачанскіх азёраў.

1958

У 1958 годзе ў Маладзечне на Цэнтральнай плошчы паставілі помнік Леніну. Аўтар помніка – скульптар Заір Азгур. На той час месца, вядома, называлася плошчай Леніна.

Адбыўся першы набор у маладзечанскае музычнае вучылішча. Сёння  гэта музычны каледж імя Агінскага. На той момант будынак месціўся амаль на ўскрайку горада.

Адкрываюць помнік Леніну. Фота news.21.by.

Адкрываюць помнік Леніну. Фота news.21.by.

Першыя турысты разбілі палатачны лагер на беразе возера Нарач.

У снежні стварылі Валожынскую будаўнічую міжкалгасную арганізацыю. Сёння гэта ПМК-188.

1970

У Маладзечне дзейнічала 13 устаноў культуры без бібліятэк. Клубы, летняя эстрада парку, кінатэатры – агульнай колькасцю на 4220 пасадачных месцаў.

Ад гэтага года ў Маладзечне пачалі адзначаць тысячных нованароджаных.

Валожынская раённая бібліятэка пераехала на новае месца – у цокальны паверх новага жылога дома па вуліцы Партызанскай.

1982

Мамарыял у парку. Фота DelaemVmeste.by.

Мамарыял у парку. Фота DelaemVmeste.by.

У гарадскім парку ў Маладзечне ўзвялі абеліск “Савецкім воінам і партызанам”, якія вызвалілі горад у 1944 годзе. Мемарыял вышынёй 25 метраў стварылі з бетону, бронзы, ракушачніку, граніту, медзі. Сёння мемарыял з-за двух бетонных абеліскаў неафіцыйна называюць “прышчэпкай”.

У Мядзеле пачалі ўзводзіць новы будынак музея народнай славы. Першая экспазіцыя прыняла наведнікаў праз тры гады.

1994

Ад 1994 года на базе тэатра ў Маладзечне праводзяць фестываль майстроў тэатральнага мастацтва “Маладзечанская сакавіца”.

У Вілейцы стварылі таварыства “Буддэталі”.

Каля будынка былой вілейскай турмы падчас будаўніцтва корпуса анкалагічнага дыспансера знайшлі шмат парэшткаў рэпрэсаваных. Правялі памятныя мерапрыемствы.

2006

У снежні 2006 па маршруце Чысць-Уша пачалі хадзіць маршрутныя таксі павышанай умяшчальнасці. Да гэтага часу мікрааўтобусы індывідуальных прадпрымальнікаў умяшчалі 14 пасажыраў. Ахвотных праехаць па маршруце было значна больш. Таму маладзечанскі аўтапарк №4 выдзеліў аўтобус ПАЗ з умяшчальнасцю 30 сядзячых месцаў.

Зімой у гандлёвых цэнтрах Маладзечна з’явілася відэарэклама. Маніторы, што паказваюць рэкламныя ролікі, устанавіў мясцовы прадпрымальнік Мікалай Кубіцкі.

Прадукты мясцовага мясакамбіната жыхары і госці горада змаглі купляць у першым фірменным магазіне прадпрыемства, які адкрыўся 4 лютага.

16 сакавіка, са спазненнем на два тыдні ад прызначанай даты, у Вілейцы адчынілі будынак басейна, які прастойваў 15 год.

23-25 сакавіка супрацоўнікі МНС узарвалі будынак былога інтэрната ПТВ-21. Ад сярэдзіны 1990-х ён быў непрыдатны для жыцця.

У маі ў Маладзечне ўпершыню правялі аперацыю па эндапратэзаванні тазасцегнавога сустава. Аперацыя доўжылася дзве гадзіны. Кіраваў аперацыяй галоўны траўматолаг Мінскай вобласці Аляксандр Маслаў. Аперацыя, якую рабілі жыхарцы Маладзечна, прайшла паспяхова.

Любанскія школьнікі ў вілейскім басейне. Фота schoolluban.edu.minskregion.by.

Любанскія школьнікі ў вілейскім басейне. Фота schoolluban.edu.minskregion.by.

Ля вёскі Снежкава ў Вілейцы адкрылі помнік гераічнаму экіпажу СУ-2 на месцы яго гібелі 24 чэрвеня 1941 года.

Каля 70 майстроў сабралася на абласным свяце-конкурсе “Гліняны звон”.

У вёсцы Красны Беражок на Вілейшчыне кінагрупа з Расіі здымала фільм “Ворагі”. Таму былі тут і ўзброеныя салдаты гітлераўскай арміі, і нацысцкі сцяг над адной з хат.

14 ліпеня на глыбіні прыкладна 120 сантыметраў з дапамогай металашукальніка ў Івянцы знайшлі звон. У 1944 годзе звон скінулі па загадзе акупацыйных уладаў і закапалі каля будынка.

У вёсцы Занарач на Мядзельшчыне адчынілі амбулаторыю, пабудаваную па нямецкіх тэхналогіях з экалагічна чыстых матэрыялаў.

10 лістапада адчынілі новы будынак Мінскага абласнога краязнаўчага музея ў Маладзечне. Тут, за кінатэатрам “Радзіма”, музей месціцца і сёння.

У лютым Маладзечна ўскалыхнула гучнае злачынства. Чатыры целы з перарэзанымі горламі ўбачылі супрацоўнікі міліцыі ў адным з блокаў гарадскіх інтэрнатаў. Невядомы забіў 32-гадовых мужа і жонку, 59-гадовага бацьку жанчыны і іх 53-гадовага знаёмага.

У Касуце адкрылі помнік аўтару першай украінскай Канстытуцыі Піліпу Орліку.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце